Мая газета, мой рэдактар

Мая газета, мой рэдактар

12Нядаўна ў Брэсце на праспекце Машэрава ў людскім патоку я нечакана сустрэў колішняга рэдактара жабінкаўскай газеты “Сельская праўда” Віталя Канавалюка. Узрадаваліся адзін аднаму, разгаварыліся.
Віталь Іосіфавіч раптам перапыніў успаміны і спытаў проста:
— Скажы, я ў свае семдзясят восем не выглядаю драхленькім дзядком?
Мы не бачыліся гадоў пяць, але хударлявы Канавалюк і зараз быў яшчэ даволі-такі бойкі. Віталь Іосіфавіч прызнаўся, што кожную раніцу абліваецца халоднай вадой, ахвотна ездзіць на дачу. Словам, імкнецца весці здаровы лад жыцця, каб “не падпарадкоўвацца хваробам”.
Далей мы зноў згадвалі маладыя гады, калі працавалі разам…
Сёлета мне, як і газеце “Сельская праўда”, споўнілася сем-дзясят гадоў. Мы — равеснікі, юбіляры. Трыццаць пяць гадоў, або палову пражытага, аддаў ёй, сваёй газеце. Браў на працу мяне менавіта Канавалюк, на той час выконваючы абавязкі рэдактара.
Літаральна праз некалькі месяцаў у 1974 годзе ён быў зацверджаны рэдактарам, а я стаў загадваць аддзелам пісьмаў. Як мне здаецца, гэта самы цікавы аддзел у рэдакцыі, бо звязаны непасрэдна з людзьмі, неабходнасцю ўнікаць у іх жыццёвыя праблемы. Таму замалёўку і нарыс даўно лічу сваімі асноўнымі журналісцкімі жанрамі.
Звычайна чалавек пачынае друкавацца ў раёнцы, а пасля ўжо “сягае” ў абласныя і рэспубліканскія выданні. А ў мяне атрымалася якраз наадварот. Я ўжо меў больш за дзясятак публікацый у Мінску, перш чым прыйшоў у “Сельскую праўду”. Ды гэта былі мастацкія творы: апавяданні, гумарэскі, казкі, а тут — газетныя жанры. І не ўсё спачатку ўдавалася.
Можа, таму Віталь Іосіфавіч прынёс кнігу Барыса Стральцова пра аналітычныя ды інфармацыйныя жанры, па якой вучыўся сам ва ўніверсітэце, і прапанаваў завесці рубрыку “Для няштатнага карэспандэнта”.
Стральцоўскі падручнік, прынесены рэдактарам, дапамагаў у справе. Трэба было вучыцца ў карыфеяў! З гадамі набыў свой стыль пісьма, займеў, як кажуць, і свайго героя, а ў 2006-ым стаў пераможцам абласнога конкурсу на лепшы нарыс.
Усё ў “Сельскай праўдзе” трымалася на ім, на рэдактары. Помняцца штогадовыя творчыя конкурсы для штатных і ня-штатных аўтараў. І рэдакцыя знаходзіла грошы, каб заахвоціць пераможцаў.
Ледзь не кожны тыдзень на лятучках падводзіліся вынікі работы: выбіраліся лепшыя публікацыі, а таксама на “ганаровую” дошку “Цяп-ляп”. Трэба было дапусціць вялікі “цяп” і такі ж “ляп” для таго, каб матэрыял вывесілі ў калідоры…
Аднойчы ў час жніва газета пайшла на эксперымент: выходзіла штодзень, апроч нядзелі. Мы зранку ехалі ў поле, каб у заўтрашнім нумары быў матэрыял. І вытрымалі аператыўнасць асвятлення ўборачнай пары.
Менавіта пры Канавалюку намеціліся цесныя сувязі з украінскімі калегамі з горада Рожышча. Агульныя поласы друкавала і “Сельская праўда”, і “Світло Жовтня”. Летам 1982 года паехалі ў госці да ражышчанскіх сяброў. Восенню яны прыехалі да нас. Журналісцкія кантакты цягнуліся да той пары, пакуль Віталя Іосіфавіча не запрасілі ў абласную газету “Заря”.
Мне выпала працаваць і з іншымі рэдактарамі. Кожны ўнёс у рэдакцыйную “скарбонку” нешта сваё, але найчасцей згадваецца Канавалюк. Мо таму, што ён быў першым маім рэдактарам, а ўсе мы былі яшчэ маладыя, хуткія на пад’ём?..
Сённяшнія журналісты імкнуцца падтрымліваць тыя лепшыя традыцыі, што былі закладзены папярэднікамі-першапраходцамі Барысам Брэўдо, Васілём Астапюком, Віталем Канавалюком, Іванам Міцковічам… Зараз многія выданні двухмоўныя, але часам можна знайсці ў газеце толькі загаловак, напісаны па-беларуску. “Сельская праўда” тут складае добрае выключэнне.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: у час уручэння  ўзнагарод да Дня друку журналісты “Сельскай праўды” Р.М.Бензярук і І.Ф.Жук сустрэліся са сваім былым рэдактарам В.І.Канавалюком (Брэст, 2006 год).

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*