Маладосць спрыяе поспеху

Маладосць спрыяе поспеху

_DSC5974Ініцыятыўны, мэтанакіраваны, захоплены справай галоўны ветурач ААТ “Жабінкаўскі” Аляксандр Яўгенавіч Кучынскі. Прыемная навіна прыйшла напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскагаспадарчай галіны: ён заняў другое месца сярод калег-ветурачоў Брэстчыны ў адной з намінацый абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.  Што паспрыяла поспеху? Аб гэтым — гутарка карэспандэнта.
— Аляксандр Яўгенавіч, хто паўплываў на выбар вашай прафесіі?
— Многія мае родныя працуюць ветурачамі. Мой дзядзька Антон лечыць жывёл у лячэбніцы ў Расіі, Міхаіл працуе ў навукова-даследчым інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.Вы-шалесскага ў Мінску, стрыечны брат Ігар таксама ветурач. У дзявятым класе вырашыў працягнуць дынастыю і падаў дакументы ў Пінскі сельскагаспадарчы каледж. Усё атрымалася. Вучыцца было лёгка, цікава, і таму адзнакі былі толькі выдатныя. У 2006 годзе атрымаў дыплом з адзнакай, вырашыў удасканальвацца далей — паступіў у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Займеў спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача і там жа паралельна — спецыяліста кіравання прадпрыемствамі і падраздзяленнямі ў АПК.
— Падзяліцеся вашымі дасягненнямі пад час вучобы?
— Вучыцца ў ВНУ падабалася, асабліва “паважаў” дакладныя навукі. Займаўся многім: гуляў у КВЗ, быў вядучым святаў і канцэртаў, спяваў у хоры, перачытаў у бібліятэцы ўсю “фантастыку”.
Мяне нават выганялі адтуль супрацоўнікі, маўляў, кніг новых няма. Зараз успамінаю студэнцкія гады з мінорнай ноткай — усе мае захапленні засталіся ў мінулым. Праца ад цямна да цямна, абед на колах.
— Асноўнае правіла, якога вы прытрымліваецеся па жыцці?
— Адзінае правіла — зрабі патрэбнае сам, калі не сёння, то заўтра, бо за цябе гэтага ніхто не зробіць. А яшчэ ўсё сказанае, паводле парады аднаго мудраца, падвяргаю сумненню.
— Самае галоўнае, чаму навучыліся ў дзяцінстве?
— Яно ў мяне было звычайнае. Хадзіў у садзік, потым у школу ў пасёлку Ленінскі. Адзінае, у першым класе я бегла чытаў, і пакуль мае сябрукі складвалі літару да літары, назаляў бібліятэкарцы, прасіў кніжкі. А навучыла чытаць старэйшая на год сястра Юля (яна зараз працуе бухгалтарам у Мінску). Так любоў да чытання і засталася. Дзякуючы гэтаму, лёгка запамінаў новае, навучыўся мець зносіны з людзьмі, падтрымліваць гутарку на любыя тэмы.
— Не расчараваліся ў выбары прафесіі?
— Работа галоўнага ветурача вельмі складаная, даводзіцца шмат працаваць як з дакументацыяй у кабінеце, так і з жывёлай на фермах. Расчароўваўся не аднойчы, калі паднімаўся ў 5 раніцы і вяртаўся дадому апоўначы. А потым увайшло ў звычку. Спачатку згодна з размеркаваннем працаваў у СВК “Рага-знянскі”, а два гады таму пераведзены ўзначальваць ветэрынарную службу адкрытага акцыянернага таварыства “Жабінкаўскі”. Немалаважна тое, што нас, маладых спецыялістаў, падтрымлівае дырэктар гаспадаркі Аляксандр Серафімавіч Тарасевіч, дапамагае ў вырашэнні многіх праблем.
— Што ўваходзіць у вашыя абавязкі?
— Непасрэдна — лячэнне жывёлы, прафілактыка захворванняў (даследаванні, вакцынацыя), сачу за санітарным станам ферм. Асабіста я абслугоўваю чатыры фермы: “Пшанаі”, “Сцяброва”, комплекс “Рачкі”, МТФ “Навасады” — а гэта звыш 2500 галоў буйной рагатай жывёлы, што перавышае нарматыўную нагрузку больш чым у 3,5 раза. У маім падпарадкаванні яшчэ двое ветурачоў — Ларыса Касцюкова і Аксана Нябогава. Дзяўчаты старанныя, адукаваныя, выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Аднак на такую гаспадарку, дзе фермы раскіданы на 40 кіламетраў, ветэрынараў вельмі не хапае.
— Аляксандр Яўгенавіч, два гады вы ў “Жабінкаўскім”. Успомніце, калі ласка, уражанні ад першых месяцаў работы і параўнайце з днём сённяшнім.
— Не ўсё было так гладка, як хацелася. Захаванасць скаціны складала 69%. (Цяпер гэты паказчык — 90%). Пачалі з элементарнага навядзення санітарнага парадку, пераймалі вопыт іншых гаспадарак у арганізацыі і правядзенні ацёлаў, захаванні нова-народжаных цялят. Напрыклад, калі пабывалі ў жывёлаводаў “МОТАЛЬ-АГРА” Іванаўскага раёна, падхапілі ідэю выпойваць малозіва праз зонд, а не соску, а лішкі яго марозіць. Малозіва навучыліся таксама квасіць — а яно, як вядома, актыватар імуннай сістэмы цяляці.
Пабудавалі радзільнае аддзяленне на ферме “Курпічы”, арганізавалі асобныя боксы для прыняцця маладняку. Плюс да ўсяго палепшылася кармавая база. Сена, сянаж, сілас высокай якасці, таму хвароб на печань у жывёлы няма. Хапае кармоў і сабе, і суседзям прадаем. Рэканструяваны многія жывёлагадоўчыя памяшканні, а значыць умовы ўтрымання палепшыліся: няма скучанасці статка, вядзецца камп’ютарны ўлік. Жывёлагадоўля для нас — асноўная крыніца даходаў. Атрымліваем грошы не толькі за тлустае малако. Прадаем і цялушак. Дарэчы, калі раней пакрывалі пяршачак у 22-23 месяцы, то цяпер — у 14-17, бо, дзякуючы збалансаванаму і якаснаму корму, маладняк хутка набірае вагу. І калі яшчэ некалькі гадоў таму сутачныя прыбаўленні ў вазе ў 550-600 грамаў былі марай, дык сёння амаль кілаграмовыя прыбаўленні — гэта ўжо норма. А ў цялятніцы Наталлі Віктараўны Кулецкай гэты паказчык наогул 1118 грамаў!
— Які фактар, на ваш погляд, адыграў галоўную ролю ў поспехах?
— Проста адбыўся пераломны момант, і ў гэтым заслуга ўсяго калектыву. На мой погляд, самы галоўны фактар, які ўсё змяніў, як бы банальна гэта ні гучала, — заробак. Распрацаваная сістэма аплаты дазволіла стымуляваць работнікаў на добрасумленную працу, яны зацікаўлены ў канчатковым выніку. Мінімальная лічба ў разліковым лістку заўжды будзе. А калі, скажам, тое ж цялятка нарадзілася і выжыла — заробак павялічыцца ў разы, таму дбайныя цялятніцы і атрымліваюць свае 8-9 мільёнаў, а Вольга Міхайлаўна Смеракоўская, у якой захаванасць нованароджаных 99%, наогул атрымала за верасень звыш 13 мільёнаў рублёў.
— Сучасная тэхніка, аўтаматыка, камп’ютары. Як людзі ставяцца да новага і як асвойваюць?
— Калі я расказваю чалавеку, далёкаму ад жывёлагадоўлі, што на фермах стаяць камп’ютары, ён не заўжды разумее: навошта высокія тэхналогіі там патрэбны. Тыя ж самыя крокамеры ў Курпічах даюць многа інфармацыі аб стане жывёлы. У камп’ютары бачым усю раскладку статка: выяўляем кароў, якіх неабходна пакрываць, прыкметы захворванняў, пагрозы выкідышаў; пад час даення атрымліваем аператыўны аналіз пра склад малака — яго саматыку, электраправоднасць, утрыманне тлушчу, бялку і інш. Такіх даільных залаў, як у нашых Курпічах, усяго 2 у вобласці. Камп’ютарнае кіраванне статкам — даволі новы накірунак дзейнасці, аднак гэтага патрабуюць рэаліі жыцця.
— А як наконт таго, каб на фермах працавалі робаты?
— Асабіста ў мяне неадназначнае стаўленне да робатызаваных устройстваў. Яны вельмі дарагія і не заўжды эканамічна апраўданыя. Робат не можа на 100% замяніць чалавека — своечасова выявіць хворых жывёл, прагледзець стан малочных залоз, сакрэту і інш., бо ён працуе па зададзенай праграме. Так, у Віцебскай і Мінскай абласцях падобныя фермы існуюць, аднак мы пакуль не будзем пераймаць іх ноу-хау.
— Аляксандр Яўгенавіч, ведаю, што ў гаспадарцы ў вас ёсць надзейны памочнік і сябра…
— Так, працоўны тандэм склаўся з Яўгенам Аляксандравічам Кароткім, кемлівым і добрасумленным галоўным заатэхнікам, які прыйшоў сюды з Кобрынскага раёна. З першых дзён мы практычна заўжды разам, садзіліся ў адну машыну і аб’язджалі фермы, вырашалі агульныя пытанні. У нас няма саперніцтва. Яго задача — забяспечыць статак якаснымі кармамі, сачыць за ўтрыманнем, забяспечыць неабходным інвентаром людзей. А мая — прафілактыка і непасрэдна лячэнне. Ну, а сумесная работа — як мага менш хворых жывёл. Нам, як маладым спецыялістам, далі жыллё:  Яўгену “прэзідэнцкі” домік у Курпічах, мне — у вёсцы Сцяброва, а таксама службовыя аўтамабілі.
— Аляксандр Яўгенавіч, з вашым прыходам у гаспа-дарку многае змянілася ў лепшы бок. Што б вам яшчэ хацелася ўвесці новага?
— Вельмі хочацца мець станцыю замарожвання і размарожвання малозіва (пакуль яго захоўваем у бутэльках і пры неабходнасці адаграваем на вадзяной лазні), малочнае таксі для кармлення цялят. Лічу неабходным увесці камп’ютарызаваны кантроль кармлення маладняку. На ферме “Курпічы” атрымліваем па 22,9 кілаграма малака ў дзень ад каровы. Да такога паказчыка трэба “падцягнуць” і астатнія малочнатаварныя фермы. А гэта работа ні аднаго дня.
— Што ж, дзякуй за гутарку і поспехаў вам.

Сябры і калегі галоўны ветурач Аляксандр Яўгенавіч Кучынскі і галоўны заатэхнік Яўген Аляксандравіч Кароткі.

Гутарыла Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top