Каб душа спявала

Каб душа спявала

IMG_3219 “Як жа не спяваць, калі душа просіць, — пачынае размову кіраўнік міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК Леанід Батура. — Песня са мною з дзяцінства. Прыгожа спявала бабуля Лукер’я Яўстаф’еўна. Бацька Пётр Пятровіч меў гучны голас, іграў на гармоніку. Брат Анатоль таксама спяваў, валодаў гітарай, клавішнымі. Я гавару “спявала”, “іграў”, бо, на жаль, яны не з намі, адышлі ў іншы свет, але… Песня ўсё ж жыве ў маёй сям’і. Мама Ніна Андрэеўна — ўдзельніца жаночага фальклорнага ансамбля, што ўтварыўся і існуе на базе Крыўлянскага сельскага Дома культуры. Песню люблю ўсім сэрцам, усёй душой. Яна з намі ў хвіліны радасці і смутку, дапамагае жыць, тварыць. Існуе меркаванне, што, калі чалавек спявае, у такія хвіліны разам з ім спявае і яго душа. Таму і назва калектыву нарадзілася амаль адразу”. Міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа” за тры гады свайго існавання стаў добра вядомым на Жабінкаўшчыне. Прыемнае ўражанне засталося ад іх выступленняў на раённых святах “Масленіца” і “Дажынкі” ў Хмелеве, пад час канцэртаў да Дня медыцынскага работніка і Дня будаўніка. Цёпла сустракалі артыстаў з Крыўлянаў адпачываючыя санаторыяў “Буг”, “Надзея”, “Бярэсце”. Паводле запрашэнняў, удзельнічалі ў абласных мерапрыемствах, выязджалі ў Польшчу, дзе прымалі ўдзел у свяце, прымеркаваным да Дня Канстытуцыі.  Кожнае выступленне калектыву “Спявай, душа” яркае, запамінальнае, непаўторнае. Пытаюся ў Леаніда Пятровіча: “Як падбіраецца рэпертуар? Як нараджаюцца жарты?” “Для таго, каб знайсці патрэбную песню і ўключыць яе ў свой рэпертуар,— гаворыць ён,— знаёмімся з творчасцю іншых калектываў, такіх як “Бяседа”, “Сваякі”, слухаем беларускія народныя песні, украінскія, польскія. Калі нейкая з іх западзе ў душу, стане на ўсе сто нашай, значыць будзем яе выконваць. А час пакажа: прыжывецца яна ці не. Ёсць і ўласныя песні. Спачатку могуць нарадзіцца радкі, якія потым лягуць на музыку і наадварот, можа ўзнікнуць прыгожая мелодыя, а словы да яе з’явяцца пазней. У нас да трыццаці песень і да дзесяці жартоўных мініяцюр. Ёсць такія, што спецыяльна пісаліся да святаў: Дня Перамогі, Купалля, Новага года, Калядаў. Песня “Спявай, душа” стала візітоўкай калектыву. У асноўным разам складаем нашы песні, разам творым. Жарты нараджаюцца з жыццёвых гісторый, анекдотаў, пад час сумесных рэпетыцый”. Калектыў складаецца з пяці ўдзельнікаў: Ганны Пілінкевіч, Леаніда Батуры, Алены Козел, Сяргея Паўловіча і Таццяны Краснянскай. Здараецца, што на канцэрты выязджаюць няпоўным саставам. Высокі мастацкі ўзровень, выканаўчае майстэрства, актыўная канцэртная дзейнасць калектыву адзначана граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.  “Унутры калектыву пануюць цёплыя сяброўскія адносіны, узаемападтрым-ка, — гаворыць Леанід Батура. — Разам мы не толькі на канцэртных пляцоўках, сумесна адзначаем святы, дні нараджэнняў. Узнікаюць і спрэчкі, але толькі на творчай глебе, калі абмяркоўваем рэпертуар або займаемся аранжыроўкай песень. У добрых адносінах з усімі самадзейнымі артыстамі, але найбольш блізкія з “Хмелеўскімі валацугамі”. Мяркую таму, што роднасныя ў духу і творчасці”. Зараз крыўлянскія спевакі рыхтуюцца да абароны на званне “народнага”, адбудзецца гэта ў канцы года. Ужо складзена праграма выступлення, праводзяцца рэпетыцыі, шыюцца новыя сцэнічныя касцюмы. Няхай здзейсняцца планы міні-тэатру з Крыўлянаў, а рэпертуар папоўніцца новымі цікавымі нумарамі і прыгожымі песнямі, каб пры іх выкананні артыстамі спявала душа і слухачоў.

Алёна НІКАНЧУК. Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top