Аб тых, хто дорыць радасць і цяпло

Аб тых, хто дорыць радасць і цяпло

IMG_2073На працягу тыдня, які прысвячаўся ўсім мамам, напэўна, не абышлі ўвагай ні адну жанчыну-маці ў раёне. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ў ГДК, школах, дзіцячых садах, іншых навучальных установах. Не застаўся ўбаку і Жабінкаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, які арганізаваў сапраўднае свята для прыёмных мамаў. Алена Януш, Наталля Данялюк, Алена Касцючык, Святлана Гурская, Яўгенія Алейнікава і Мікалай Шпак завіталі на яго са сваімі і прыёмнымі дзеткамі. Не атрымалася прыйсці толькі ў Святланы Сасноўскай, што выхоўвае Дзмітрыя Грэля.
Ва ўтульнай зале, якую для правядзення мерапрыемства прадаставіў раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, гасцей чакалі віншаванні, конкурсы і прыемныя падарункі, зробленыя рукамі выхаванцаў РЦТДіМ. Вядучыя свята псіхолаг СПЦ Дар’я Паўлюкавец і сацыяльны педагог СПЦ Надзея Макарэвіч павіншавалі жанчын з Днём маці, пажадалі, каб твары іх ззялі ўсмешкамі, рукі стамляліся толькі ад букетаў кветак, каб дзеці былі паслухмянымі, а мужы — уважлівымі. Шчырыя словы падзякі прыёмным мамам прагучалі і з вуснаў загадчыцы сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Андрасюк, якая была запрошана на мерапрыемства ў якасці госця і члена журы.
Асноўная ўвага ў гэты дзень удзялялася матулям, але не абдзелены былі ёю і малыя. Каманды сем’яў прынялі ўдзел у конкурсе-прадстаўленні “Мама і я!”, у час якога матулі расказвалі пра лепшыя якасці і захапленні дзяцей, а тыя ў сваю чаргу характарызавалі сваіх мам. Са сказанага вынікала, што ўсе матулі добрыя, прыгожыя, ласкавыя, уважлівыя, а дзеткі — ра-зумныя і паслухмяныя.
Гульня “Гарачы стул” выявіла самага спрытнага сярод юных удзельнікаў. Ім аказаўся Валік Данялюк. Потым вядучыя прапанавалі мамам і адзінаму тату вярнуцца ў дзяцінства і таксама пагуляць у гэтую пацешную гульню. Мікалай Шпак па-джэнтльменску праявіў галантнасць і першым “сышоў з дыстанцыі”. Жанчыны таксама ветліва ўступалі адна адной месцы, таму пераможцаў не выявілася.
У конкурсе “Хто самы ўважлівы?” прымалі ўдзел па адным выхаванцы з кожнай сям’і. А паколькі заданне было з падвохам, дзеці не зарыентаваліся і не схапілі пакецік з прызам, калі прагучала слова “тры”. У выніку перамагла дружба.
Са смехам і жартамі прайшоў конкурс “Кракадзіл”. Юныя ўдзельнікі павінны былі жэстамі і мімікай паказаць слова, напісанае на картцы, а прысутныя — яго адгадаць. Выхаванец сям’і Шпакаў Коля Саванеўскі прадэманстраваў Доктара Айбаліта, Саша Габрынеўскі — прыёмны сын Алены Касцючык са Сцяброва — “праплыў” Русалачкай, Саша Круглей, якая выхоўваецца ў сям’і Янушаў, “праскакала” Бабай Ягой, Ваня Шчыглеўскі “пракаціўся” Калабком.
Замілаванне і любаванне выклікала маленькая Ірынка Місевіч, якую выхоўвае Яўгенія Алейнікава з аграгарадка Ленінскі. Дзяўчынка не ўдзельнічала ў конкурсах у сілу свайго ўзросту, але несумненна ўзяла б сімпатыі ўсіх сваёй абаяльнасцю.
Наступнае заданне заключалася ў тым, каб намаляваць чалавека з усмешкай, пры гэтым высока падскокваючы да плакатаў. Малюнкі атрымаліся вельмі забаўныя ва ўсіх удзельнікаў, а конкурс падарыў смех і пазітыў.
Акрамя таго, юныя мастакі намалявалі сваіх самых прыгожых, самых любімых мам. Іх “шэдэўрыкі” ўтварылі цэлую выставу.
Госці свята разгадвалі загадкі, Саша Круглей прачытала верш пра маму, у якім былі такія радкі: “Я яе не выбіраў — гэта дар ад Бога”. Прыёмныя матулі для дзетак, якія засталіся сіратамі або без нагляду родных бацькоў, — сапраўды Божы дар. У час святочнага мерапрыемства адчувалася, што ў жабінкаўскіх сем’ях адносяцца да прыёмных дзяцей, як да родных, дораць ім радасць і цяпло.

 

Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: Саша Габрынеўскі падарыў ружу прыёмнай маме Алене Касцючык;
фотаздымак на памяць аб сустрэчы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top