“Мы ўсе — вашы выбаршчыкі…”

“Мы ўсе — вашы выбаршчыкі…”

001433_853959Значнае месца ў працы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.І.Пузырэўскага займае разгляд зваротаў грамадзян. Апошняя ў часе сустрэча з жабінкаўцамі адбылася 23 кастрычніка.
На прыём да Уладзіміра Іванавіча выстраілася велізарная чарга. Пад час сустрэчы, якая доўжылася дзве з паловай гадзіны, жабінкаўцы ўзнімалі галоўным чынам сацыяльна-эканамічныя праблемы. Дэпутат вышэйшага заканадаўчага органа краіны аднолькава ўважліва выслухоўваў людскія пытанні і прапановы. Аднак паколькі У.І.Пузырэўскі лічыць, што пачынаць вырашэнне любых праблем, якія хвалююць грамадзян, патрэбна непасрэдна на месцах, ён цікавіўся, ці ўзнімаліся яны раней наведвальнікамі перад прадстаўнікамі сельскага, раённага і абласнога Саветаў.
Першым у кабінет запрасілі жыхара Жабінкі, які на прыёме ў дэпутата бываў не аднойчы. За гэты час сабраўся вялікі стос дакументаў па зваротах гэтага грамадзяніна ў розныя інстанцыі. Той нязгодны з мяжой свайго ўчастка і суседскага. На гэты раз жабінкавец прыйшоў на прыём да У.І.Пузырэўскага, каб падзякаваць дэпутату за дадзены раней адказ, аднак, спрабаваў весці размову па пытанні, па якім перапіска са спадаром была скончана. Пажылы чалавек паскардзіўся на антысанітарны стан мяжы свайго і суседскага ўчасткаў з боку суседкі, спаслаўся, што неаднойчы звяртаўся ў камунальную і санітарна-эпідэміялагічную службы, якія не прынялі адпаведных мер.
У.І.Пузырэўскі паабяцаў, што тэрыторыі ўчасткаў будуць камісійна абследаваны згодна з заявай наведвальніка.
Па пытаннях камунальнай гаспадаркі на прыём да дэпутата прыйшлі жыхары кватэр №№1, 3, 5, 7, 9 дома №8, што месціцца на вуліцы Каштанавая ў Жабінцы. Яны неаднаразова вусна і пісьмова звярталіся ў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” з просьбай правесці цеплавую рэабілітацыю знадворных сцен і вуглоў іх кватэр. Праблема існуе з 2009 года, калі ў чарзе на цеплавую рэабілітацыю гэты дом стаяў першым, зараз чамусьці апынуўся на 62-м месцы.
У доме №8 65 кватэр. У 2013 годзе 22 яго жыхары прадаставілі матэрыялы для ўцяплення сцен і іх частку дома ЖКГ уцяпліла. На той момант жыльцы кватэр №№1, 3, 5, 7, 9 будаўнічыя матэрыялы не давалі. На сённяшні дзень грамадзяне закупілі ўсе неабходныя для ўцяплення сцен матэрыялы і просяць камунальную гаспадарку ажыццявіць цеплавую рэабілітацыю.
Дом №8 на вуліцы Каштанавая пабудаваны ў 1993 годзе для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. У.І.Пузырэўскі адзначыў, што згодна з законам капітальны рамонт дома прадугледжваецца не раней, чым праз 30 гадоў пасля здачы ў эксплуатацыю. Гэты тэрмін не выйшаў, таму, нягледзячы на тое, што дом адносіцца да праблемных, на стопрацэнтнае бюджэтнае фінансаванне рамонтных і іншых работ яго жыхарам разлічваць не прыходзіцца.
Акрамя таго, у калектыўным звароце жыхары восьмага дома з вуліцы Каштанавая паднялі пытанне добраўпарадкавання іх прыдамавой тэрыторыі, дзе няма ні аўтастаянкі, ні дзіцячай пляцоўкі. Народны абраннік У.І.Пузырэўскі паабяцаў наведвальнікам выехаць на месца са старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама і паводле ўбачанага прымаць далейшыя рашэнні.
“Мы ўсе — вашы выбаршчыкі, на вас адна надзея…” Такімі словамі пачалі свой калектыўны зварот да дэпутата вышэйшага заканадаўчага органа краіны наступныя 10 наведвальнікаў, якія прыехалі з вёскі Рачкі Жабінкаўскага раёна. Іх прывяла праблема газіфікацыі вёскі. Усе населеныя пункты, якія знаходзяцца побач, газіфікаваны. Самы бліжэйшы з іх — вёска Збірагі, да якой ад Рачак крыху больш за кіламетр. Жыхары суседніх садовых таварыстваў “Воднік” і “Дынама” рыхтуюць неабходныя дакументы і ў наступным годзе плануюць правесці газ да сваіх домікаў. Рачкаўцы згодныя ўступіць у долевы ўдзел з бліжэйшым таварыствам. Яны звярталіся ў райвыканкам з пытаннем газіфікацыі вёскі. Аднак атрымалі адказ, што ў бліжэйшыя гады яна не плануецца.
Жыхары Рачак адзначылі, што яны гатовыя часткова фінансаваць работы па падвядзенні газаправода да вёскі.
У.І.Пузырэўскі паабяцаў разгледзець гэтую праблему, зрабіць даручэнне райвыканкаму і начальніку УП “Брэстаблгаз”. Дэпутат папярэдзіў, што адказ жыхарам вёскі Рачкі будзе дадзены ў два этапы. На першым пасля вывучэння сітуацыі вышэйназванымі інстанцыямі і падліку кошту работ па падвядзенні газаправода да вёскі заяўнікам назавуць сумы. На другім — жыхарам вёскі трэба правесці агульны сход з мясцовым Саветам або райвыканкамам і вырашыць, ці згодныя яны з гэтымі сумамі.
Наступны жабінкавец звярнуўся да дэпутата па пытанні няправільнага мытнага афармлення аўтамабіля яго сынам. У.І.Пузырэўскі пацікавіўся, ці мае наведвальнік натарыяльна заверанае даручэнне ад імя сына, каб прадстаўляць яго інтарэсы ў розных інстанцыях. Паколькі ў наведвальніка дакумента пры сабе не было, яму былі дадзены рэкамендацыі сабраць усе неабходныя паперы для поўнага разгляду звароту.
Трое грамадзян, якія запісваліся на прыём да дэпутата, па невядомых прычынах не прыйшлі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top