Дождж турысту — не перашкода

Дождж турысту — не перашкода

IMG_1592

У нашай школе працуе аб’яднанне па інтарэсах «Юныя турысты», якім кіруе В.А.Марковіч. Старшакласнікі пад час заняткаў навучыліся многім «хітрыкам» паходнага жыцця: распальваць вогнішча, ставіць палатку, вязаць вузлы, варыць ежу ў кацялку і інш. А ў Сусветны дзень турызму правялі ўнутрышкольны турыстычны злёт.
У ім удзельнічалі тры каманды:  выпускнікі «11 партызанскі імя Станіславаўны» (кіраўнік — Марына Станіславаўна Марчук), дзесяцікласнікі «Адрэналін» (Марыя Іванаўна Кароль) і вучні 8 класа «Pepsi» (пад кіраўніцтвам  Ніны Сцяпанаўны Казюра). Рыхтавацца да злёту пачалі задоўга: прыдумвалі назвы каманд, дэвіз, эмблемы, песню, касцюм, склад страў. Кожны хацеў стаць пераможцам.
І вось настаў доўгачаканы дзень. Удзельнікі крыху хваляваліся, а тут яшчэ з ранку пайшоў дробны дождж. Толькі сапраўдным турыстам непагадзь не перашкода, а гэта яшчэ выпрабаванне самога сябе.
Распачалася спартыўная частка спаборніцтваў. У намінацыі «Тэхніка горна-пешаходнага турызму» не было роўных каман-дзе «11 партызанскі імя Станіславаўны». У наступным конкурсе «Тэхніка веласіпеднага турызму» перамогу «Адрэналіну» прынёс Аляксандр Марковіч.
Таксама вызначыліся лепшыя ў намінацыях «турыстычная песня», «эмблема», «паходная страва» (каманда «Адрэналін» парадавала журы запечаным на вогнішчы карпам).
Конкурсы экалагічна чыстых касцюмаў пад назвамі «Жывы кантэйнер» і «Экалагічны супермэн» дадалі вясёлага настрою ўдзельнікам злёту. Падрыхтавалі «вопратку» Дзіма Марковіч, Насця Пугачова, Наташа Сарока і Дзіма Сідараў.
Час падводзіць вынікі. Пераможцам у конкурсах уручылі дыпломы. Юным турыстам кіраўнікі пажадалі лёгкай дарогі, прывалаў з вернымі сябрамі, каб у кацялках булькатала смачная каша. Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі каманд:
«Pepsi»:
— Мы ўпершыню былі на падобным злёце. Атрымалася  незвычайна. Вельмі спадабалася гатаваць на вогнішчы. Мы многаму навучыліся. Спадзяемся, што ў наступны раз наша выступленне будзе яшчэ больш удалым.
«Адрэналін»:
— Нам усё спадабалася, нават дождж не сапсаваў сустрэчу. Правялі час цікава і з карысцю. Хочам яшчэ!
«11 партызанскі імя Станіславаўны»:
— Настрой ва ўсіх быў цудоўны, усе здорава адпачылі. Школьны турзлёт падарыў многа ўражанняў. Здорава было б яшчэ так сабрацца!
Інеса БУЗА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Крыўлянскай сярэдняй школы.
На здымках: моманты турзлёту; смачна есці!
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top