Да справы ставіцца адказна

Да справы ставіцца адказна

_DSC5828Працоўны дзень Наталлі Віктараўны Кулецкай з ААТ “Жабінкаўскі” пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы і заканчваецца позна вечарам. Яе работа пазбаўлена рамантыкі, і кожны працоўны будзень падобны на папярэдні, як дзве кроплі вады.
“Што зробіш, працаваць на ферме — не пад гармонік спяваць, — робіць вывад Наталля Кулецкая. — Нехта сее, нехта хлеб пячэ, а я цялятак кармлю, — і з цеплынёй у голасе дадае — іх у мяне 68.
Яны трапляюць да Наталлі Віктараўны ў трохтыднёвым узросце, калі ўмеюць піць малако і ваду з паілкі, без соскі. Першы час цяляты атрымліваюць яшчэ малако, а потым іх “меню” значна пашыраецца: у кармушках з’яўляецца сена, сіласная маса, камбікармы. Як і ўсе малыя, спачатку выядаюць смачнейшае, потым падбіраюць астатняе.
— Самае галоўнае, — лічыць Наталля Віктараўна, — каб жывёла была своечасова накормлена, напоена, падаслана. На нашай ферме “Якаўчыцы” створаны выдатныя ўмовы як для работнікаў, так і для маладняку. Заўжды ёсць гарачая вада ў бойлеры, таму вычысціць з мыючымі сродкамі кармушкі зусім не праблема.
Стараецца цялятніца не дапускаць выпадкаў захваральнасці сваіх гадаванцаў. Калі ж такое адбываецца, адразу бярэ на ўзбраенне народныя сродкі. Напрыклад, калі цялятка аб’елася і пакутуе на страўнік, заварвае зёлкі, поіць лекавым адварам. У больш сур’ёзных выпадках за справу бярэцца ветурач гаспадаркі. Для здароўя будучых рагуль неабходны рэгулярныя прагулкі на свежым паветры ў сухіх майданах. А пакуль жывёла прымае сонечныя ванны і нагульвае апетыт, цялятніца паспявае раскідаць салому на падсціл у стойлах.
Наталля Віктараўна прывыкла выконваць сваю справу адказна. А гадаванцы адчуваюць яе клопат і добра папраўляюцца. 1118 грамаў сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе — гэта найлепшы паказчык у раёне, і трэці ў вобласці. Як прызналася Н.В.Кулецкая, працуе на вынік. Ёй самой прыемна назіраць, як растуць і набіраюць вагу ладныя, здаровыя цяляткі з добрым апетытам.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Н.В.Кулецкая.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top