Мая першая “школа журналістыкі”

Мая першая “школа журналістыкі”

дарья никончукЯшчэ ў 10 класе я цвёрда вырашыла, што хачу стаць журналістам. Мяне захапіў, зачараваў цудоўны свет моў: беларускай, рускай. З іх дапамогай думкі ператвараліся ў словы, клаліся на паперу, і атрымліваўся цікавы аповед, які з цягам часу знаходзіў свайго чытача. Я зразумела: словам можна “заваяваць” мільёны сэрцаў. Гэта шчасце, але й вялікая адказнасць перад людзьмі, што будуць чытаць твае радкі. А значыць аўтару трэба пастаянна ўдасканальваць і развіваць здольнасці і ўменні валодання словам.
На нялёгкім шляху да мары, якая здзяйсняецца ў час вучобы ў Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, мяне падтрымала раённая газета “Сельская праўда”: з кастрычніка 2010 года на яе старонках сталі друкавацца мае матэрыялы.
За час сяброўства з раёнкай спрабавала сябе ў розных жанрах: інтэрв’ю, рэпартаж, замалёўка. Калектыў рэдакцыі на чале са Святланай Мікалаеўнай Вішнеўскай сустрэў цёпла. Масцітыя журналісты прымалі ідэі маіх будучых матэрыялаў, прапаноўвалі цікавыя тэмы і заданні, вучылі, раілі, падказвалі, рабілі слушныя заўвагі.
З цягам часу заўважыла, што найбольш цікавяць мяне людзі і іх няпростыя лёсы, якія прымушаюць задумацца, многае пераасэнсаваць… Пра іх хацелася расказаць. Таму рубрыка “Лёсы людскія” стала любімай для мяне. Публікацыі паказвалі, якія незвычайныя асобы побач: таленавітыя, багатыя духоўна, што захоўваюць вялікае жыццялюбства, нягледзячы на выпрабаванні.
Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з раёнкай у 2011 годзе, я была прызнана “Лепшым юнкарам Брэстчыны”. Гэта наблізіла мяне да мары: стаць сапраўднай журналісткай.
Зараз друкуюся не толькі ў «Сельскай праўдзе», але і ў іншых газетах і часопісах. Аднак “Сельская праўда” стала маёй першай і самай памятнай “школай журналістыкі”, менавіта тут пакрысе пачалі адкрывацца сакрэты будучай прафесіі.
Зараз я студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ, і ні разу не пашкадавала, што абрала менавіта гэты шлях.
Маё супрацоўніцтва з раёнкай працягваецца. Упэўнена, яшчэ неаднойчы перасякуцца нашы сцежкі-дарожкі. Вельмі радая таму, што маю магчымасць павіншаваць калектыў “Сельскай праўды” з юбілеем і пажадаць, каб і надалей кагорта верных чытачоў раёнкі множылася.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*