Самы важкі брыльянт у жыцці

Самы важкі брыльянт у жыцці

_DSC4239Васіль Мікалаевіч Краўчук з вёскі Старое Сяло за свае 88 гадоў ніколі не трымаў у руках каштоўныя камяні. Галоўны падарунак лёсу — яго жонка Вольга Лявон-цьеўна — на працягу ўжо шасцідзесяці гадоў свеціць яму на жыццёвым шляху не горш за тыя камяні-самацветы. 20 кастрычніка сям’я адзначыла брыльянтавае вяселле. Так проста, як і шэсць дзясяткаў гадоў таму.
— У чым сакрэт вашага сямейнага “доўгажыхарства”? — запыталася я ў юбіляраў-“маладажонаў”.
— А сакрэту ніякага і няма, — змахнула няпрошаную слязу з маршчыністага твару гаспадыня. — Мой Васіль ніколі мяне не зняважыў, рукі на мяне не падняў, не піў, не курыў, усё рабілі разам.
…Думкамі Вольга Лявонцьеўна зноў у мінулым. Паплылі перад вачамі малюнкі-ўспаміны. Вось яна, маладая гаспадыня, увіхаецца ля скаціны ў бацькоўскай гаспадарцы Васіля. А так хочацца мець сваё жытло! Мясцовы калгас паклапаціўся, каб яго работнікі атрымалі асобнае жыллё. Хутка ціхае сямейнае шчасце перасялілася ў прасторную хату па вуліцы Цэнтральная. Гаспадар пасвіў калгасны статак, гаспадыня ўзводзіла фермы. Вольга Лявонцьеўна была выдатным мулярам, і ў хатах аднавяскоўцы дагэтуль грэюцца ля печак, якія ў свой час склала жанчына.
Што яшчэ для шчасця трэба? Мабыць, адчуць, што пад сэрцам б’ецца дзіця ад каханага чалавека. Калі ў сям’і нарадзілася доўгачаканая Марыйка, радасці бацькоў не было межаў. Дзяўчынка расла прыгожай і кемлівай. Радавала непісьменную маці добрымі адзнакамі ў школе, “у людзі выбілася, на машыністку вывучылася, у пасольстве працуе”.
Цяпер і ў Марыі ёсць свае дзеці — Таня і Марына —  і нават унукі Ілья, Максім і праўнук Мікалай, які наведвае дзіцячы садзік.
Апусцелая вясковая хатка, здаецца, ажывае, “маладзее”, калі з горада прыязджаюць унукі і праўнукі. Яны заўжды навядуць чысціню і парадак у доме і двары, прыгатуюць ежу. Калі цэняць, не забываюць ссівелых бабулю і дзядулю, значыць, добра выхавалі яна малодшае пакаленне.
…Гляджу на гэтую немаладую пару і здзіўляюся: старасць пакрывіла пальцы, пакрыла маршчынкамі твар, пакрысе адбірае памяць (як-ніяк, абоім дзявяты дзясятак), аднак што старасці непадуладна — дык гэта пяшчота і клопат. “Васіль, я ў магазін паеду, ногі баляць пешшу ісці, дапамажы на ровар сесці”, — просіць бабуля і чуе ў адказ: “Не дазволю! Не хапала яшчэ, каб з-за таго бохана ты пабілася! Лепей я без хлеба застануся!”
“Паглядзі, Вольга, ці трэба тут гузік зашпіліць?”. “Ат, чорны колер табе не да твару, скідай гэтую кашулю, блакітную апрані, а я за пінжаком збегаю”. І “бяжыць” бабуля, кульгаючы, на хворых нагах у хату за вопраткай. Такія адносіны, клопат, самаадданасць сустракаюцца ў сем’ях усё радзей.
…Каб дажыць да брыль-янтавага вяселля разам, неабходна адпаліраваць сямейныя адносіны каханнем, цярпеннем, шчырасцю, дабрынёй, пяшчотай, прыгажосцю, гарачынёй сэрцаў, шчырай працай і вернасцю.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: адзначылі брыльянтавае вяселле Васіль Мікалаевіч і Вольга Лявонцьеўна Краўчукі з вёскі Старое Сяло.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top