“Мандарын” у Маціевічах урадзіў

“Мандарын” у Маціевічах урадзіў

_DSC4254З-за засушлівага лета атрымаць высокі ўраджай цукровых буракоў было няпроста, аднак рупліўцам СВК “Маціевічы” гэта ўдалося. Амаль 500 цэнтнераў з гектара накопваюць тут, а гібрыд “мандарын” увогуле “выдае” за 650 цэнтнераў. Паводле слоў галоўнага агранома гаспадаркі Адама Ануфрыевіча Харламповіча, сёлета ў “лідарах” па ўраджайнасці і ўтрыманні цукру таксама гібрыды “лімузін”, “ангуст” і “моллі”. Іх абавязкова будуць высяваць і ў наступным годзе. А вось капрызная “нэнсі” “падвяла” — ад яе давядзецца адмовіцца.
— Не ўсё залежыць толькі ад гібрыдаў, — лічыць галоўны аграном. — Салодкія буракі, як і бульба, — культура патрабавальная, не любіць мець у “суседзях” пустазелле. На дзень-два спазніўся з праполкай — усё, ураджаю не чакай. Глебу пад цукровыя буракі рыхтуем яшчэ з восені: уносім гліфасаты, мінеральныя ўгнаенні, арганіку. Вясной “закрываем вільгаць”, праводзім перадпасяўную апрацоўку.
Сёлета 350 гектараў засеялі насеннем механізатары Яўген Кавальчук і Аляксей Пятроў. Усходы былі роўныя, дружныя, аднак дажджлівае надвор’е ўнесла свае карэктывы: падтопленымі аказаліся 29 гектараў пасеваў. Чапаць іх не сталі, а ўсю ўвагу надалі астатнім плошчам: тройчы правялі хімічную апрацоўку і чатыры разы ўносілі мікраўгнаенні — бор і марганец. А яны, як вядома, дапамагаюць змагацца з некаторымі хваробамі раслін і лепш вытрымліваць шматдзённую спякоту.
Аграрыі СВК “Маціевічы” ведаюць: атрымаеш добры ўраджай цукровых буракоў — заробіш неблагія грошы для гаспадаркі. Летась, напрыклад, ад продажу салодкіх каранёў на мясцовы перапрацоўчы завод атрымалі прыбытку звыш 1,5 мільярда рублёў. Сёлета плануюць атрымаць не менш. Паводле папярэдніх падлікаў, на палях вырасла да 15 тысяч тон сыравіны. Буракі выкапаны ўжо на 165 гектарах, што складае палову плошчаў.
Ганарацца ў гаспадар-цы  буракаўборачным камбайнам замежнай вытворчасці “ROPА”, які за адзін праход выконвае некалькі аперацый: зразае бацвінне, выкопвае корань, даачышчае, загружае ў бункер і высыпае ў бурт або кузаў аўтамабіля. З гэтай манеўровай тэхнікай выдатна спраўляецца Аляксандр Мікалаевіч Ляўчук. За дзень на камбайне ўбірае да 7 гектараў, хаця магутнасці машыны ў тры разы большыя. Стрымлівае работу недахоп тэхнікі для адвозкі сыравіны, а яшчэ — вялізныя чэргі, каб яе здаць на буракапрыёмны пункт. Бывала такое, што ў дзень вадзіцелі маглі зрабіць толькі два рэйсы…
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: вадзіцель МАЗа Сяргей Мікалаевіч Ярмольчык,
 механізатар Аляксандр
 Мікалаевіч Ляўчук і галоўны аграном Адам Ануфрыевіч Харламповіч з СВК «Маціевічы».
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top