Ландрас + йоркшыр + дзюрок = выхад з крызісу

Ландрас + йоркшыр + дзюрок = выхад з крызісу

DSCN6314— Сяргей Сяргеевіч, завод пабудаваў свінакомплекс. Што ён сабою ўяўляе?
— Гэта 8 асноўных памяшканняў: 3 — рэпрадуктыўнага прызначэння, 1 — дарошчвання, 4 — для адкорму. Комплекс узведзены беларускімі спецыялістамі паводле дацкіх тэхналогій. Наша прадпрыемства не першым у Беларусі звярнулася да заходняй тэхналогіі вырошчвання мясной прадукцыі. Вопыт паказаў, што простае капіраванне не падыходзіць, — у нас, напрыклад, розныя зімы. Таму на гэты момант з боку дырэкцыі прадпрыемства была звернута ўвага дацкіх праекціроўшчыкаў. У выніку зацверджаны праект, адаптаваны да кліматычных умоў Брэстчыны.
Вясной была гатовая першая чарга аб’екта: сервісны будынак з кацельняй, санпрапускнік, вонкавы газаправод, электрасеткі, каранцінны ўчастак, трансфарматарная падстанцыя, станцыя другога пад’ёму вады (а яна паступае з артэзіянскай свідравіны). Летам здалі другую чаргу: чатыры будынкі рэпрадуктыўных памяшканняў і адкормачнікі. Зрэшты, увесь комплекс бу-
дзе працаваць у рэжыме прадпрыемства зачыненага тыпу. Абслуговы персанал зможа трапіць у комплекс толькі паўз санпрапускнік, дзе неабходна прыняць душ і пераапрануцца ў рабочую вопратку.
Комплекс падзелены на тры санітарныя зоны. Па перыметры першай дазволена рухацца тэхналагічнаму транспарту для падвозу кармоў. У другую зону доступ абслуговай тэхнікі будзе абмежаваны да мінімуму, а ў трэцюю і ўвогуле забаронены. У так названую чыстую зону зможа трапіць непасрэдна толькі персанал, які даглядае свіней. Ну, а староннія маюць магчымасць з’явіцца на тэрыторыі толькі з дазволу галоўнага ветэрынарнага ўрача краіны.
— У жніўні на комплексе з’явіліся першыя “навасёлы”. Адкуль прывезлі іх?
— Планавалася паставіць рамонтных свінак з Даніі, аднак, з-за пэўных прычынаў, давялося шукаць іх на прасторах нашай краіны. Першыя дзве партыі ў колькасці 340 галоў даставілі з ПУП “Палессе-Аграінвест” Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. На гэтым прадпрыемстве на працягу апошніх чатырох гадоў займаюцца племянной работай са свіннямі пароды ландрас, завезенымі з Германіі. Плануем для завезенай партыі закупіць у Даніі пяць кныроў, каб больш эфектыўна праводзіць штучнае асемяненне. У выніку чакаемы прыплод таварных свіней будзе ўяўляць сабой гібрыд трох парод — йокшыра, дзюрка і пятрэна. Кожная аддасць свае лепшыя якасці,  думаем, атрымаюцца высакапрадуктыўныя жывёлы з добрай засваяльнасцю кармоў і высокім выхадам бяконнага мяса.
Усяго да канца года, згодна з дагаворам, завязем 1250 свінак ва ўзросце 6-8 месяцаў, якія стануць свінаматкамі. Менавіта яны павінны даць прыплод, ад якога пачнецца адлік 24-тысячнага пагалоўя, на якое разлічаны вытворчыя магутнасці нашага свінакомплексу. Будзем завозіць жывёл асобнымі партыямі, каб стварыць рознаўзроставы статак і “запусціць” рабочы цыкл вытворчасці. Калі комплекс выйдзе на поўную магутнасць, плануецца пастаўляць на забой каля 600 галоў свіней у тыдзень.
— Цікава, а калі на комплексе будзе вырашчана першая прадукцыя?
— Для гэтага трэба час. Партыя свінак, завезеная ў жніўні, вельмі кепска перанесла дарогу ў 36-ці градусную спёку, таму амаль два тыдні “прыходзіла” ў сябе” ў каранцінным аддзяленні. Потым, калі адаптаваліся, свінак асемянілі і перавялі ў асноўныя будынкі. А цяпер лічыце. Цяжарнасць доўжыцца 114 дзён, г. зн. першыя апаросы пройдуць напачатку студзеня будучага года. Па тэхналогіі, парасяты будуць знаходзіцца побач з “мамкамі” ад 21 да 28 дзён. (Датчане, у адрозненне ад нас, практыкуюць ранняе адыманне маладняку). Потым парасяткі будуць пераведзены ў будынкі дарошчвання да вагі 30 кілаграмаў, затым — у адкормачнік. Каб жывёла набрала забойную вагу ў 110-115 кілаграмаў, яе неабходна карміць 6,5 месяца. Значыць, пакаштаваць прадукцыю Сычоўскага комплексу зможам у сярэдзіне лета будучага года.
— Колькі свінка можа даць прыплоду?
— Лічыцца, што адна свінаматка можа нарадзіць 12-14 парасят (у Даніі, дарэчы, да 18). Калі заканчваецца так званы падсосны перыяд, і маладняк пераводзяць у другое аддзяленне для дарошчвання, свінаматку зноў пакрываюць. У год некаторыя паспяваюць нарадзіць 3 разы. У такім інтэнсіўным рэжыме свінаматка “працуе” 3-4 гады.
— 24000 галоў свіней у год. А колькі чалавек патрэбна, каб даглядаць такую колькасць жывёлы?
— Не многа — 35, уключаючы слесараў, трактарыстаў, вартаўнікоў і інш. Усе асноўныя працэсы — ад кармлення, паення, да стварэння мікраклімату — аўтаматызаваныя, усюды задзейнічаны кантролеры. У той жа час аператару давядзецца не толькі сачыць за тэхналагічным працэсам: падтрымліваць усе шнэкі, норыі ў тэхнічна спраўным стане, своечасова праводзіць наладку паламанага жывёламі абсталявання, але і рабіць многае ўручную: асемяняць, прымаць парасят, праводзіць кастрацыю, мыць памяшканні і інш. Прыйшлі на працу 7 маладых спецыялістаў ветфельчараў — выпускнікі Ляхавіцкага  аграрнага каледжа. Яны могуць і кармушку падладзіць, і вакцынацыю правесці, і прэпараты даць жывёлам. Гэтым работнікам дадзены месцы ў інтэрнаце і аплачваюцца здымныя кватэры ў Жабінцы, яны спецтранспартам дастаўляюцца ў Сычова, забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Хочацца спа-дзявацца, што суровая рэальнасць працы на зачыненым аб’екце з трыма санітарнымі зонамі не напалохае іх.
— Свінні, як вядома, з’яўляюцца не толькі носьбітамі сала і мяса, але і крыніцай даволі непрыемнага паху. Спецыялістаў апошні аргумент не палохае?
— Пах на нашым прадпрыемстве будзе мінімізаваны. Герметычная сістэма гное-выдалення і вентыляцыі створыць досыць камфортныя ўмовы ў памяшканнях, а тры гноезахавальнікі будуць адчыняцца толькі двойчы ў год — пры вывазе яго на палі. Дарэчы, пакуль жыхары бліжэйшай вёскі на непрыемныя пахі не скардзіліся. Для іх асноўная нязручнасць — у пяцікіламетровай зоне забаронена ўтрыманне свіней на ўласным падворку з-за пагрозы распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Многія жыхары пагэтаму вырошчваюць бройлерную птушку.
— А ці ёсць пэўныя абмежаванні самім работнікам комплексу?
— Так, ёсць, з-за прычыны таго, што ён зачыненага тыпу. Ім нельга вырошчваць свіней і кантактаваць са свойскай жывёлай; штодзень, каб трапіць на рабочае месца, прымаць душ, пераапранацца ў санпрапускніку. Нельга таксама браць з сабой ежу — абеды дастаўляюцца на комплекс у бачках пасля дэзынфекцыі тэхнікі ў спецыяльных аўтамыйках. Работнікі не маюць права паляваць і хадзіць у лес па грыбы і ягады, каб не занесці інфекцыйныя захворванні. Нязручна, згодны, аднак патрабаванні ёсць патрабаванні. Бяспека жывёлы выносіцца на першы план.
— Дзякуй за гутарку.
Гутарыла Святлана БЯЛЯК.
На здымку: свінагадоўчы комплекс «Сычова».

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top