Расчулілі матуліны сэрцы

14 кастрычніка ў раённай дзіцячай бібліятэцы адбылося святочнае мерапрыемства “Матуліна сэрца”. У ім прынялі ўдзел другакласнікі СШ №3 г.Жабінка і іх мамы. Госці свята пазнаёміліся з выставай зборнікаў вершаў і апавяданняў пра матуляў. У чытальнай зале была аформлена экспазіцыя дзіцячых малюнкаў “Нашы мамы”.
Юныя чытачы бібліятэкі падрыхтавалі канцэрт для сваіх любімых матуль, якім і распачалося мерапрыемства. Затым яго вядучая — бібліятэкар Таццяна Раманава — правяла віктарыны для дзяцей і дарослых, прапанавала загадкі з падвохам і мультфільм “Мама для маманцяняці”. Таццяна Іванаўна расказала маленькім чытачам пра кнігу А.Мілна “Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе”, першае выданне якой адбылося 14 кастрычніка 1926 года. Акрамя таго вучні 2 “В” класа тут жа, у бібліятэцы, павіншавалі свайго класнага кіраўніка Алену Дзярдзюк, якая нарадзілася ў Дзень маці, і прызналіся, што для іх яна як другая мама.
Мерапрыемства атрымалася цёплым і душэўным, бо ўсё, што прысвячаецца самаму блізкаму і дарагому чалавеку — маме, не можа быць інакшым.

Сустрэча Ў клубе “Вера і жыццё”

_DSC3912У цукразаводскай бібліятэцы створаны і дзейнічае клуб “Вера і жыццё”. На мінулым тыдні адбылася чарговая сустрэча яго ўдзельнікаў з клірыкам Свята-Пакроўскай царквы Андрэем Петрусевічам. Ён спачатку прапанаваў паглядзець фільм “Прападобны Сергій Раданежскі. Зямное і Нябеснае”. Пасля абмеркавання ўбачанага, чытачкі задавалі святару пытанні з самых розных сфер жыцця. Цікавіліся, напрыклад, жыціем святых-заступнікаў, чым адрозніваецца дзень анёла ад дня нараджэння, што неабходна пры хрышчэнні, аб чым “просяць” нябожчыкі і чаму на пахаванні гарэлка лішняя, многае іншае.

 “Чалавек з белай палкай”

15 кастрычніка на Брэстчыне стартаваў месячнік “Чалавек з белай палкай”. Мэта яго — актывізаваць дзейнасць дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый на ажыццяўленне праграм, накіраваных на папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыю інвалідаў зроку, стварэнне безбар’ернага асяроддзя для іх жыццядзейнасці.
У рамках яго 23 і 24 кастрычніка прадугледжваецца абласны конкурс “Я — самы рэабілітаваны”, у якім прымуць удзел і сябры Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”. У першы конкурсны дзень будзе разыграна дзве намінацыі “Валоданне элементарнымі навыкамі работы на камп’ютары” і “Чытанне і пісьмо паводле сістэмы Брайля”. Канкурсанты паўдзельнічаюць і ў намінацыях “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” і “Прасторавая арыенціроўка і камунікабельнасць”.

Акцыі ў папярэджанні пажараў

З 6 па 25 кастрычніка ў рэспубліцы праводзіцца акцыя “Моладзь за бяспеку”, прысвечаная павышэнню адукаванасці выратавальнікаў-пажарных Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі. Актывісты разам з супрацоўнікамі Жабінкаўскага райаддзела надзвычайных сітуацый наведваюць школы і дзіцячыя сады раёна. Яны знаёмяць сваіх равеснікаў з дзейнасцю выратавальнікаў і арганізоўваюць з імі забаўляльныя праграмы. Аказваюць шэфскую дапамогу шматдзетным сем’ям, пенсіянерам, ветэранам і інвалідам, якія адзінока пражываюць.

***

Для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, актывізацыі пажарна-прафілактычнай работы, аналізу яе эфектыўнасці і адзнакі гатоўнасці тэрыторый да асенне-зімовага перыяду з 1 па 31 кастрычніка праводзіцца рэспубліканская акцыя ў папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе. У населеных пунктах праходзяць сходы грамадзян, на якіх абмяркоўваюцца пытанні папярэджання пажараў і гібелі на іх людзей. У дашкольных і навучальных установах у гэтыя дні праводзяцца гульні, конкурсы, віктарыны па тэме АБЖ. Адбудуцца таксама бацькоўскія сходы з абмеркаваннем аналагічных пытанняў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top