За перамогай — новыя вышыні

За перамогай — новыя вышыні

IMG_2654Смак перамогі вельмі прыемны. Адчуўшы яго аднойчы, хочацца імкнуцца да новых вышыняў і дасягненняў.
Пазалетась Уладзімір Фёдаравіч Савінкін, трактарыст-машыніст ААТ “Ракітніца”, заняў першае месца сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў у раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы травяных кармоў, летась стаў першым у абласным. Сёлетняя нарыхтоўчая кампанія зноў прынесла аналагічную перамогу вопытнаму механізатару. На сваёй старэнькай “Еве” (кормаўборачны камбайн Е-281), як яе называе гаспадар, Уладзімір Савінкін нарыхтаваў 24352 тоны травяных кармоў на ўмоўны камбайн і выйшаў у лідары на Брэстчыне.
Пры сустрэчы з Уладзімірам Фёдаравічам напярэдадні яго прафесійнага свята заўважыла, што ён чалавек сціплы, рамантычны і ў той жа час мэтанакіраваны. У час сёлетняй уборачнай кампаніі паставіў перад сабой задачу “не паніжаць планку” — і паспяхова яе выканаў.
— Мне падабаецца мая праца, адчуваю ад яе задавальненне. Акрамя таго, яна дае магчымасць прыносіць грошы ў сям’ю, каб ні жонка, ні дзеці ні чым не былі абдзеленыя, — кажа Уладзімір Савінкін.
Ён ведае, аб чым гаворыць, таму што вырас у шматдзетнай сям’і, у якой быў восьмым дзіцём, самым малодшым. Маці Аўгуста Аляксееўна выхоўвала дзяцей, бацька Фёдар Фёдаравіч быў асноўным “здабытчыкам”. Ён працаваў трактарыстам, вельмі любіў тэхніку (змайстраваць, адрамантаваць што-небудзь для яго не было праблемай) і прывіў любоў да яе ў сыноў. У прафесіі Уладзімір пайшоў бацькавым шляхам.
Зараз сам — галава шматдзетнай сям’і. Яны з жонкай Аксанай заўсёды марылі, каб дзяцей ім Бог паслаў многа. Іх у Савінкіных трое. Старэйшы Мікалай таксама, як і бацька, працуе трактарыстам у ААТ “Ракітніца” — прадаўжае сямейную дынастыю. Дачка Таццяна вучыцца ў 6 класе Ракітніцкай сярэдняй школы, малодшы Дзяніс — у другім.
— Вельмі часта чую, што жаночае шчасце ў дзецях.  Аднак, і большасці мужчын яны дораць адчуванне шчасця, — кажа Уладзімір Фёдаравіч. — Я, напрык-
лад, вечарамі спяшаюся дахаты, ведаючы, што мяне чакае вялікая дружная сям’я. З задавальненнем праводжу вольны час, якога не так многа і таму ён такі каштоўны, з дзецьмі. Многія знаёмыя мужчыны скардзяцца: “Я і не заўважыў, як малыя выраслі”. Быццам забываюць, што галоўнае — цікавіцца дзіцячымі інтарэсамі, быць побач і не прапусціць ні адзін важны момант іх сталення.
З цеплынёй Уладзімір Фёдаравіч расказвае пра сваю маці. Ад яе сыну дасталася працаві-тасць, цягавітасць, а яшчэ — уменне радавацца жыццю нават у дробязях. Родам Уладзімір Савінкін з Чалябінскай вобласці Расійскай Федэрацыі і з захапленнем распавядае пра ўральскія і алтайскія горы, чалябінскія зі-
мы — снежныя і марозныя.
— Тут, у Беларусі, такіх няма, — параўноўвае Уладзімір Фёдаравіч. — Летась і ўвогуле зімы не было: нейкія два тыдні “палохаў” мароз і ляжаў снег. На лыжах і пакатацца не было калі.
У дзяцінстве Уладзімір любіў пракладваць лыжню ў заснежаным лесе, гуляць у хакей на рэчцы. Цяпер сынам і дачцэ прывівае любоў да гэтых відаў спорту.
Як вядома, для кожнай прафесіі патрэбны трывалыя веды. Дзеля гэтага Уладзімір Савінкін яшчэ на гістарычнай радзіме скончыў сельскагаспадарчае вучылішча. У Чалябінскай вобласці — пачатак яго працоўнага шляху.
У 2001 годзе сям’я Савінкіных пераехала ў Беларусь, на малую радзіму жонкі, дзе Уладзімір уладкаваўся на працу ў ААТ “Ракітніца”. У розныя гады трактарыст перасаджваўся з “Кіраўца” на “МТЗ”, з “МТЗ” — на зернеўборачны камбайн. Але найбольш “зрадніўся” з кормаўборачным, праца на якім прыносіць яму задавальненне, грошы і… славу.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: трактарыст-машыніст ААТ “Ракітніца” У.Ф.Савінкін.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top