Да святыняў камянецкай зямлі

Да святыняў камянецкай зямлі

_DSC6359

Больш за сотню прыха-джан Свята-Пакроўскага храма г.Жабінка ажыццявілі паездку да святыняў камянецкай зямлі.
…Першы прыпынак жабінкаўскія паломнікі на чале са святаром Сергіем Петрусевічам зрабілі ля Свята-Сімяонаўскага храма Камянца. Сустракаў вернікаў святар Валерый Рагавы. Ён правёў у храм, які пабудаваны на ўзвышшы ў далёкім 1914 годзе. Асабліва ўразіў трох’ярусны разны дубовы іканастас, які быў зроблены ў 1912 годзе для бакавога прытвора сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве. У 1926 годзе сабор знішчылі, а іканастас набыла для камянецкай царквы жыхарка в.Пруска Фядосся Трайчук. Вернікі запалілі свечкі і разам са святарамі памаліліся перад абразом Божай Маці “Камянецкая руская” і іншымі. Цікава, што гэтую ікону ў 1268 годзе напісаў вядомы валынскі князь Уладзімір Васількавіч, копія яе і знаходзіцца зараз у Свята-Сімяонаўскім храме.
Пасля знаёмства з гісторыяй апошняга мы накіраваліся да помніка архітэктуры і дойлідства другой паловы ХІІІ стагоддзя — Камянецкай вежы, пабудаванай недзе ў 1276-1288 гадах. Кіраваў будаўніцтвам дойлід Алекса. Па словах гіда, запас трываласці сцен вежы — яшчэ мінімум на 700-1000 гадоў, чаго не скажаш пра сучасныя пабудовы… Самыя смелыя падняліся на дах і змаглі агледзець Камянец з вышыні птушынага палёту.
Далей маршрут пралёг праз невялікую вёсачку Ражкоўка: у гады Вялікай Айчыннай вайны па малітвах Божай Маці яна не падзяліла лёс Хатыні. У 1942-м акупанты прыгаварылі 57 ражкоўскіх сем’яў да расстрэлу за сувязь з партызанамі. Але дзякуючы заступніцтву Багародзіцы пакаранне было адменена. Яна з’явілася перад нямецкім лётчыкам, які ў той момант пралятаў над вёскай, паказала на людзей, што стаялі на ўскрайку ля вырытай ямы і сказала: “Забіваюць нявінных. Выратуй!”. Усхваляваны маёр Эміль Хэрбст (так яго звалі) паляцеў у штаб і дабіўся адмены прыгавору. Праз два тыдні ён прывёз у падарунак выратаваным ражкоўцам выразаны з дрэва абраз Дзевы Марыі — такой, якой ён убачыў яе ў небе. Неўзабаве ў вёсцы пабудавалі храм, што дзейнічае дагэтуль. А ў 2008 годзе іканапісцы Свята-Аляксандра-Неўскай лаўры напісалі, згодна з канонам Праваслаўнай Царквы, абраз Божай Маці “Ражкоўская”. Кожны паломнік меў магчымасць набыць яе абразок і памаліцца заступніцы.
Яшчэ адно незвычайнае месца для вернікаў — урочышча Грушка, побач з вёскай Бушкавічы. Настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма в.Вярховічы святар Алексій Кудласевіч расказаў, што ў 1899 або 1900 го-дзе на горцы пад грушай Божая Маці з’явілася маленькай дзяўчынцы. На святое месца пачалося паломніцтва вернікаў, а ў 1942 годзе мясцовыя жыхары пабудавалі тут каплічку, вакол грушкі стаяла звыш 200 крыжоў. У 1960 годзе капліцу зруйнавалі, крыжы і грушу знішчылі і спалілі. Аднак народ працягваў маліцца на месцы з’яўлення Багародзіцы, а на пні з’явіўся расток і вырасла новае дрэва. Праз 20 гадоў была праве-дзена чарговая “ліквідацыя”. Нягледзячы на старанні атэістаў, зноў на гэтым месцы вырасла дрэва. Цяпер тут пабудавана капліца ў гонар з’яўлення Божай Маці “Пад грушкай”. Жабінкаўскія паломнікі правялі тут
удзячны малебен.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: група паломнікаў у Камянцы.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Top