Паразуменне — крыніца натхнення

Паразуменне — крыніца натхнення

IMG_1776Святлана і Эдуард Брэнько ніколі не гналіся за модай на шматдзетнасць. Бог даў ім дзвюх дачок, а яны вельмі хацелі яшчэ і сыночка. Па меры росту дзяўчат расло і жаданне “нарадзіць браціка”. І вось сёлета ў ліпені на свет з’явіўся маленькі Максімка, і сям’я Брэнько папоўніла спіс шматдзетных сем’яў Жабінкі.
Святлана і Эдуард нарадзіліся ў Жабінцы, пазнаёміліся… ў дзіцячым садзіку. Раслі разам. Свецін брат вучыўся ў адным класе з Эдзікам, дарогі юнака і дзяўчыны пастаянна перасякаліся. А калі Эдуард вярнуўся з арміі, зразумеў, што Святлана яму не проста падабаецца, ён яе кахае. Маладыя пажаніліся 14 лістапада 1998 года. Спачатку жылі ў Святланіных бацькоў, адначасова будавалі дом на вуліцы Беларуская. 12 гадоў таму справілі наваселле ў новым жытле.
У доме сям’і Брэнько атмасфера спакою, кахання, дабрыні. Ва ўсім адчуваецца рука гаспадара і гаспадыні.
Святлана Васільеўна свеціцца шчасцем. На руках — двухмесячны Максімка, які з цікавасцю разглядае гасцей з рэдакцыі і прывітальна гуліць. Зараз ён у сям’і — цэнтр Сусвету, найбольшая ўвага і клопат — яму. Прычым не толькі з боку бацькоў, але і старэйшых сястрычак Наташы і Каці. Яны, можна сказаць, ужо дарослыя: Наташа вучыцца ў 10 класе ліцэя, Каця — шасцікласніца трэцяй гарадской школы. Дочкі вельмі дапамагаюць Святлане Васільеўне ў доглядзе за маленькім брацікам. Яна расказвае пра дзяцей з цеплынёй і пяшчотай:
— Наташа больш спакойная, разважлівая, як тата,  Кацярынка жвавая, як мама. Максімка толькі-толькі пачынае праяўляць характар.
Дзяўчаты, у сваю чаргу, характарызуюць маму самымі лепшымі словамі: клапатлівая, добрая, чулая, любіць гатаваць, займацца хатнімі справамі. Заўсёды выслухае і дасць параду, суцешыць і падбадзёрыць. На пытанне “Чым мама любіць займацца ў вольны час?” Наташа і Каця ў адзін голас адказалі: “Намі”.
Цяпер, у дэкрэтным адпачынку, сапраўды з’явілася больш часу для зносінаў са старэйшымі дзецьмі. Мама і дочкі любяць пасакрэтнічаць аб сваім “жаночым”, захапляюцца “шопінгам”. Пры падрыхтоўцы ўрокаў мама дапамагае дочкам з гуманітарнымі прадметамі, тата — з матэматычнымі.
— Вельмі шкадую, што ў свой час не атрымала вышэйшай адукацыі. Урачом сябе не бачыла, заўсёды марыла быць медсястрой. Скончыла Баранавіцкае медыцынскае вучылішча і адразу пайшла працаваць медсястрой тэрапеўтычнага аддзялення Жабінкаўскай ЦРБ. Але дочак з вышыні ўласнага вопыту настройваю на паступленне ў ВНУ.
Святлана і Эдуард трымаюць невялікую гаспадарку: свіней, курэй, садзяць агарод, які парадаваў сёлета добрым ураджаем. “Як вы ўсё паспяваеце?” — цікаўлюся ў Святланы Васільеўны. “Я адчуваю падтрымку мужа, дачок, у нас поўнае ўзаемаразуменне, — кажа яна. — А яшчэ для любой справы патрэбна натхненне і запал. Тады ўсё спорыцца і ўсё паспяваеш”. У сям’і Брэнько няма абавязкаў, якія замацаваны за некім адным. Як жартуе гаспадар, хто да чаго першы “дабег”, тое і зрабіў. Ён, напрыклад, і жывёлу можа дагледзець, і посуд памыць. Эдуард Міхайлавіч працуе слесарам КВПіА на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе пазменна, у нерабочыя дні адвозіць дачок у школу, забірае са школы. У іншыя дні гэта робіць яго брат Юрый, які таксама працуе на камбікормавым.
Святлана Васільеўна ўдзячная таксама за падтрымку і разуменне сваім і мужавым бацькам.
— Я вельмі шчаслівая жанчына, — кажа яна. — У мяне ўсё ёсць. З мужам разумеем адно аднаго з паўслова, заўсёды знаходзім кампраміс. Радуюся даччыным поспехам, цешуся сыночкам. Галоўнае, каб родныя і блізкія былі здаровыя. Усім мамам напярэдадні свята жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: шматдзетная сям’я Брэнько.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top