Курпичи приобретают новые черты

Курпичи приобретают новые черты

Курпічы: крокі новага жыцця
Курпічы, што месцяцца побач з райцэнтрам, набываюць новыя рысы.
Ужо з трасы на Камянец бачна аднаўленне старажытнага паселішча, заснаванага яшчэ ў XVII стагоддзі (першая пісьмовая згадка пра яго адносіцца да 1680 года).
Пятнаццаць панельных прыгожых дамоў-катэджаў, накрытых чырвоным шыферам, выцягнуліся шнурком, утвараючы новую прывабную вясковую вуліцу. Дамы прызначаюцца для працаўнікоў саўгаса “Жабінкаўскі”. У гаспадарцы даўно ўсвядомілі: будаўніцтва жылля — вырашальны стымул, каб людзі, асабліва маладыя, маючыя патрэбную для саўгаса падрыхтоўку і веды, заставаліся працаваць на зямлі.
Зусім няшмат мінула часу з таго студзеньскага дня, калі спецыялісты будаўніча-мантажнага ўпраўлення №2 камунальнага ўнітарнага вытворча-будаўнічага прадпрыемства “Брэстжылбуд” убілі ў зямлю першыя калочкі.
— Спачатку ніхто з мясцовых жыхароў, што прыглядаліся з цікавасцю да працы будаўнікоў, — расказвае старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Г.С.Акуліч, — не верыў у імгненныя перамены, якія чакаюць іх вёску.
Пыталіся, калі здача будынкаў, і атрымлівалі ўпэўнены адказ ад брыгадзіра В.І.Серадзюка:
— Па паперах — у лістападзе. Аднак глыбокай восені чакаць не маем намеру. Домікі будуць завершаныя раней, і гаспадары справяць наваселлі.
Віктар Іванавіч, па спецыяльнасці мантажнік будаўнічых канструкцый 5-га разраду, ужо чвэрць стагоддзя на будоўлях, а таму авалодаў шматлікімі навыкамі.
Начальнік участка В.І.Дарафееў, дасылаючы ў Курпічы новых рабочых, заўжды раіць брыгадзіру прыглядзецца, на што кожны варты, ці не падвядзе ў адказны момант.
У Курпічах шчыруюць выдатныя спецыялісты П.І.Адамовіч, С.К.Кацуба, М.І.Познік, А.М.Старыкевіч, М.М.Лойка, якія працуюць ужо не першы год, і моладзь за імі цягнецца. Няма ў брыгадзе выпадковых людзей. А ёсць магчымасць атрымаць задавальненне ад працы і зарабіць, прыклаўшы працавітыя рукі.
На Жабінкаўшчыне лічаць брэсцкіх будаўнікоў найлепшымі падрадчыкамі, што здольныя выконваць самыя складаныя заданні. Хутка і, галоўнае, якасна. Летась і пазалетась яны ўжо пацвярджалі свой высокі ўзровень, узводзячы дамы ў Стрыганцы, Старым Сяле, Хмелеве, Падлессі, Сцяпанках, Арэпічах…
Ужо і не памятаю ўсіх жабінкаўскіх вёсак, дзе будавалі, — заўважае В.І.Серадзюк. У будаўнікоў усё адпрацавана, наладжана. Спачатку на мантажы былі толькі чатыры чалавекі, далей, калі работы разгортваліся, даходзіла і да шасцідзесяці. Спярша зманціравалі дамы, адразу ўслед прыйшлі муляры, за імі — цесляры, а затым распачаліся аддзелачныя работы, добраўпарадкаванне, узвядзенне платоў, пракладка пліткі, што роўненька вядзе да ганку. Тым часам унутры катэджаў насцілалі падлогу, раўнялі сцены, клеілі шпалеры. Усё акуратна.
Кантроль і адказнасць на працягу ўсяго будаўніцтва — надзвычай сур’ёзныя. Днямі ў Курпічах пабываў спецыяліст I катэгорыі Жабінкаўскага раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва В.В.Дрыч, які станоўча ацаніў работу брэсцкіх будаўнікоў, дробныя недахопы, што выявіліся, былі выпраўлены адразу.
— Дамы цёплыя, на гэты конт — ніводнай скаргі, — запэўніваюць будаўнікі. — Праслойка з полістыролу, што змяшчаецца ўнутры панелі, стварае эфект тэрмаса: у спёку ў катэджы прахалода, а зімой — цеплыня.
Акрамя таго, не забыліся і пра утульнасць, камфорт, чым раней вызначалася выключна гарадское жытло, таму падведзены газ, вада. Адным словам, жывіце, новыя гаспадары, і радуйцеся!
Неўзабаве ў Курпічах з’явяцца дамы і для працаўнікоў райсельгастэхнікі, рыбгаса “Сакалова”. Гэтак будаўнікі пракладаюць пакрысе чарговыя крокі новага жыцця.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымках:  цясляр С.К.Кацуба, кіраўнік будаўніцтва брыгадзір В.І.Серадзюк, новая вуліца з пятнаццаці дамоў з’явілася ў в.Курпічы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top