У сябрыну паэтаў? Калі ласка!

У сябрыну паэтаў? Калі ласка!

Алесь3Здаўна газета, якога б фармату і накірунку ні была, збірае і гуртуе вакол сябе творчых людзей. Дастаткова прыгадаць “Нашу Ніву” пачатку мінулага стагоддзя з яе геніяльнымі аўтарамі — Купалам, Коласам, Багдановічам, Гарэцкім… Ды што далёка хадзіць! Мець уласнае, хай невялікае, літаратурнае аб’яднанне — гэтае правіла з цягам часу перарасло ў традыцыю раённых газет. І вельмі многія вядомыя сёння пісьменнікі бралі старт менавіта з іх. Скажам, Аркадзь Куляшоў. Або Алесь Разанаў. Першы дэбютаваў у раёнцы ў 12, другі ў 14 сваіх гадоў.
Адкрыць шлях пачаткоўцу, падтрымаць яго — галоўная, бадай, задача літаб’яднанняў. У тым ліку нашай “Плыні”. Такой мэты не выпускалі з-пад увагі і Аляксандр Гогалеў, і Расціслаў Бензярук, і Васіль Сахарчук, і аўтар гэтых радкоў, калі абіраліся кіраўнікамі творчай сябрыны, упершыню сабранай у 1967-м.
Як бачым, літаб’яднанне пры “Сельскай праўдзе” маладзейшае за саму газету амаль на 23 гады. Быў патрэбен час, каб газета ўмацавалася, перачакала працяглую рэарганізацыю раёнаў, у перыяд якой не выходзіла зусім, павялічыла сваю плошчу і штат рэдакцыі, скіравала нарэшце частку клопатаў з аднаўлення пасляваеннай гаспадаркі раёна на літаратуру. Таму першы паэт, народжаны на Жабінкаўшчыне, Іван Арабейка знайшоў прытулак вершам перадусім у “Чырвонай змене” і “Зари”. Затое нідзе не сустрэў такой “гасціннасці”, як тут, у раёнцы! Супрацоўнік рэдакцыі Мікола Горба, паэт сам, змясціў яго вялікі партрэт, цёплае ўступнае слова і падборку з шасці-сямі вершаў. Той нумар газеты Іван Сяргеевіч захоўвае дасюль: такое не забываецца!
“Сельская праўда”, літ-аб’яднанне пры ёй з’яўляюцца і адкрывальнікамі яркіх імёнаў. Найперш — Васіля Гадулькі, яго таленту і ўтоенага творчага плёну. Шкада, што позна, — паэт дэбютаваў у раёнцы і наогул у друку толькі ў сорак гадоў, — ды дзякуй Богу, што адкрылі. Што так прыхільна, а больш за ўсіх В.Сахарчук, апекаваліся над ім, што паказалі яго самабытную творчасць цэлай краіне, спрычыніліся да выдання зборніка “Голас” і паэтычнай нізкі ў калектыўным зборніку “Я хацеў вам сказаць…”, да ўсталявання помніка на яго магіле і надання яго імя вуліцы ў Жабінцы.
На каго нам пашанцавала адразу, дык гэта Насця Сідорка. Як паэтка яна вырасла на нашых вачах і пры нашай падтрымцы стала ў свае 16 аўтарам зборніка “Пялёсткі”, знаёмства з якім схіляла і слынных паэтаў са сталіцы падпісваць свае кнігі ёй у знак прызнання таленту. Не менш прыемнымі былі адкрыцці ў свой час імёнаў Аляксея Ганчука, Анатоля Бензерука, Івана Дацкевіча, пазней — Настассі Гатоўчыц, зусім нядаўна — Наталлі Валошкі (на парадку дня — падрыхтоўка да друку яе першага зборніка) і шэрагу іншых.
Уся, амаль паўвекавая, дзейнасць літаб’яднання “Плынь” была даволі плённая. І ўсё ж, не ў крыўду калегам, вылучу 1970-1980 гады. “Плынь” таго часу мне здаецца (балазе гэта была пара маёй маладосці) і паўнаводнаю, і шпаркаю. Не пераставалі ўлівацца свежыя сілы, прычым не толькі паэты — Людміла Зубачова, Ніна Андраюк, Мікола Юрчук ды іншыя, у тым ліку Аляксей Ганчук. Як празаік усё больш заяўляў пра сябе Мікола Міцковіч, як крытык-рэцэнзент — Васіль Хвясюк, як перакладчык — Алесь Малевіч, як парадыст — Міхась Варановіч. І літстаронкі атрымліваліся шматжанравымі, нярэдка “яршыстымі”, пры гэтым добрага мастацкага кшталту. Ахвотна “плынеўцаў” запрашалі школы і бібліятэкі, не забывалі абласное і рэспубліканскае тэлебачанне, сталічныя газеты і Саюз пісьменнікаў, апошні ў прыватнасці — прыездамі сяброў камісіі ў працы з маладымі ў Жабінку ды выклікамі на творчыя семінары ў Мінск.
Сёння ж пахваліцца бруістасцю літаратурнай плыні ў раёне, на жаль, не выпадае. Не той, мусіць, час! Камп’ютарны, прагматычны, без увагі да слова, пагатоў — да слова роднага… З правам, якое даюць мне досвед і вопыт працы з пачаткоўцамі, не ўтрымаюся, каб не звярнуцца да маладых і юных.
Не абмяжоўвайце сябе празмернай перавагай дакладных навук над гуманітарнымі: аднабокасць скрыўляе душу, не дае быць паўнавартасным чалавекам (нездарма адзін мне знаёмы кандыдат матэматычных навук употайкі ад усіх піша шчырыя, наіўныя вершы). Не цурайцеся творчых заданняў на ўроках мовы і літаратуры, не саромейцеся дзяліцца ўдачамі ў вершы, казцы, апавяданні з настаўнікам, якому давяраеце, а то адразу паказвайце нам: рубрыкі “Першыя вершы” і “Новае імя” — самыя жаданыя ў літстаронцы.
Але тут мушу зрабіць заўвагу. Некаторыя з вас, звыклыя “выцягваць” чужыя разлікі і высновы з інтэрнэта і выдаваць за свае, чыняць такое і з мастацкімі творамі. Па-першае, вопытнага літаратара падмануць цяжка, па-другое — дзеля якой меркантыльнай мэты? Лепей ужо зусім не думаць пра творчасць, якая вымагае і натхнення, і працы душы, і сумленнасці.
На якой мове пісаць? Ніводнай з іх не навязваю. Хіба што прывяду нечаканы і для мяне факт: Ангела Эспіноза, іспанская студэнтка, так захапілася беларусістыкай, што з нядаўняга часу пачала пісаць вершы па-беларуску — і на добрым узроўні. Не верыце — пагартайце пяты нумар часопіса “Маладосць” за гэты год. Дый сёй-той з рускіх паэтаў робіць тое самае. А мы з вамі — хто і што, каб нашу літаратуру рухалі іншыя?..
Яшчэ адно — да тых, хто ўжо друкуецца або друкаваўся ў раёнцы. Не кідайце пісаць, не спыняйцеся на пачатку дарогі! Верце ў сябе і не спадзявайцеся на “потым”. Не аднаго ведаю паэта (паэтку звычайна), які робіць спробу вярнуцца да пісання, пачатага яшчэ ў школьныя гады. Чытаў іхнія вершы і “піянерскія”, і “пенсіянерскія” — аднолькавага ўзроўню, цяперашнія часам нават горшыя. Страчанае, мабыць, вярнуць немагчыма.
Ну, а калі выйдзеце на шырокія літаратурныя прасторы, станеце знака-мітымі, дык дзе б вы ні былі, “Сельская праўда” і аб’яднанне “Плынь” заўсёды будуць рады вітаць і вашы творы, і вас саміх. Я ў гэтым ані на макавінку не сумняваюся.
Алесь КАСКО.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*