«Мы живем в чудеснейшем доме…»

«Мы живем в чудеснейшем доме…»

“Мы жывём у найсвятлейшым доме…”
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры паводле адукацыі, Аляксандр Фёдаравіч Крыўчэня найбольш гадоў у сваёй працяглай працоўнай біяграфіі прысвяціў ахове прыроды. Напярэдадні юбілею экалагічнай службы Беларусі Пісьмо падзякі ад райвыканкама яму ўручыў цяперашні начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.А.Штык (момант уручэння — на здымку А.Ганчука). Сярод тых, хто павіншаваў ветэрана, быў і наш карэспандэнт.
— Што для вас, Аляксандр Фёдаравіч, прырода?
— Змалку яе люблю. Другім домам быў для мяне лес, дзе я прападаў у грыбах або проста гуляў, любаваўся ім. Калі закончыў дзесяцігодку, напісаў заяву ў Кіеўскі лесатэхнічны інстытут, але быў у прызыўным узросце, і ваенкам не адпусціў. Так я змяніў свой выбар: у 1950 годзе закончыў Брэсцкі настаўніцкі інстытут.
— Настаўнічалі, дырэктарствавалі. Былі старшынёй калгаса на роднай Кобрыншчыне, узначальвалі райаддзел культуры ў Жабінцы… І ўсё ж вярнуліся да прыроды, сталі яе ахоўнікам. Ці задаволены тым часам, калі працавалі інспектарам?
— У мяне такое адчуванне, што я ніколі не парываў з прыродаю. Тым болей, што ўсе “мы жывем у найсвятлейшым доме, дзе неба — дах, а сцен — зусім няма”, як сказаў паэт. Яшчэ калі працаваў загадчыкам райпедкабінета ў Жабінцы, узначальваў на грамадскіх пачатках раённае таварыства аховы прыроды. А выйшаў на пенсію — на цэлых дзесяць гадоў уладкаваўся егерам у паляўнічую гаспадарку. Сённяшняя сядзіба раённай аргструктуры БТПР на вуліцы Фядзяя вырастала пры мне, пры маім удзеле: дом паляўнічага, сажалка, мноства дрэў вакол іх. Дрэў — чвэрць сотні відаў, сюды ахвотна хадзілі на экскурсіі вучні і настаўнікі.
Ахоўнікам прыроды, не хвалячыся, быў неблагім, партрэт мой красаваўся нават на абласной Дошцы гонару. Мы штогод ладзілі ў Жабінцы выставы-конкурсы кветак, на якія з’язджаліся аматары з усяго раёна. Стэндамі, вітрынамі, газетнымі публікацыямі і радыёвыступленнямі прапагандавалі ўсё лепшае, не забывалі крытыкаваць нядбайныя, спажывецкія адносіны да навакольнага свету. Інспектар мусіць быць не толькі кантралёрам, а і арганізатарам добрых спраў. Такімі здольнасцямі я, здаецца, валодаў. Як узнікла, скажам, дуброва над Мухаўцом за горадам? На маю просьбу адгукнуўся вядомы ўсім Улас Уласавіч Клімушка, у каго на школьнай сядзібе ў Вежках быў цэлы гадавальнік дубоў. Адгукнуліся іншыя ветэраны вайны, школьнікі, дружна ўзяліся за пасадку. Не толькі дубоў, а і соснаў, блакітных елак, якія я выпрасіў у Кобрынскім лясгасе. Так і ўзнікла новая зона адпачынку. Нешта ад пасаджаных дрэў, у тым ліку 17 са 100 дубоў, засталося дасюль.
— На жаль, многія дрэвы загінулі не самі па сабе, а з-за сквапнасці ці бяздушнасці людской. Вы былі строгім інспектарам у дачыненні да такіх чалавечых “слабасцей”?
— Зразумела, нярэдка караў у адпаведнасці з законам. Але галоўны мой прынцып — прапагандаваць ахову прыроды на добрых прыкладах, тлумачыць значэнне прыроды і яе зберажэння, папярэджваць парушэнні. Бо аднымі штрафамі любові да навакольнага свету не прышчэпіш. Дый не заўсёды зловіш чалавека-шкодніка, каб пакараць або хоць строга паразмаўляць з ім. Папрасіў неяк у Пятровіцкім лясніцтве чатыры кавалкі ўздоўж распілаваных дубоў, завёз іх у Здітаўскі лес, змайстраваў столік і лаўкі для адпачынку. Для ўсіх рабіў, а дасталіся матэрыялы камусьці аднаму: нехта ўкраў літаральна праз тыдзень. Заявіў у міліцыю, ды безвынікова. Крыўдна. Такіх злодзеяў варта караць.
— Аляксандр Фёдаравіч, з прыродаю вы па-ранейшаму. Бываючы ў вас на сядзібе, міжволі думаеш, што цяпер яна сама прыйшла да вас…
— Дык мы ніколі і не расставаліся. Сядзіба не за год набыла сённяшні выгляд. За яе і маладыя мае ўзяліся. У садзе яблыні ўсялякіх сартоў, грушы, вішні, слівы ды шмат іншага. Добры пад ім лужок. Агарод ёсць, штучны басейн для дзяцей і ўнукаў, ставок, або ручэй, дзе плаваюць рыбкі. А ў майстэрні займаюся пляценнем з лазы. Магу зрабіць кошык, прыгожы рамонак, якую-небудзь кампазіцыю. І сярод жывой прыроды па-ранейшаму бываю. Пракінуцца грыбы — іду, выспеюць чарніцы — таксама. Я проста не магу без лесу. Падбіраю мудрагелістыя, незвычайныя кавалкі дрэва, напрыклад, ёсць бярозавы кругляк, абвіты дзівоснымі грыбкамі. Збіраю таксама цікавыя камяні, адзін — проста цуд прыроды, увесь іскрынкамі ззяе. Хай людзі прыходзяць, усё пакажу, нічога не ўтаю.
Гутарыў А.КАСКО.
P.S. Акурат сёння ў Аляксандра Фёдаравіча 83-ці дзень нараджэння. Рэдакцыя “Сельскай праўды” шчыра віншуе свайго даўняга аўтара і жадае яму здароўя, даўгалецця, далейшага актыўнага, цікавага жыцця!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top