Пра горад, сяброўства і конкурс

IMG_6265(1970-ыя гады)

70-ыя гады мінулага стагоддзя ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “брэжнеўскага застою”. У тых умовах карэспандэнтам даводзілася працаваць надта вынаходліва, каб газета не заставалася выключна “агітатарам і прапагандыстам”, а мела ўласны твар і голас, да якога прыслухоўваюцца і простыя грамадзяне, і прадстаўнікі ўлады. Наколькі дазвалялі абставіны, журналісты “Сельскай праўды” з гэтай місіяй спраўляліся.
Першая вялікая змена, што закранула наш край адбылася напрыканцы 1970 года: Жабінка стала горадам, а гэта значыла, што райцэнтр чакалі сур’ёзныя перамены. Такую важную падзею “газетчыкі”, зразумела, абмінуць ніяк не маглі. Таму неўзабаве ў раёнцы з’явіўся вялікі артыкул галоўнага архітэктара раёна М.Пукіты “Якой будзе Жабінка?” пра перспектывы забудовы горада да 2000 года. Задум было шмат. Як тое спраўдзілася, можа бачыць кожны, хто зараз жыве ў Жабінцы.
“У цэнтры Жабінкі і новых мікрараёнах капітальнай забудовы вырастуць 5-ці і 9-павярховыя дамы. У мікрараёнах, адведзеных для індывідуальных забудоўшчыкаў, мяркуецца ўзводзіць дамы толькі мансарднага тыпу і двухпавярховыя з кватэрамі ў двух узроўнях. Увесь горад будзе газіфікаваны. У бліжэйшыя гады плануецца перавесці на прыродны газ усе кацельні. Грузавы аўтатранспарт пойдзе па двух абвадных вуліцах. У цэнтры горада будзе дазволены праезд толькі аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў. Вакол райцэнтра, у лесапаркавай зоне, размесцяцца зоны адпачынку працоўных, плануецца будаўніцтва на рацэ Мухавец лодачнай станцыі, добраўпарадкаванне пляжа”.
(“Сельская праўда”. 19.02.1974г., №22).
Савецкі Саюз быў шматнацыянальнай краінай. Таму нярэдкімі былі сустрэчы творчых калектываў саюзных рэспублік. Адно з такіх мерапрыемстваў, што ладзілася ў рамках Дзён літаратуры і мастацтва Украінскай ССР у Беларусі, адбылося ў маі 1976-га на Жабінкаўшчыне. Пра тое “Сельская праўда” паведамляла ў рэпартажы “Муза любві і братэрства. Ансамбль “Ятрань” у Хмелеве”:
“Нібы грані іскрыстага брыльянта, ззяе талент вялікага ўкраінскага народа і ў выканаўчым майстэрстве імклівых танцораў ансамбля, і ў задушэўнай мілагучнасці песень, выкананых салістамі Анатолем Бандарэнкам і Антанінай Чарвінскай. Паўтары гадзіны непаўторнага эстэтычнага задавальнення падаравалі нам госці з далёкага і блізкага Кіраваграда. А.ГАТОЎЧЫЦ, В.КАНАВАЛЮК”.
(“Сельская праўда”. 29.05.1976г., №65).
Любоў і братэрства ў тыя часы аб’ядноўвалі не толькі работнікаў культуры, але нярэдка сягалі за межы дзяржавы, прынамсі, выліваліся ў стасункі партыйных арганізацый:
“Члены партыйна-прафсаюзнай дэлегацыі Люблінскага ваяводства… 13 кастрычніка пабывалі на Жабінкаўскім цукровым заводзе… Цёпла віталі пасланцоў братняй Польшчы рабочыя прадпрыемства, якія сабраліся ў чырвоным кутку на ўрачыстую сустрэчу. Перад прысутнымі выступіў загадчык аддзела працы і ідэйна-выхаваўчай работы Люблінскага гаркома партыі Станіслаў Грыгель. Ён гаварыў аб вялікай ролі дружбы і супрацоўніцтва паміж польскімі і савецкімі народамі… Слова ў адказ узяў сакратар партарганізацыі цукровага завода Іван Лявонцьевіч Шастак. Ад імя прысутных ён падзякаваў гасцей за наведванне прадпрыемства. А.АКСЕНІН”.
(“Сельская праўда”. 16.10.1976г., №125).
Каб заахвоціць сваіх аўтараў, з 1970-ых гадоў “Сельская праўда” нярэдка пачала праводзіць творчыя конкурсы. Пра вынікі аднаго з іх, прысвечанага 60-годдзю БССР і Кампартыі Беларусі, раёнка паведамляла ў святочным навагоднім нумары за 1979 год:
“За публіцыстычныя артыкулы, прысвечаныя гераічнаму мінуламу Жабінкаўскага раёна, прысуджаны дзве прэміі. Першая ў суме 30 рублёў за артыкулы “Партыя к шчасцю вядзе нас у паход”, “У нашых вуліц слаўныя імёны” і “Калі б каменні маглі гаварыць”, — няштатнаму карэспандэнту “Сельскай праўды” партыйнаму работніку П.М.Бензеруку, другая ў суме 20 рублёў — настаўніку Ракітніцкай школы М.С.Міцковічу за артыкулы “Усё, што было не са мной, помню” і “За права людзьмі звацца”.
За два апавяданні, аб’яднаныя адной тэмай “Бацькі і дзеці”, першую прэмію ў суме 30 рублёў журы прысудзіла загадчыку аддзела пісьмаў Р.М.Бензеруку…
Улічваючы актыўнасць штатных і няштатных аўтараў рэдакцыі, — высокі ідэйны і мастацкі ўзровень прадстаўленых на конкурс нарысаў і замалёвак, павялічана колькасць прэмій за матэрыялы гэтага жанру. Дзве першыя прэміі па 40 рублёў прысуджаны карэспандэнтам “Сельскай праўды” А.К.Каско за нарысы аб нашых сучасніках “Званок пасля змены” і “Зямная вышыня” і М.І.Гатоўчыц за нарыс аб палымянай актывістцы, загінуўшай ад рук бандытаў, — “Чырвоная Марфа”. Другая прэмія ў суме 30 рублёў прысуджана няштатнаму карэспандэнту раённай газеты інспектару райана Я.Г.Гуку за нарысы “Неспакой” і “Лёс Рамана Дошчыка”. Дзве трэція прэміі па 20 рублёў — рабкору М.П.Кучко за нарыс “Сямейная біяграфія” і юнкору Алене Давыдоўскай за нарыс “Сёстры”.
(“Сельская праўда”. 1.01.1979г., №1).
Старыя падшыўкі гартаў Анатоль РОСТАЎ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*