Што карысна для зубоў?

Што карысна для зубоў?

0c260eff9dc0cd09f8d4aea24ee4a193Каб захаваць рот і зубы здаровымі, трэба не толькі гігіена поласці, а і рацыянальнае харчаванне. Ежа не толькі харчуе арганізм, але і бактэрыі, якія жывуць у ім. Таму рацыён трэба складваць так, каб бактэрыям у роце яе дасталося найменш. Для свайго росту і размнажэння яны выкарыстоўваюць цукар. Чым больш салодкай і насычанай крухмалам яды мы ўжываем, тым хутчэй утвараецца зубны налёт. Самы даступны для бактэрый рафініраваны цукар, які ўтрымліваюць кандытарскія вырабы.
Наўрад ці знойдзецца чалавек, які поўнасцю адмовіўся ад саладосцяў. Дык вось: іх можна замяніць прадуктамі, у якіх цукар утрымліваецца ў нерафініраваным выглядзе — напрыклад, сухафруктамі.
Людзям, якія клапоцяцца аб здароўі зубоў, неабходна пазбаўляцца звычкі перакусваць. Эмаль можа ўзнаўляцца толькі ў перапынках паміж ежай.
Некаторыя прадукты ўтрымліваюць кіслату, якая яе разбурае. Самыя небяспечныя газіраваныя напоі, якія цяпер так папулярныя, асабліва ў дзяцей. Яны ўтрымліваюць многа кіслаты pH 2,5-3 і ў людзей, якія часта іх п’юць, развіваецца някарыеснае разбурэнне паверхні зуба. Да такога ж эфекту могуць прывесці кіслыя фруктовыя сокі, ды й цытрусавымі нельга злоўжываць. Канечне, можна з’есці апельсін, антонаўку, жменю вішняў ці выпіць чай з лімонам, але пасля ежы абавязкова трэба прапаласкаць рот.
Для эмалі зубоў вельмі шкодная халодная ці гарачая ежа, асабліва рэзкая змена тэмператур (гарачая кава з марожаным ці халоднай вадой). Ад гэтага на эмалі ўтвараюцца мікратрэшчыны.
Лепшыя сябры зубоў — гэта фтор і кальцый. Найбольш кальцыю ў рыбе, грэцкіх арэхах і міндалі, фасолі і соі, разынках, куразе і іншых сухафруктах, зялёнай гародніне (капуста, кроп, пятрушка). Да таго ж кроп валодае антыбактэрыяльнымі свойствамі: дэзынфікуе поласць рота і асвяжае дыханне. Самая вядомая крыніца кальцыю — малочныя прадукты, але не ўсе яны добрыя для зубоў. Ад салодкіх малочных кактэйляў і марожанага шкоды больш, чым карысці. Па-першае, яны ўтрымліваюць цукар, які шкодзіць зубам; па-другое, цукар, як і соль, перашкаджаюць засваенню кальцыю. Самы карысны з малочных прадуктаў — сыр, асабліва цвёрдыя гатункі. Ён багаты казеінам і фасфатам, якія ўзнаўляюць зубную эмаль. Жаванне яго не стымулюе ўтварэнне кіслаты. Так што сыр дзейнічае як вельмі добры антыкарыёзны прэпарат.
Крыніцамі фтору з’яўляюцца: вараная бульба, грэчка, марская рыба, зялёная салата, хлеб з мукі грубага памолу і свежазавараны чай.
Зубам таксама патрэбны вітаміны і мікраэлементы. Недахоп жалеза і вітаміну В12 могуць выклікаць патанчэнне слізістай, што прыводзіць да з’яўлення язваў і запалення языка. Крыніца жалеза і гэтага вітаміну — мяса. Вітамін С, якім багаты лімоны і яблыкі, чорныя парэчкі і квашаная капуста, стымулююць абменныя працэсы. Недахоп яго — усім вядомая цынга, пры якой кроваточаць дзёсны і выпадаюць зубы. Для падтрымання добрага стану іх таксама карысныя вітаміны А і Е.
Памятайце, што зубам патрэбна нагрузка.
Грубая ежа падтрымлівае здароўе дзёснаў і звязак, якія змацоўваюць у іх зубы і стымулююць нармальнае кровазабеспячэнне. Канечне, жылістае мяса стварае жавальную нагрузку, але намнога карысней агародніна і фрукты, такія, як рэдзька ці морква. Іх цвёрдыя валокны ачышчаюць зубы і масіруюць дзёсны не горш зубной шчоткі.
Але, як ні карысная морква, зубы, усё-такі трэба чысціць — шчоткай і зубной пастай.
Таццяна ЛІХУТА, зубны ўрач УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top