Untitled-13Кампанія справаздач і выбараў

Ідзе да завяршэння справаздачна-выбарчая кампанія ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях аграпрамысловага комплексу. З 15 пярвічак справаздачы і выбары прайшлі ў 11. Праведзена 2 канферэнцыі і 9 сходаў. На іх абмеркаваны вынікі работы за пяць гадоў, вызначаны задачы, якія неабходна рашаць у будучым. Асноўныя з іх застаюцца ранейшымі — абарона інтарэсаў работнікаў АПК, аказанне ім матэрыяльнай і прававой дапамогі, садзейнічанне стварэнню бяспечных умоў працы. Работа прафсаюзных камітэтаў прызнана здавальняючай. Практычна ўсе прафсаюзныя лідары будуць працягваць сваю дзейнасць у новым справаздачным перыядзе. Раённая справаздачна-выбарчая канферэнцыя адбудзецца 27 лістапада бягучага года.

Больш як 100 мільёнаў рублёў за ўрон

— У верасні нашымі спецыялістамі сумесна з аддзелам вагагабарытнага кантролю па Брэсцкай вобласці  праверана 1038 транспартных сродкаў, — сказаў Васіль Галюнчык, начальнік КП ПВГК “Федзькавічы”. — Паводле кантрольных мерапрыемстваў складзена два акты раптоўных тэматычных аператыўных праверак, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 305 кіроўцаў, а сума штрафаў склала больш як 383 мільёны рублёў. Большасць з адміністрацыйных парушэнняў, што здзейснена вадзіцелямі, — гэта парушэнні рэжыму працы і адпачынку, рух цяжкавагавых транспартных сродкаў без спецыяльнага дазволу. Без якога, як было выяўлена, рухалася 59 цяжкавагавых і буйнагабарытных аўтамабіляў. З уладальнікаў іх спагнана больш як 100 мільёнаў рублёў за ўрон, нанесены дарогам агульнага карыстання.

Будзе фазанарый

Жабінкаўская арганізацыйная структура ГА “БТПР” узяла ў арэнду ў СВК “Шпіталі” былое памяшканне фермы ў Азізаравым Ставе, дзе плануе за ўласныя сродкі пабудаваць фазанарый. Работы ўжо пачаліся: рыхтуецца для птушанят будынак, чатырохметровай сеткай у вышыню, абгароджаны выгульны двор. Першая тысяча іх будзе закуплена ў фазанарыі, што цудоўна развіваецца на Гродзеншчыне. У будучым плануецца не толькі гадаваць, але й разводзіць гэтую прыгожую птушку.
На дарослых фазанаў у недалёкім будучым прадугледжваецца платнае паляванне.

У дзіцячых творах — радасць

Якім бачаць навакольны свет выхаванцы РЦДіМ? Мяркуючы па малюнках і самаробках — радасным, вясёлым, рознакаляровым. А нядаўна 150 лепшых работ жабінкаўскіх юных творцаў былі адпраўлены ў Брэсцкі ЦМТ на рэгіянальную выставу. З нагоды яе адкрыцця адбыўся святочны канцэрт.
Чацвёртакласнікі трэцяй гарадской школы Яна Гаўрыленка і Сяргей Здаравец удзельнічалі ў ім як вядучыя, а таксама ўручалі каравай ганароваму госцю — намесніку начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірыне Васільеўне Чоўжык.
Пабачыць творчыя ідэі ў малюнках, цацках з гліны і пацерак, вырабах з саломкі, паперы, зробленых рукамі кобрынскіх і жабінкаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, можна будзе ў цэнтры моладзевай творчасці на працягу месяца. Так што, калі ёсць магчымасць, абавязкова наведайце выставу, зазірніце ў чароўны свет дзяцінства!

Аштрафаваны рыбаловы

Штомесяц раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя арганізуе рэйдавыя мерапрыемствы абследавання водных аб’ектаў на тэрыторыі Жабінкаўшчыны. Пад час рэйду, што праводзіўся ў кастрычніку, на рыбалоўных угоддзях (былыя торфапляцоўкі) ля вёскі Чыжэўшчына рыбаловы-аматары парушылі Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Яны прыпаркавалі аўтамабілі ля прыбярэжных  палос водных аб’ектаў без захавання 30-метровай адлегласці ад берагавой лініі. Сярод парушальнікаў жыхары Брэста, Кобрына, Камянца — усяго шэсць чалавек. На іх складзены пратакол, і яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Сёлета, менавіта, за такое парушэнне ўжо аштрафавана 12 аўтааматараў-рыбакоў.
Нагадваем, што паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за незахаванне правілаў паркоўкі ля вады прадугледжваецца штраф да 20 базавых велічыняў. Згодна з новымі правіламі, якія дзейнічаюць у нашай краіне з ліпеня, рыбаловы нясуць адказнасць і за смецце, якое раскідана на месцы лоўлі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top