Старонкі раёнкі — багаты летапіс перамен

Старонкі раёнкі — багаты летапіс перамен

Безымянный

Жыццё не крочыць, імчыць, лісткі календара перагортваюцца з неймавернай хуткасцю… Здаецца, так далёка было, а вось і чарговы юбілей нашай раёнкі. Нам 70…
З падшывак “Сельскай праўды”, сабраных за дзясяткі гадоў у рэдактарскім кабінеце, можна прасачыць гісторыю нашай Жабінкаўшчыны. Люблю гартаць іх, акунацца ў кола тых далёкіх падзей і не вельмі, чытаць пра землякоў, не прамінаю і прозвішчы аўтараў публікацый, многіх з якіх ведаю асабіста за 30-гадовы стаж працы ў раёнцы.
Вось яна, першая “Сельская праўда” за 1 студзеня 1967 года (дагэтуль раённая газета Жабінкаўскага раёна называлася “Ленинский путь”, затым “Коммунистический путь”). Святочны нумар быў аддрукаваны блакітнай фарбай на ўсіх чатырох старонках, у тым ліку і здымкі. І як расказвалі старэйшыя калегі, набіраць яго давялося паўтара месяца.
Зразумела, наша раёнка даўно змяніла сваё аблічча, аб’ём, паліграфічнае выкананне, тэматыку публікацый, у ёй прайшлі школу прафесійнага майстэрства нямала журналістаў. Але заўжды яна служыла людзям, расказвала аб асноўных падзеях у раёне, аб працаўніках, якія славілі яго. Словам, ва ўсе часы яна адлюстроўвала жыццё жабінкаўцаў.
Сёння ў калектыве рэдакцыі працуюць захопленыя творчай справай людзі, адданыя ёй. Яны ўпэўнена прымнажаюць традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі жабінкаўскіх газетчыкаў. Пад сілу ім любыя тэмы і жанры, акрамя сумных.
… Ізноў прыйшла серада, і выйшаў новы нумар “Сельскай праўды”. Яго чакаюць нашы чытачы. Сённяшні пачынае адлік восьмаму дзясятку ў яе выданні. Газета па-ранейшаму будзе спяшацца за імклівым часам жыцця, старацца задаволіць усё большыя і большыя запыты падпісчыкаў на інфармацыю. Не згодна, што газета жыве адзін дзень. Яна мае дзіўную здольнасць адраджацца ў кожным наступным нумары.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*