“Хуткая”, на выклік!

“Хуткая”, на выклік!

Калі размова заходзіць пра высокую якасць жыцця людзей, прынята гаварыць пра даступнасць медыцынскага абслугоўванння, росце працягласці жыцця.
Сустракаць Новы год на працоўным месцы фельчару хуткай медыцынскай дапамогі Наталлі Аляксандраўне Дзмітрук даводзілася многа разоў. Сёлета яна працавала 1 студзеня, а таксама ноччу на стары Новы год. “Гэтыя ночы своеасаблівыя, —гаворыць Наталля. —Але на “хуткай” і звычайныя дзяжурствы лёгкімі не бываюць, а навагоднія тым больш. Адны перабралі высокаградуснай, іншыя са стравамі былі ў вялікім сяброўстве, а ў выніку абвастрыліся хранічныя хваробы”.
Наталля Аляксандраўна родам з Міншчыны. Маці Таісія Восіпаўна Гайдучонак — ветэрынарны ўрач, бацька — Аляксандр Уласавіч — шафёр. Як і матуля Наташа вырашыла лячыць, але не сяброў нашых меншых, а людзей. Паступіла ў Бабруйскае медыцынскае вучылішча, якое паспяхова скончыла. Атрымала спецыяльнасць фельчара. У Жабінкаўскай бальніцы працуе 15 гадоў, з якіх сёмы год на “хуткай”. Пры размове Наталля заўважыла, што пажылыя людзі часцей выклікаюць “хуткую”, калі парушылі рэжым, ператаміліся, а потым адчулі болі ў сэрцы. З пераломамі рук, ног, рэбраў, разбітымі галовамі прывозім жабінкаўцаў у бальніцу. Асабліва цяжкія кліенты “хуткай” пасля дарожна-транспартных здарэнняў. Тыпічная прычына навагодніх выклікаў —свавольствы з піратэхнікай, неасцярожнасць з феерверкамі. Запомніўся ёй такі выпадак, які адбыўся на гарадской плошчы. Ад няправільна запушчанай ракеты ў хлопца загарэлася куртка, а малады чалавек атрымаў апёкі другой і трэцяй ступеняў, а навагодняя ноч закончылася шпіталізацыяй у бальніцу. Нядаўні выпадак: на стары Новы год “хуткая” забрала ў Якаўчыцах мужчыну. Ён так закалядаваўся, што нават не адчуў як зламаў нагу. І калі б не вяскоўцы, якія пачулі крык аб дапамозе мужчыны, які ляжаў у снезе, то абмарозіўся б. Вось такі “калядны падарунак” знайшла брыгада службы “103” у Якаўчыцах.
Тры брыгады аказваюць хуткую дапамогу ў нашым раёне: дзве кругласутачна, і ёсць адна дзённая. Усе яны аснашчаны сучаснай медыцынскай апаратурай і сродкамі сувязі. “Прыемна працаваць з ёй, — гаворыць Наталля Аляксандраўна. — Няма ў нас і дэфіцыту лекаў. Кожная брыгада ў суткі выязджае на выклік 30 і больш разоў. У выхадныя і святочныя яшчэ часцей”.
Тэлефонныя званкі, якія паступаюць на “хуткую” падзяляюцца па тэрміновасці і спецыялізацыі. На экстраны выклік брыгада павінна выехаць на працягу чатырох хвілін, на тэрміновы — пятнаццаці, на неадкладны — адной гадзіны. У святочныя і перадсвяточныя дні прыёмнае аддзяленне бальніцы, рэанімацыя працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, так што цяжкія хворыя хутка атрымліваюць кваліфікаваную дапамогу.
“Ад якаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, прафілактычнай работы залежыць наша здароўе, а значыць і эканамічны дабрабыт, а ў выніку якасць жыцця, — сказала пры размове Наталля Аляксандраўна. — Высокапрадукцыйна можа працаваць і адпачываць толькі здаровы чалавек”.

Л.ЦІТОВА,
наш няшт. кар.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top