Рэмень выратуе ваша жыццё

Рэмень выратуе ваша жыццё

1274923052_1
Вадзіцелі і пасажыры не прышпільваюцца рамянямі бяспекі па розных прычынах: адны спадзяюцца на ўдачу, іншым рамяні замінаюць, а трэція лічаць, што яны могуць нанесці шкоду. Кожнаму неабходна памятаць, што ў транспартным сродку павінны быць прышпілены вадзіцель і ўсе пасажыры. Чаму ж многія ігнаруюць рамяні бяспекі?
20% грамадзян лічаць, што ў выпадку ДТЗ людзі вылецяць з машыны і застануцца жывыя.
Смяротныя траўмы, на жаль, можна атрымаць і пры сутыкненні на хуткасці 20 км/г. Акрамя таго, вылецець з аўтамабіля ў момант аварыі і не разбіцца пры гэтым насмерць практычна немагчыма. На вашым шляху можа знаходзіцца не толькі лабавое шкло, але і стойка кузава, аб’ект, з якім сутыкнулася машына, дрэва…
10% лічаць, што ў выпадку ДТЗ іх выратуюць падушкі бяспекі.
Надзіманая падушка бяспекі эфектыўная толькі ў пары з рэменем. Без яго яна прынясе больш шкоды, чым карысці. Да кантакту з тварам і грудзьмі чалавека падушка павінна раскрыцца поўнасцю, а гэта магчыма толькі тады, калі той сядзіць вертыкальна, значыць прышпілены рэменем. У большасці сучасных аўтамабіляў «аэрбэг» спрацоўвае толькі ў гэтым выпадку, таму што, раскрываючыся з хуткасцю больш за 300 км/г, ён можа нанесці смяротныя траўмы. Некаторыя машыны абсталяваны датчыкамі, якія сігналізуюць пра непрышпіленыя рамяні. Няварта іх «ашукваць», замацоўваючы рамяні па-за сабой ці сядзеннем. Вытворцы паклапаціліся пра вашу бяспеку, паклапаціцеся пра яе і вы.
15% лічаць, што рэмень можа стаць прычынай сур’ёзных траўмаў.
Гэта магчыма толькі ў выпадку няправільнага выкарыстання рамянёў. Так, аматары кіраваць аўтамабілем паўлежачы ў выпадку ДТЗ могуць праслізнуць пад рэменем у кірунку педаляў і атрымаць пераломы ног і пазваночніка. Акрамя таго, шлейка рэменя можа «злавіць» чалавека за шыю. Траўміраваць могуць і прадметы ў нагрудных кішэнях, і розныя масіўныя ўпрыгажэнні (ланцужкі, крыжыкі, пярсцёнкі і інш.), і нават рэмень для штаноў з металічнай спражкай.
Разгледзім аварыю ў дэталях, каб было зразумела, для чаго патрэбныя рамяні і што адбываецца з непрышпіленымі пасажырамі ў час аварыі. Напрыклад, аўтамабіль, у салоне якога знаходзіцца вадзіцель і тры пасажыры вагой па 75 кг кожны, сутыкаецца з нерухомай перашкодай на хуткасці 80 км/г. На пачатку ўдару на аўто дзейнічае сіла інерцыі, якая ў 30 разоў перавышае масу машыны; пасажыры ў гэты момант перамяшчаюцца па салоне па-ранейшаму на хуткасці 80 км/г. Усяго праз 0,05 секунды з-за раптоўнага прыпынку на кожнага з пасажыраў пачынае дзейнічаць сіла інерцыі, якая ў 80 разоў перавышае іх масу — гэта значыць, вага кожнага чалавека дасягае 6 тон. Праз 0,068 секунды кіроўца і пярэдні пасажыр стукаюцца галовамі аб прыборную панель, праз 0,092 секунды — аб лабавое шкло. Праз 0,113 секунды пасажыры, якія сядзяць ззаду, уразаюцца ў тых, што спераду, ламаючы сядзенні. Праз 0,240 секунды задніх пасажыраў адкідвае, прычым, з такой сілай, што, удараючыся патыліцамі аб столь салона, яны дэфармуюць яе. Усё апісанае займае 0,5 секунды часу… Прышпіліце сваё жыццё!
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top