Прайсці па “Звонкай раніцы”

Прайсці па “Звонкай раніцы”

IMG_2497


Моладзь — таленавітая. У сённяшнім часе — гэта амаль аксіёма. Не, таленавітаю яна была заўсёды (па вызначэнні — бо за ёю маладосць, актыўнасць, смеласць), толькі магчымасцяў развіцца да “зорных вяршынь” у часы, напрыклад, маёй маладосці было значна менш. Цяпер розныя праекты ў голас клічуць “да Меладзэ”, “у ВІА Гру”, на дзіцячае “Еўрабачанне” ці, больш сціпла, — на “Звонкую раніцу”.
IMG_2783Такую назву носіць творчы конкурс у падтрымку юных вакалістаў, што ладзіцца ў Беларусі.
У пятніцу, 31 кастрычніка, каманда журы на чале з намеснікам галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” і стваральнікам юнацкага дадатку да яе “Раніца” У.У.Фалалеевым была ў Жабінцы. Уладзімір Уладзіміравіч — душа праекта, з ягонай лёгкай рукі і праз ягоны немалы клопат “Звонкая раніца” стартавала ўжо ў пяты раз.
Як патлумачыла дырэктар арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Ірына Дулевіч, кастынгі адбыліся ў у 12 райцэнтрах краіны, і прыпынак у Жабінцы стаў адным з апошніх на шляху творчай групы стваральнікаў і суддзяў “Звонкай раніцы”.
Адшукваліся юныя таленты (14-17 гадоў), здольныя стаць эстраднымі “зоркамі” праекта. Улічваліся вакальныя дадзеныя канкурсанта і, не ў малой ступені, узровень выканальніцкага майстэрства, сцэнічнасць, і (асабліва) здольнасць да навучання і прагрэс за час знаходжання на праекце.
Пра гэта гаварыў чалавек, што даўно і паспяхова знаецца з музычным мастацтвам, саліст народнага калектыву “Каларыт” і кіраўнік эстраднай студыі “Золак” (таксама “раннішняя” назва!) Валерый Няменьшы, якога запрасілі таксама паўдзельнічаць у рабоце журы. Дарэчы, многім удзельнікам, каб пераадолець “планку” кастынгу перашкаджала менавіта “майстэрства” (наколькі гэтае слова пасуе ў дачыненні да маладых спевакоў), бо спробы імітаваць (часам даволі паспяхова) выкананне прызнаных майстроў эстрады станавілася для іх мінусам, а не плюсам. Аўтарам праекта патрабаваліся менавіта тыя, хто ў стане развіваць свой талент, пакуль яшчэ недасканалы.
У той апошні кастрычніцкі дзень у ГДК было людна і песенна. Акрамя тутэйшых, на кастынг завіталі канкурсанты з Маларыты і Бярозы, Камянца і Высокага, Кобрына і Пружан. Усяго — каля 40 удзельнікаў. Хоць журы мела намер адабраць для фінальнага этапу дзесяць выканаўцаў, але спынілася (пакуль) на лічбе пяць. Яшчэ пяцёра, як патлумачыў кіраўнік журы, магчыма, будуць адабраныя пасля прагляду відэазапісаў, што рабіліся ў час музычнага спаборніцтва.
Для жабінкаўцаў — прыемная навіна: у той пяцёрцы, што ўжо трапіла ў фінал, двое нашых землякоў. З прыемнасцю называем іх імёны: дзесяцікласнік трэцяй гарадской школы Герман Смаршчок і Аляксандра Мартынчук з ліцэя. (Дадамо, што свой поспех юныя таленты падзяляюць з педагогамі: Герман займаецца спевамі ў клубе цукровага завода пад началам Галіны Міцковіч, Сашы дапамагае развіваць песенныя здольнасці кіраўнік студыі пры раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Вікторыя Міцковіч).
Чаго чакаць далей? Вядома — фінальнага тура, што будзе праводзіцца ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Гэта адбудзецца ў пачатку 2015-га, які абвешчаны ў Беларусі Годам моладзі, і стане надзвычай спрыяльным для развіцця юных та-лентаў.
Пажадаем нашым маладым выканаўцам ісці годна да поспеху ў “Звонкай раніцы”!
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: удзельнікі “Звонкай раніцы” — другая злева Аляксандра
Мартынчук; унізе Герман Смаршчок.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top