Ответить на обращения граждан

Ответить на обращения граждан

Адказы і …безадказнасць
Як у нашым раёне выконваюцца Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 “Аб мерах для далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” і Закон “Аб зваротах грамадзян”? Праверкі, праведзеныя раённай пракуратурай у першым паўгоддзі сёлета, сведчаць, што асноўным патрабаванням гэтых важных дакументаў увага ўдзяляецца. У неабходных выпадках прымаюцца захады для аднаўлення парушаных правоў і інтарэсаў грамадзян, суб’ектаў гаспадарання, удасканальваюцца арганізацыйна-практычныя мерапрыемствы.
І разам з тым рэагаванні на заявы і скаргі нярэдка суправаджаюцца фармалізмам і парушэннямі заканадаўства, не заўсёды ліквідоўваюцца прычыны і ўмовы, якія спараджаюць такія парушэнні. Гэта выклікае паўторныя звароты як у тыя самыя органы і арганізацыі, так і вышэй, у тым ліку ў пракуратуру. Яны адлюстроўваюць несумленныя адносіны адказных асобаў да сваіх абавязкаў, недастатковы ўзровень прававой пісьменнасці выканаўцаў і кіраўнікоў, адсутнасць належнага ведамаснага кантролю.
Як паказалі праверкі, у СВК “Якаўчыцы” неаднойчы прымаліся да разгляду заявы без указання месца жыхарства заяўнікаў. У ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” недастаткова правяраліся факты, выкладзеныя ў зваротах, ды і не было неабходных матэрыялаў праверак, якія пацвярджалі б абгрунтаванасць адказаў. Тое самае і ў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Напрыклад, два гады назад гр-ка Б. прасіла завод дапамагчы паставіць у сваёй кватэры два акны. У адказе сказана, што кватэра абследавалася спецыялістамі прадпрыемства, аднак акта абследавання і вынікаў яго няма. І гэта не адзінкавы выпадак.
Згодна з заканадаўствам, грамадзянін мае права абскардзіць рашэнне, прынятае паводле яго звароту. Такое права летась і сёлета неаднаразова парушалася кіраўніцтвам ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”. Дырэктар прадпрыемства ставіў на заявах рэзалюцыю “адмовіць” (у аказанні дапамогі ў сувязі з сямейнымі абставінамі, пажарам і інш.), але пісьмовыя адказы з тлумачэннем парадку абскарджвання рашэнняў не даваліся. Такіх выпадкаў пракуратурай высветлена чатыры.
Не на ўсе звароты даюцца вычарпальныя адказы на цукровым заводзе. Так, гр-ка Л. звярнулася з просьбаю пра аднаразовую дадатковую выплату. Даецца адказ: выплата будзе зроблена. А калі і ў якой форме — не сказана. Аналагічна тут былі разгледжаны яшчэ дзве заявы. Заяўнікам жа, у тым ліку калектыўным, каму было адмоўлена ў задавальненні іхніх просьбаў, не тлумачыўся парадак абскарджвання прынятых рашэнняў.
У мінулым годзе праўленне СВК “Якаўчыцы” абышло ўвагаю ажно шасцярых заяўнікаў. Ім не толькі было адмоўлена ў просьбах, але і дадзены адказы (такія паметы на заявах) вусна, што з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства, таму што звароты фактычна застаюцца нявырашанымі. Да таго ж у якаўчыцкім сельгаскааператыве парушаюцца тэрміны разгляду пісьмовых зваротаў, не даюцца тлумачэнні, як можна іхнім аўтарам абскардзіць прынятыя рашэнні.
У першым паўгоддзі г.г. у пракуратуру раёна паступіла 29 пісьмовых зваротаў грамадзян і два звароты суб’ектаў гаспадарання. Задаволены адзін зварот. Тое, што людзі звяртаюцца ў пракуратуру, тлумачыцца ў вялікай ступені фармальна-бюракратычным падыходам адказных асобаў іншых дзяржаўных органаў і арганізацый да патрэбаў грамадзян, слабай растлумачальнай работай і недаверам насельніцтва да мясцовай улады. Пацвярджаецца гэта, у прыватнасці, тым, што больш чым трэць зваротаў, адрасаваных пракурору, утрымліваюць пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. У першым паўгоддзі ў іншыя арганізацыі для вырашэння было накіравана 13 зваротаў, або 42% ад тых, што паступілі ў пракуратуру.
Апрача названых вышэй калектываў, пракуратура праверыла выкананне заканадаўства аб зваротах грамадзян у Жабінкаўскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і ў СВК “Рагазнянскі”. У выніку ўсіх праверак унесена адно прадстаўленне. Чатыры адказныя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Дырэктар торфабрыкетнага завода пастановай раённага суда, прынятай на падставе пратакола пракурора, аштрафаваны.
А.СІДАРУК, намеснік пракурора Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top