УСХОДНІКІ

УСХОДНІКІ

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERAНарыс

Захад ёсць захад,
Усход ёсць усход.
І ім не сустрэцца ніколі.

Рэдзьярд Кіплінг

Першыя радкі
Стой, чорт крывы!

Ён задыхаўся ад бегу і крычаў:
— Стой, Антоні, стой!
Павевы асенняга злога ветру гасілі крык, і вазніца не чуў. А ён зноў крычаў — з адчайнай злосцю:
— Стой, чорт крывы!
IMG_8183І гэты крык даляцеў: драбіны спыніліся паблізу павароту на Жабінку.
Якаў дабег праз поле да вазка, схапіў работніка за руку і загадаў:
— Злезь, сам павязу, — і Антоні паслухмяна саскочыў на зямлю. — Ідзі дамоў.
Якаў зірнуў, як кульгавы работнік тупае ў бок Лойкаў, потым на хлопчыка, што мільгацеў спужанымі вочкамі, і матлянуў лейцамі.
Наперадзе быў Жыцінь — месца, дзе павінна было абарвацца жыццё.

Школа. Верасень

Да таго дня Віталь пражыў на зямлі 12 гадоў 8 месяцаў і 6 дзён. Хоць не аднойчы тое жыццё магло абарвацца.
Нарадзіўся ён у сям’і ўсходніка — савецкага спецыяліста, што пераехаў з сям’ёй у Беларусь. Пасля ўз’яднання яе ўсходніх і заходніх частак бацька перабраўся ў Брэст.
IMG_0137Месца нараджэння Віталя Сяргеевіча Чахлова — вёска Збышын на Магілёўшчыне. Яе фашысты спалілі 21 чэрвеня 1942 года, да гадавіны пачатку вайны.
Хлопчык выратаваўся, бо сустрэў пачатак ліхалецця разам з бацькам у горадзе над Бугам.
Уратаваўся, але трапіў з агню ды ў полымя, калі апынуўся ў вёсцы Драмлёва на Брэстчыне. Яе фашысты спалілі 11 верасня 1942 года, на Галавасек.
Віталь выйшаў жывым і з той палаючай клуні, у якой гарэлі драмлёўцы, бо на гэта, відаць, была воля Бацькі нябеснага.
Вёску карнікі палілі “па сонцы”: ішлі з усходу на захад, метадычна знішчаючы жытло за жытлом. Хлопец дабег, дапоўз да выратавання — у суседнія Сцяпанкі*.
Усё ж нездарма ягонае імя перакладаецца як “жыўчык”… Хоць сцяпанкаўцы казалі:
— Не жылец малы. Ох, Божачкі, лепш бы ён там згарэў, пакутнік… не, не выжыве…
Хлопчык чуў тыя “прароцтвы” і ўпарта думаў: “Што вы гаворыце? Выжыву я”.
Усходніцы, жонцы чырвонага камандзіра, што жыла ў Сцяпанках, тутэйшыя прапанавалі:
— Мы паклалі яго ў школе, яна свабодная, ты за ім глядзі і лячы яго, а мы будзем дапамагаць, чым можам.
І жанчына сядзела ля хлопчыка, чорнага, страшэнна абпаленага.
13 верасня быў нядзельны дзень, на службу ў царкву сабраўся навакольны люд. Сярод вернікаў была Марыя Магер з Лоек. Пасля малітвы ў храме яна падышла да хворага:
— Віця, ты да мяне пойдзеш?
— Так, — пачула ў адказ.
Гэтак хлопчык з Драмлёва апынуўся ў Якава і Марыі Магераў. Тая лячыла яго народнымі сродкамі: прыкладвала да ранаў трыпутнік, алеіла, перавязвала. Перамагаючы невыносны боль, ужо і ён не раз казаў сабе: “Лепей бы я згарэў”, ды патроху пайшоў на папраўку.
Але ж ракавы сорак другі год яшчэ не мінуў.
На календары быў аўторак 27 кастрычніка**.
У Магераву хату нечакана-негадана завітаў стараста:
— Гэтага ўсходняга хлопца вязіце ў Жыцінь, у гміну.
— Ну як я яго павязу? — усклікнула Марыя. — Няма майго гаспадара: Якаў малако панёс на зборны пункт.
Солтыс зірнуў на работніка, храмога паляка Антонія, і загадаў:
— Ён павязе! Няхай каня запрагае.
Калёсы толькі рушылі з двара, як Марыя паляцела на злом галавы ў пошуках мужа.
— Ідзі, хутчэй ідзі, Віцю павезлі ў гміну!
І той кінуўся напрасткі з крыкам:
— Стой, Антоні, стой!

Дзе захад? Дзе ўсход?

Ёсць шчасце на зямлі: яны не пазналі адзін аднаго.
Каб галаварэз уявіў, што перад ім уцякач з “вогненнай вёскі”, мо націснуў бы на курок адразу… Каб Віталь пабачыў у гэтым падцягнутым цыбатым немцы забойцу Драмлёва, мо й не стрымаўся б ад крыку і слёз…
Камандзір 10-ай роты 3-га баталь-
ёна 15-га ахоўнага паліцэйскага палка обер-лейтэнант Мюлер ра-зам са сваім намеснікам выйшаў з зялёнай легкавушкі.
У Жыціні іх чакалі з раніцы. Аднак у “Млынара”*** было шмат спраў, і ягоны “паслужны” спіс быў доўгім і крывавым.
10-ая рота пачала з Драмлёва, 23 верасня знішчыла вёску Боркі і яе 705 жыхароў, 3 і 8 кастрычніка прадоўжыла сваё крывавае “жніво” ў Пералум’і і Азятах, дзе паклала ў зямлю адпаведна 25 і 27 усходнікаў. 9 кастрычніка “справы” для “Млынара” і яго каманды знайшліся і ў Антанове, Зялёных Будах, Ляцаўцы, Карастоўцы, дзе расстраляна 19 мужчын, 22 жанчыны і 41 дзіця. 21 кастрычніка ў працоўным лагеры ля вёскі Хадасы, паблізу шашы Брэст — Масква, 10-я рота знішчыла 461 яўрэя.
Паўтары тысячы трупаў за сорак дзён…
Сённяшні “працоўны” дзень для обер-лейтэнанта пачаўся з масавага расстрэлу ўсходнікаў у Жабінцы, працягнуўся ў Сцяброве, завяршаўся ў Жыціні.
І вось такі скуралуп разам з памочнікам ды польскім перакладчыкам падышоў да вазка, на якім ляжаў хлопец з Драмлёва. Мюлер працадзіў скрозь зубы:
— Гэта ж юда!
— Не-не, — замармытаў Якаў, — у яго ўся сям’я працуе ў Германіі, а ён хварэе, таму і застаўся тут.
Віталева маці жыла тады ў Бабруйску, і калі падазроны немец спытаўся, дзе “мутэр”, хлопчык, які не ведаў, дзе захад, дзе ўсход, тыцнуў замест усходняга кірунку ў супрацьлеглы бок. Няведанне геаграфіі выратавала жыццё.
Мюлер, пабачыўшы рух дзіцячай рукі, сказаў перакладчыку, а той давёў Якаву:
— Отвёнзуй коня і прэндэ ідзь до дому.****

Школа. Кастрычнік

З самага ранку ў войта гміны быў клопат сабраць з навакольных вёсак жонак і дзяцей чырвонаармейцаў. Усходнікаў пад відам рэгістрацыі сагналі ў Жыцінскую пачатковую школу.
Мюлер зноў злавіў вуха паляка-“талмача”, і той пераказаў волю гаспадара: мужыкоў з рыдлёўкамі — капаць яму!
Жыцінскі стараста Якаў Козік пайшоў па дварах. Зайшоў і на гумно Андрэя Кускевіча. Той разам з сынамі Рыгорам і Іванам малаціў жыта.
— Хай старэйшы пойдзе капаць яму, — сказаў стараста, хаваючы вочы.
Жыцінец адкінуў у кут жменю зерня і выгукнуў, прытуліўшы Рыгора:
— Сам не пайду і сына не дам капаць жывым людзям магілу, хоць забі!
Праз многія гады, згадваючы гэты выпадак, малодшы сын Іван казаў: “Солтыс быў някепскі чалавек. Ён добра ведаў майго бацьку. І знаў, што той кідаць словы на вецер не стане”.
Нічога, знайшліся іншыя, не такія смелыя.
Пачало цямнець, калі жанчын і дзяцей вывелі са школы.
Якаў Магер паспешліва запрог каня і пацягнуў лейцы, каб прыспешыць хаду. Паўсюль па вёсцы стаялі людзі і плакалі. Дзядзька азірнуўся на Віталя і скрушна сказаў:
— А ты ведаеш? Іх жа ўсіх будуць расстрэльваць.
Данесліся енкі і плач — пакутнікаў садзілі ў машыны. У лагчыне іх ужо чакала глыбокая яміна.
Калі іх забівалі, была цёмная ноч. “Мы, абамлеўшыя, — згадваў Іван Кускевіч, — стаялі на нашай сядзібе за вербамі, кусалі, каб не крычаць, ад болю вусны і чулі грукат кулямётаў, дзіцячыя крыкі і плач”.

Заключныя радкі
Пасля тых горкіх слёз

Тыя, хто не пайшоў капаць яму, былі асуджаны. Ужо савецкім судом. Андрэй Міхайлавіч Кускевіч у 1950-ым як кулак атрымаў пяць гадоў зняволення, яго сям’ю — жонку, нявестку і сыноў — вывезлі ў спецпасяленне ў Казахстан. Рэабілітацыі дачакаліся праз сорак гадоў.
Віталь Сяргеевіч Чахлоў дасюль жыве ў Рызе, скардзіцца на вочы, што дрэнна бачаць, але не на памяць, у якой і Лойкі, і Драмлёва, і Жыцінь.
Жыцінскі стараста быў забіты 5 чэрвеня 1944 года. Партызаны, што ішлі забіваць, помсцілі ў тым ліку і за расстрэл за вёскаю. Сустрэўся з унукам колішняга солтыса. Ён ведае пра лёс дзеда, спакойна разважае пра складанасці ваеннай пары.
Так, усё ў гэтым жыцці няпроста, асабліва калі яно, жыццё, афарбавана ў колеры смерці. Як у Віктора Гюго: “Чырвонае і чорнае”.
На ўскрайку камянецкай Рыжкоўкі стаяць тры крыжы. На адным шыльда:
“Сей крест сооружен в память избавления от смерти всех жителей деревни Рыжковка 28 сентября 1942 года”.
А ў мясцовай царкве — абраз Божай Маці з дзіцём, падораны нямецкім маёрам Эмілем Хербстам са словамі: “На гэты раз расстрэльваць вас не будзем, але бачыце, што яма вырыта, і калі вы не перастанеце падтрымліваць сувязь з партызанамі, будзеце ўсе ляжаць у ёй. Дзяцей вернем. Працягвайце будаваць царкву”.
Старыя жыхары з нашых Вярхоў дасюль згадваюць свайго старасту Васіля Ганчука, які 12 верасня 1942 года на каленях вымаліў у гера Мюлера не знішчаць вёску.
Упрасіць обер-лейтэнанта — дарагога вартае. Пра дзеянні сваіх падначаленых 27 кастрычніка ён склаў кароткую справаздачу: “10-я рота праводзіла праверку насельніцтва ў раёне Жабінкі. Закатавана 500 перасяленцаў з Савецкага Саюза”. Агульная лічба дзейнасці катаў склала на той дзень дзве тысячы чалавек.
Аднак, як высветлілася, гэта была толькі “рэпетыцыя”. У той самы дзень, калі чуліся расстрэльныя каманды на Жабінкаўшчыне, галоўны начальнік СС і паліцыі Украіны обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі Пруцман атрымаў загад ад свайго шэфа Генрыха Гімлера: “Загадваю вам, не зважаючы на меркаванні эканамічнага характару, неадкладна ліквідаваць Пінскае гета”.
Трэцяга дня роту Мюлера адкамандзіравалі ў Пінск — на падмогу. За чацвёра сутак яны забілі 17000 яўрэяў у маёнтку Добрая Воля.
Але ж усё гэта адбывалася пазней — пасля тых горкіх слёз, што праліліся ў Жабінцы, Сцяброве і Жыціні.

* Падрабязней пра знішчэнне Драмлёва, пра сваё цудоўнае выратаванне В.С.Чахлоў расказаў у інтэрв’ю “Погляд праз полымя”, змешчаным у “Сельскай праўдзе” 30 кастрычніка 2013 года.
** Паводле дадзеных этнографа Зінаіды Радчанкі, некалі на Палессі 26 кастрычніка спраўлялі Змітраўкі, або Дзяды, калі паміналі прашчураў мужчынскага полу, а на наступны дзень шанавалі памерлых жанчын, гэты дзень называлі Бабы.
*** “Млынар” — літаральны пераклад нямецкага прозвішча Мюлер.
**** Літаральна: “Адвязвай каня і плыві дадому” (польск.).
На здымках: помнікі на месцах масавых расстрэлаў у Сцяброве, Жабінцы і Жыціні; яміна ў Рыжкоўцы, восень 1942 года (здымак нямецкага фатографа).
Фота Ірыны ЖУК і аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top