“Квадраты” шчасця

“Квадраты” шчасця

семья с собакой 146Ці можна палічыць шчасце? Сяргей і Вольга Крэчыкі вымяраюць яго… “квадратамі”. Зусім нядаўна шматдзетная сям’я пераехала жыць у трохпакаёвую кватэру. Дарэчы, яны першыя і пакуль адзіныя жыльцы на ўвесь 40-кватэрны дом, які нядаўна быў здадзены ў мікрараёне цукровага завода.
— Ключы ад кватэры атрымалі 18 кастрычніка, а на наступны дзень сябры дапамаглі даставіць на чацвёрты паверх наш небагаты “скарб”, — кажа гаспадыня. — Каштоўнасць у доме — не ваза і плазменны тэлевізар — а дзеці. І яны павінны расці ў любові і пяшчоце.
На дзетак сям’я Крэчыкаў багатая. Самая старэйшая Таццяна вось-вось адзначыць сваё 18-годдзе. Як і бацька, мэтанакіраваная і напорыстая, як маці, тонка адчувае людзей, любіць музыку. Дзяўчына абрала прафесію архітэктара, і зараз старанна рыхтуецца да сесіі ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Дзевяцікласнік Раман пакуль не вызначыўся з жыццёвай дарогай, як і аднагодкі, гатовы гадзінамі навылёт “завісаць” у камп’ютары. Добразычлівы і разважлівы Рома — прыклад для пераймання малодшым у сям’і. Шасцігадовая Даша і трохгадовы Лёша — аматары мультфільмаў і саладосцяў. Расціць дзетак дапамагае мама Вольгі — Людміла Аляксееўна.
У новую кватэру пераехаў яшчэ адзін — восьмы па ліку — паўнавартасны член сям’і — лабрадор Марта. Аб гэтым сведчыць і таблічка ля кнопкі званка, ля дзвярэй, праўда, з надпісам “асцярожна, тут жыве ДОБРЫ сабака”. Марта вельмі ласкавая, паслухмяная і разумная, з тымі, хто ёй падабаецца (аўтарка гэтых радкоў трапіла ў гэты “спіс”) нават “вітаецца” — падае лапу. Дагэтуль яна “пражывала” на канапе, аднак у новай кватэры на большае не прэтэндавала і згадзілася на дыванчык ля шафы ў калідоры. Такім чынам, на кожнага члена сям’і ў новай трохпакаёвай кватэры даводзіцца па 10 квадратных метраў жылля.
— Раздолле тут, — кажа гаспадар. — Дом у Сенькавічах, адкуль мы з’ехалі, быў на 30 квадратаў меншы. Цеснавата было.
З пераездам у кватэру вырашыліся многія сямейныя праблемы, у першую чаргу — транспартныя. Раней дзетак даводзілася будзіць у 6 гадзін раніцы, каб паспелі на аўтобус, які дастаўляў у школу і сад, а тут можна паспаць да 7.30 — сад, лічы, у пяці хвілінах ходу. Побач — ФАУ “Бадзёрасць” і Раман зможа без пропускаў займацца любімым таэквандо і плаваннем. Зноў жа, маме лягчэй стала дабірацца на работу ў кобрынскі Дом міласэрнасці, дзе яна даглядае састарэлых і нямоглых бабуль і дзядуль. Няма патрэбы рыхтаваць дровы і распальваць печ.
— Той дом у Сенькавічах, у якім мы пражылі 9 гадоў, пабудаваны яшчэ ў 1939 годзе, — кажа Сяргей. — Мы яго рамантавалі, як маглі — памянялі вокны, дзверы, сцены абабілі гіпсакардонам. Аднак “грыбок” паступова зводзіў на “не” ўсе нашыя намаганні. Мы б і далей вялі неабвешчаную вайну цвілі і разбурэнню, каб не парады і дапамога начальніка аддзела ЖКГ Жабінкаўскага райвыканкама Алесі Міхайлаўны Крупко. Калі мы даведаліся, колькі трэба сабраць дакументаў і ганкі колькіх інстанцый трэба абабіць, каб атрымаць кватэру замест паўзгнілай хаты, апускаліся рукі. Вялікі дзякуй Алесі Крупко — яна падказвала, раіла, сама званіла, куды неабходна і дабілася-такі, каб нам, як шматдзетнай сям’і, крэдыт за кошт субсідый пагасіла дзяржава. Паболей б такіх чулых і адукаваных людзей-чыноўнікаў!
Самае цікавае, што Сяргей Васільевіч будаваў дом, у якім атрымаў жыллё (ён — бетоншчык у ПМК-10). Здымаючы кватэру ў мікрараёне цукровага завода, Вольга прагаварылася Сяргею, што хацела б жыць менавіта ў гэтым ціхім і прыгожым куточку. З той пары прайшло амаль 15 гадоў. Нясмелае жаданне стала явай!
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: сям’я Крэчыкаў у зборы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top