Прафесія стала сямейнай

Прафесія стала сямейнай

IMG_2312Ці думаў калі-небудзь Аляксандр Голях, які толькі-толькі атрымаў “корачкі” аб заканчэнні Маларыцкага ПТВ і прыйшоў уладкоўвацца вадзіцелем на працу ў Жабінкаўскае ДРБУ-103, што застанецца тут назаўсёды? Наўрад.
Не ў натуры Аляксандра Станіслававіча мяняць рабочыя месцы ў пошуках вялікіх заробкаў. Затое, за 27 гадоў плённай працы ў ДРБУ, што стала яму родным, дасканала вывучыў усе тонкасці прафесій вадзіцеля, трактарыста, машыніста, слесара. Спакойнаму, разважліваму, адказнаму чалавеку кіраўніцтва заўжды давярала самыя складаныя ўчасткі работ, і ён ніколі не падводзіў яго.
— Бадай, самае прыемнае ў маёй рабоце — пракладваць дарогі, — кажа А.Голях. — Калі саджуся на каток і асфальтую вуліцу, у душы радуюся, што людзям будзе камфортна ездзіць і хадзіць. Гэтымі днямі завяршаем будаўніцтва гравійкі на вуліцы Прыазёрная, што ў мікрараёне цукровага завода. А ў цэлым, за гады работы ў ДРБУ праклаў не адзін дзясятак кіламетраў дарог у горадзе і вёсках. Каб яны служылі доўга і спраўна, трэба сачыць за іх станам і ў будні, і ў выхадныя, і ў святы. Асабліва дадае клопату снег і галалёд, ураганны вецер.
Своечасова ліквідаваць іх наступствы — задача першачарговая, каб не збіваліся з графіку руху аўтобусы, без аварый дабіраліся ў пункт назначэння вадзіцелі аўтамабіляў.
Пасля напружанага працоўнага тыдня любіць Аляксандр Станіслававіч парыбаліць. Калі застаецца сам-насам з вудай, ёсць час паразважаць, успомніць прыемныя жыццёвыя моманты. Радуецца ў думках, што сын Ігар працягвае працоўную дынастыю, і працуе разам з татам у адной арганізацыі. Ігар нейкі час слясарыў, а цяпер кіруе “газэлькай”. А вечарамі рыхтуецца да сесій, бо хутка будучы інжынер-механік абараняе дыпломны праект. Дачка Кацярына нарадзіла і выхоўвае двух хлопчыкаў. Трохгадоваму Сярожку і маленькаму Віталіку часта купляе цацачныя машынкі — у іх ужо цэлы аўтапарк, — аднак пракаціцца з дзедам у аўтамабілі куды цікавей! З любімымі ўнукамі Аляксандр Станіслававіч адпачывае душой. Калі падрастуць, абавязкова навучыць кіраваць аўтамабілем. Мо, і ўнукі працягнуць працоўную дынастыю?
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: вадзіцель ДРБУ-103 Аляксандр Голях.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top