Слова пра раёнку

Слова пра раёнку

Паважаныя супрацоўнікі і ветэраны
раённай газеты “Сельская праўда”!
Віншуем з 70-годдзем з дня выпуску
першага нумара газеты.

За гады свайго развіцця газета разам з усім раёнам перажывала змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах, жыла праблемамі і дасягненнямі жабінкаўцаў. Сёння яна ўяўляе сабой інфармацыйнае, аналітычнае, творчае выданне, якое на сваіх старонках друкуе з удзелам невялікага, але таленавітага аўтарскай кагорты журналістаў артыкулы на актуальныя тэмы, якія ахопліваюць усе бакі сучаснасці. На калектыў ускладзена няпростая місія — давесці да чытача свежую, аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю аб падзеях, планах і перспектывах развіцця раёна.
Упэўнены, што наша супрацоўніцтва заўсёды будзе складвацца канструктыўна, а для жыхароў Жабінкаўшчыны раёнка застанецца добрым суразмоўнікам, мудрым дарадчыкам і пісьменным кансультантам.
Жадаем вам даверу чытачоў, вострых і таленавітых пёраў, творчай энергіі, новых ідэй і задумак. Няхай журналісцкае слова служыць дабрыні і тварэнню. Удачы, здароўя, дабра і асабістага шчасця.

Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.

Заснавальнікі “Сельскай праўды” — раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт. Погляды іх кіраўнікоў на сённяшні і заўтрашні дзень раёнкі, прапановы і пажаданні запісаны напярэдадні юбілею.

IMG_6674Ф.Ф.Каланчук, старшыня райвыканкама:
— Як кіраўнік раёна, перш-наперш хацеў бы, каб раёнка дапамагала мясцовай уладзе. Шмат пытанняў здымаецца праз інфармаванне насельніцтва. Таму кожнаму свайму намесніку і начальнікам аддзелаў райвыканкама паставіў задачу цесна супрацоўнічаць з газетай, расказваць на яе старонках аб асноўных праблемах, якія хвалююць людзей, наколькі магчыма іх рэалізаваць. Нядаўна ў “Сельскай праўдзе” было апублікавана інтэрв’ю А.В.Шалтанюка, які курыруе ў раёне пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І, на мой погляд, былі дадзены грунтоўныя адказы на многія запыты жабінкаўцаў. Уся неабходная інфармацыя для насельніцтва павінна быць у раёнцы. І мы, як заснавальнікі, у гэтым зацікаўлены.
Словам, маё пажаданне, каб журналісты “ішлі” не толькі па фактах. Вось у снежні будзем фарміраваць раённы бюджэт. Расказвайце, куды будуць накіроўвацца грошы, што плануецца зрабіць у гора-дзе, у вёсках, дзе намечана праводзіць газ, асфальтаваць дарогі. Мне, скажам, як падаткаплацельшчыку, не ўсё роўна, на што будуць яны патрачаны.
Праводзьце і далей апытанні людзей, каб яны выказваліся па розных тэмах (як працуе пошта, гандаль, сацыяльная сфера і інш). Такія меркаванні і цікавыя, і карысныя. Няхай і ўладу пакрытыкуюць, калі бяздзейнічае ў нейкіх накірунках.
І яшчэ адзін момант. Раёнка павінна быць газетай для розных узростаў. У тым ліку для дзяцей. Пішыце паболей пра моладзь, дарэчы, наступны год — Год моладзі. Прапагандуйце здаровы лад жыцця, абараняйце друкаваным словам ад шкодных звычак.
У кожным нумары “Сельскай праўды” шмат рознай інфар-мацыі, расказваецца, чым жыве Жабін-каўшчына сёння. Няхай і надалей газета ідзе ў нагу з нашым дынамічным часам, не старэе насуперак шаноўнаму ўзросту, застаецца чытаемай, жаданай і запатрабаванай.

С.В.Мартысюк, старшыня райсавета дэпутатаў:
IMG_2145— У творчым плане газета расце. Лічу, што чытачы знаходзяць у ёй інфармацыю, якая іх цікавіць. У кожным нумары асвятляюцца розныя пытанні жыццядзейнасці нашага раёна, у тым ліку, работа Савета дэпутатаў, яго прэзідыума, пастаянных камісій. Тут у нас ёсць узаемапаразуменне. Хацеў бы прапанаваць журналістам “Сельскай праўды” завесці ў газеце рубрыку ці нават старонку, да прыкладу, “Дзень у сельскім Савеце”. І недзе з перыядычнасцю ў месяц — два месяцы расказваць, як жывуць там людзі, спыняцца як на станоўчых момантах, так і на адмоўных. А праблем, паверце, ва ўсіх нашых 7 сельсаветах хапае. І няхай ведаюць, напрыклад, што ў Іванова акуратна ў двары, а побач жыве лайдак Пятроў, які і гаспадарку запусціў, і працаваць не хоча.
Можа, сорамна яму будзе. У нашай краіне шмат робіцца ў навядзенні парадку на зямлі — гэта візітная картка дзяржавы. І трэба надаваць увагу санітарнаму стану вясковых тэрыторый, добраўпарадкаванню. Гэта задача ўсіх нас, жабінкаўцаў. А задача раёнкі ўзнімаць на старонках гэтыя пытанні.
Хацелася б, каб больш пісалі не толькі пра раённыя навіны, але і што адбываецца ў свеце, аб праблемах, якія хвалююць. Наркотыкі, спайсы “прыплылі” і да нас — гэта ўжо біч усяго грамадства. Алкаголь, піва “ўжываюцца” ў моладзевым асяродку. Вось вам тэмы для публікацый. Паказвайце на прыкладах жабінкаўцаў, якія вядуць здаровы лад жыцця. Дарэчы, люблю чытаць нарысы, замалёўкі, карэспандэнцыі пра людзей, якіх багата друкуецца на старонках “Сельскай праўды”. Раён наш невялікі, і многіх з іх ведаю асабіста. Мяркую, што чытачы са мною пагодзяцца.
Здаецца, мнагавата рэкламы. Але ў той жа час разумею, што гэта ваш хлеб, крыніца заробку на далейшае існаванне. Тым больш, што газета сёлета амаль жыве без раённай датацыі. А па сутнасці камусьці і рэклама можа спатрэбіцца.
А яшчэ хацелася б бачыць нашу раёнку ў колеры. Хаця б нумары да нейкіх святаў. Вядома — затратна. Але, магчыма, да наступнага юбілею гэта будзе ўпаўне ажыццявіма.
Творчых вам поспехаў, здароўя, добрага настрою заўжды, цікавых сустрэч з героямі публікацый!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*