«Слабого звена» заводе не будет

«Слабого звена» заводе не будет

“Слабае звяно” на заводзе не прадбачыцца
Напярэдадні новага сезона нарыхтоўкі і перапрацоўкі цукровых буракоў наш карэспандэнт сустрэўся з генеральным дырэктарам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронавым. На першае пытанне — пра галоўную задачу на сезон — кіраўнік прадпрыемства адказаў коратка:
— Задача тая ж, як і штогод: наладзіць бесперабойны, паводле графіка, прыём сыравіны, перапрацаваць буракі ў найкарацейшы тэрмін, з найменшымі стратамі і найбольшым выхадам цукру. Пуск завода запланаваны на першага верасня.
— Звычайна, Віктар Рыгоравіч, жабінкаўскі завод пачынае новы сезон з удасканаленым абсталяваннем, з новаўвядзеннямі ў тэхналогію. Што зроблена да сёлетняга?
— Асноўны аб’ект — сіласы бястарнага захоўвання прадукцыі — плануем увесці ў дзеянне ў верасні, работы на ім завяршаюцца. Сіласы — гэта дзве ёмістасці на 25 тысяч тон цукру кожная, дзе ўмовы яго захоўвання значна лепшыя, чым у складах, якія мы арандуем на тэрыторыі ледзь не ўсёй краіны. Дзякуючы мікраклімату ў ёмістасцях, зберагаецца якасць прадукцыі. Дзеля павышэння якасці мадэрнізавалі сушку цукру, як таго патрабуе закладка ў сіласы. Новае сушыльнае абсталяванне ўжо апрабавалі пры перапрацоўцы цукру-сырцу, як, дарэчы, і абсталяванне фільтрацыйнага аддзялення суспензіі (спецыяльнай вадкасці, у якой крышталікі знаходзяцца ў завіслым стане, не асядаюць). Яшчэ ў снежні мінулага года ўвялі ў строй сучасны жомасушыльны комплекс. Сухі жом лепш захоўваецца, не страчвае сваёй пажыўнай вартасці і таму карыстаецца попытам. У тым ліку за мяжой.
— Якія змены на буракапрыёмным пункце і ці ўзгоднены ўзаемаадносіны з пастаўшчыкамі сыравіны?
— Ураджай, сёлета чакаецца некалькі вышэйшы, чым летась, з большым утрыманнем цукру ў караняплодах. Мы гатовыя яго прыняць. Дадаткова закупілі буртаўкладачнае абсталяванне, правялі неабходныя работы на кагатных палях. Нарыхтоўка цукровых буракоў пачнецца чысла 29-га жніўня, за некалькі дзён да пуску завода. Пры такім надвор’і, як зараз, буракі захоўвацца больш за трое сутак не могуць. Паводле графіка, з 1 верасня будзе пастаўляцца 7 тысяч тон сыравіны ў суткі, столькі ж і перапрацоўвацца. Калі прадукцыйнасць пераўзыдзе норму, папросім партнёраў павялічыць пастаўкі, таму што вельмі важна скараціць тэрмін перапрацоўкі, каб захаваць якасць сыравіны, не дапусціць стратаў.
— Вашы пастаўшчыкі тыя самыя, ранейшыя?
— У асноўным так. З мінулага года актыўна ўдзельнічае ў пастаўках Гродзеншчына, з гаспадарак якой паступае звыш 160 тысяч тон цукровых буракоў. Дый усе цукровыя заводы Беларусі маюць там крыніцу сыравіны. На Гродзеншчыне і зона вялікая, і землі вельмі прыдатныя для вырошчвання салодкіх караняплодаў. Самае ж галоўнае, каб адносіны з партнёрамі былі ўзаемавыгадныя. Я кажу не толькі пра гродзенскіх, а пра ўсіх сельгаспрацаўнікоў, якія з’яўляюцца нашымі пастаўшчыкамі. Так, за раннюю здачу буракоў, у перыяд калі на палях яны набіралі б цукрыстасць, гаспадаркам плацім надбаўкі, іншымі словамі — кампенсуем іхнія страты.
— Напэўна, прадугледжваеце аптымальны тэрмін перапрацоўкі буракоў, які ён?
— Усё будзе залежаць ад аб’ёму нарыхтоўкі, тым не менш ставім за мэту закончыць вытворчы сезон на пачатку студзеня. Першыя паўтара месяца будзем працаваць практычна “з колаў”, у кастрычніку — закладваць буракі на захоўванне, але так, каб нарыхтаваныя ў адным месяцы перапрацаваць у наступным. Бо чым больш буракі ляжаць, тым больш псуюцца, страчваюць цукрыстасць.
— Напярэдадні кожнага сезона, наколькі ведаю, калектыў прадпрыемства ў той ці іншай ступені павялічваецца. Дадатковы набор работнікаў правялі і цяпер?
— Стараемся, каб гэта былі людзі правераныя, вопытныя, адукаваныя — тыя ў асноўным, каго мы добра ведаем. Набор невялікі, а вось адбор патрабавальны. Нам патрэбны людзі з веданнем камп’ютара, з адукацыяй не ніжэй сярэдняй спецыяльнай, паколькі высокі ўзровень аўтаматызацыі на заводзе. У тым ліку — на буракапункце, дзе ўсе паказчыкі пры прыёмцы сыравіны вызначаюцца аўтаматычна. Гэта дазваляе прымаць за суткі да 20 тысяч тон караняплодаў. Нястачы ў спрактыкаваных, умелых работніках няма, дадатковы набор ужо правялі.
На заканчэнне гаворкі падкрэслю, што мы імкнемся да таго, каб у рабоце ўсіх без выключэння службаў прадпрыемства не было збояў, ніводнага “слабага звяна”. На гэта накіраваны і меры матэрыяльнага ды маральнага заахвочвання, першым чынам для тых, хто рыхтаваў тэхніку і абсталяванне да новага сезона.
Інтэрв’ю ўзяў А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top