Паспець усё, паспець усюды

Паспець усё, паспець усюды

_DSC41741Шматдзетную дружную сям’ю Неваднічыкаў са Старога Сяла ведаюць не толькі аднавяскоўцы, але і многія на Жабінкаўшчыне. Чытачы “Сельскай праўды” памятаюць яе па майскай публікацыі “Лепшая шматдзетная сям’я”. Пётр Апанасавіч і Алена Мікалаеўна выхоўваюць сямёра дзяцей, кожны з якіх вызначаецца пэўным талентам. Ліцэістка Наташа, напрыклад, піша вершы, меншыя Таццяна, Мікалай, Дзмітрый і Ніна вучацца ў Старасельскай базавай школе, займаюцца ў гуртках, пастаянна ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах. Старэйшая Святлана замужам, мае сваю сям’ю.
19-гадовы Віця Неваднічык — другое па ліку дзіця ў сям’і і самы старэйшы з хлопчыкаў. Менавіта ён — герой маёй нататкі.
Сёлетні год для хлопца вельмі ўдалы. У час уборачнай кампаніі Віктар працаваў памочнікам камбайнера Васіля Фёдаравіча Дзенісовіча ў ААТ “Белавежскі” Камянецкага раёна. За дасягнутыя поспехі на жніве — ІІ месца сярод экіпажаў камбайнераў-навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — Віктар Неваднічык быў узнагароджаны Граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і Дыпломам ІІ ступені за подпісам начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчука. Грамату аблвыканкама юнак атрымаў з рук яго старшыні Канстанціна Сумара, чым вельмі ганарыцца.
А Віцем у сваю чаргу ганарыцца ўся сям’я. У складзе дэлегацыі Камянецкага раёна хлопец пабываў на абласных “Дажынках-2014” у Пінску. Прыехаў уражаны, задаволены, з думкай у наступным годзе ўзняцца на першую прыступку п’едэстала.
Мары марамі, а калі сустракалася з Віктарам Неваднічыкам, ён праходзіў практыку ў ААТ “Ракітніца” Жабінкаўскага раёна. З любой тэхнікай юнак на ты, таму што вучыцца ў Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійна-тэхнічным тэхнікуме. За плячыма — дзевяць класаў Старасельскай базавай школы і тры гады Высокаўскага каледжа. Тэхнікумаўскія вучэбныя дасягненні ў Віці лепшыя, чым школьныя. У дзевяцігодцы патрабавалася ахапіць неахопнае, а тут вузкая спецыялізацыя “тэхнік-механік” і адпаведныя дысцыпліны, да якіх юнак праяўляе большы інтарэс, чым да мовы і літаратуры.
— Цікавасць да тэхнікі ў Віці з дзяцінства, — дзеліцца яго бацька Пётр Апанасавіч. — Пастаянна ўсё раскручваў-закручваў, збіраў-разбіраў. Вось і зараз, пакуль дома, прыходзіць з практыкі і адразу пад машыну: рамантуе нашы “Жыгулі”.
Віктар водзіць не толькі аўтамабіль, але і матацыкл “Іж Планета-5”. Мае правы і на грузавы транспарт. Але і гэта яшчэ не ўсе ўменні і дасягненні юнака. Пад час размовы выяўляецца, што любімым прадметам у школе ў Віці была фізічная культура, ён не першы год займаецца валейболам і прымае ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню.
— Я ганаруся сваім братам, — кажа малодшы Мікалай. — Калі Віця паставіў перад сабой мэту, заўсёды яе дасягае. Ён адказны, актыўны, любіць спорт. Да братавага паступлення ў тэхнікум мы дзялілі адзін пакой на дваіх, ён дапамагаў мне з урокамі. Ды і зараз не адмаўляе, калі дахаты на выхадныя прыязджае.
Пётр Апанасавіч дадае, што Віця да любой работы здатны,  а ў вольны час любіць вудзіць рыбу.
“Паспець усё, паспець усюды” — з такім дэвізам ідзе па жыцці Віктар Неваднічык.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: і лепшы “жнец”, і ў валейбол гулец Віктар Неваднічык.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top