Дзве рысачкі шчасця

Дзве рысачкі шчасця

Якія эмоцыі перажывае жанчына, калі даведваецца, што яна цяжарная? Радасць ад здзяйснення запаветнай мары ці, наадварот, ёй здаецца, што перакрэсліваецца ўсё яе далейшае жыццё, намеры і перспектывы. Напярэдадні Дня маці мы звярнуліся з гэтым пытаннем да жыхарак Жабінкі.
_DSC3776Ганна Абіцун, 28 гадоў, з 8-месячным сынам Мікітам:
— Спачатку было страшна, калі тэст на цяжарнасць паказаў дзве рысачкі: гэта наш першынец, кватэры сваёй на той момант мы не мелі, хвалявала, як будзем жыць далей. Але калі адчула варушэнне дзіцяці, радасці не было мяжы. “Я буду мамай!” — пульсавала ў галаве. А калі нарадзіла і сыночка прыклалі да грудзей, зразумела, што такое шчасце мацярынства. Дарэчы, з жыллём пытанне вырашылі: знялі кватэру, муж перайшоў на іншае месца працы, каб пасля аплаты за арэнду заставаліся яшчэ грошы і на ўтрыманне сям’і. Ён вельмі задаволены, што ў нас сын — будучы татаў памочнік.
_DSC3696Галіна Адамчук з мужам Алегам і 3-гадовым сынам Цімафеем:
— Я адчула шок, таму што гэта было нечакана: чацвёртае дзіця не ўваходзіла ў нашы з мужам планы. Але калі Бог дае дзіця, значыць, на тое яго воля. Цяпер мы вялікая, дружная, шматдзетная сям’я: старэйшай дачцэ пайшоў
20-ты год, сынам — 15, 12 і 3. Дзеці — наша радасць і наш гонар. Жывём у Жабінцы, пакуль у кватэры, але будуем дом.
Алеся Іванюк, 28 гадоў, з дачкой Эвелінай (2,5 месяца):
— Мы вельмі хацелі другое дзіця, таму што дачка ўжо падрасла, падгадавалася (старэйшай Уладзіславе восем з паловай гадоў). Аднак тэст на цяжарнасць доўгі час засмучаў нас адной рысачкай. Напэўна, Бог лепш ведае, калі паслаць дзіця ў сям’ю. А яшчэ кажуць, што калі вельмі хочаш, то не атрымліваецца, а калі адпусціш сітуацыю, яна вырашаецца сама сабой. І вось доўгачаканы станоўчы тэст на цяжарнасць. Радаваліся ўсе: і я, і муж, і дачка. 18 ліпеня гэтага года я нарадзіла Эвелінку. Так назваў яе тата, ён у нас прыхільнік рэдкіх і незвычайных імёнаў.
_DSC3721Ірына Шыян, 30 гадоў, з мужам Ігарам, 35 гадоў, і сынам Данілам (2 гады 7 месяцаў):
— Гэта была мая другая цяжарнасць, першая, на жаль, скончылася выкідышам. Данілку чакалі доўга, таму радасць, якую адчулі мы з мужам, убачыўшы дзве запаветныя рысачкі на тэсце, не перадаць ніякімі словамі. Данік падрастае, цешыць нас сваімі поспехамі. Другое дзіця пакуль не плануем, таму што будуемся, але ўвогуле адным не збіраемся абмяжоўвацца.
_DSC3714Святлана Цішко, 38 гадоў, з 3-месячным Ванечкам:
— Я заўсёды лічыла, што шчасце жаночае ў дзецях, але ішла да яго доўгіх 15 гадоў. Толькі ў 38 я стала мамай. Якія эмоцыі можа адчуваць жанчына ў маёй сітуацыі? Радасць, шчасце, захапленне, трывогу. Ванечка — гэта наша ўсё. Ён змяніў наша жыццё, напоўніў яго іншым сэнсам.  Увогуле, дзіця — гэта Божы дар, падарунак нябёсаў.
Апытанне правяла Наталля ВАЛОШКА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top