Займеў вайсковую спецыяльнасць

Займеў вайсковую спецыяльнасць

Данченко 2Няма, відаць, у салдата армейскай службы больш каштоўных якасцяў, чым дысцыплінаванасць, добрасумленнасць і адказнасць. Менавіта яны вызначылі ўпэўнены і паспяховы шлях ва Узброеных Сілах Беларусі радавога Валерыя Данчанкі (на здымку), нараджэнца Жабінкі. Няправільна было б меркаваць, што яны даліся яму без намаганняў і за кароткі тэрмін. Для іх выпрацоўкі спатрэбілася прайсці праз месяцы карпатлівай працы, мноства выпрабаванняў і памылак.
Вучоба ў школе, затым студэнцкае жыццё і навучанне ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы, Інстытуце бізнесу і менеджмента тэхналогій МВА. Каля года адпрацаваў інжынерам у сваім родным каледжы, а ў лістападзе летась быў прызваны на службу ў беларускую армію.
Шлях любога салдата пачынаецца з такой знамянальнай хвалюючай падзеі, як прыняцце ваеннай прысягі. Паспяхова прайшоў курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, дзе засвоіў няхітрыя ваенныя навыкі. Хвалявала пытанне: “А што наперадзе? Ці па сіле мне гэта?” Пасля авалодання вайсковай спецыяльнасцю механіка-акумулятаршчыка, прадоўжыў службу на камандным пункце 115-га зенітнага ракетнага палка. Тут хлопцам даецца цудоўная магчымасць не толькі стаць умелымі абаронцамі Айчыны, а й займець вайсковую спецыяльнасць, прайсці добрую школу жыцця.
Той, хто служыў, ведае, што для кожнага воіна кароткае, але ёмістае слова “дэмбель” заўсёды гучыць прыцягальна і радасна. Яно ўвасабляе пачуццё сумленна выкананага абавязку, адрэзак важнага жыццёвага шляху, аддадзены арміі, сваёй краіне, а яшчэ — хуткае спатканне з роднымі і блізкімі, новы крок у самастойнае жыццё. У добры шлях, Валера!
Андрэй ШПЕНДЗІК, намеснік начальніка каманднага пункта 115-га зенітнага ракетнага палка, маёр.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top