Тлумачальныя слоўнікі знаходзяць больш за дзве сотні азначэнняў для слова “культура”. Для кожнага, хто працуе ў культуры, ёсць сваё тлумачэнне. Напярэдадні іх прафесійнага свята, як цяпер кажуць, “перасякліся” з некаторымі прадстаўнікамі “арміі культработнікаў”. Каб павіншаваць і пачуць, што для кожнага з іх ёсць культура. Суразмоўцаў выбіралі невыпадковых: кожны з іх сёлета ўганараваны на ўзроўні рэспублікі, вобласці, раёна, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.
Мікалай Васільевіч ЗІНОЎЕЎ, выкладчык Ленінскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік народнага вакальнага ансамбля “Каларыт”; узнагароджаны Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:
— Для мяне культура — жыццё. Першы раз выйшаў на сцэну ў летніку вось такім (паказвае “два вяршкі ад падлогі”) — у гадоў 8-9 і зарабіў свой першы ганарар — “чырвонец” ад слухача-трактарыста! Хутка мне 60, з гэтых гадоў большасць прысвечана Жабінцы і яе культуры. Пад “сцягам” гэтай справы, з мікрафонам і пры сцэнічным “парадзе” аб’ездзілі шмат месцаў. Паўсюль людзям трэба свята, і наш “Каларыт” заўсёды стараўся яго ствараць. Усе мае “хлопчыкі” ўжо перасягнулі мяжу ў 50 гадоў, таму няхай Бог іх сілы мацуе, каб і надалей спявалася і маглося. Сфатаграфуйце, калі ласка, мяне з Валеркам Няменьшым: ужо 34 гады, ад вытокаў, мы разам у ансамблі. Ёсць у калектыве і дзяўчаты — Аксана Пракошына і Ірына Рынчук. Яны —
упрыгажэнне “Каларыту”, як на іх глядзім — і самі маладзеем!
Аксана Аляксандраўна КАПЧУК, рэжысёр арганізацыйна-метадычнага цэнтра; уганараваная сумеснай Граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі і абкама прафсаюза работнікаў культуры:
— У мяне культура ў крыві, з самага дзяцінства. Колькі сябе памятаю, заўсёды з нататнікам і алоўкам. Толькі пачую ад некага трапнае слова ці жарт — рука сама цягнецца запісаць, каб потым скарыстаць у сцэнарыі чарговага мерапрыемства. Сюды прыйшла тузін гадоў таму пасля Пінскага каледжа мастацтваў, адразу была загадчыцай Здзітаўскага СК, а праз шэсць гадоў стала рэжысёрам. У памяці захаваліся цёплыя ўспаміны пра “Дажынкі” ў Кобрыне, дзе была вядучай. Вельмі люблю рыхтаваць святы да Дня Перамогі і Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі, на якія даводзіцца выкладвацца і творча, і фізічна. Але ж якое задавальненне адчуваеш пасля ўдалага свята! Бо кожнае мерапрыемства перажываеш, літаральна прапускаеш праз сябе. Сёлета вельмі кранулі цырыманіялы ў Драмлёве і пры ўзнагароджванні медалямі ветэранаў-афганцаў. У такія дні адчуваеш, што ўсе мы адна каманда, скіраваная на агульны поспех. Таму хачу пажадаць усім творчай энергіі, вялікага аптымізму, які нясе культура.
Алена Мікалаеўна ЛАГОТА, намеснік галоўнага бухгалтара цэнтралізаванай бухгалтэрыі; узнагароджана граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама:
— Культура — гэта не толькі праца, але й дотык да агульначалавечага багацця. У гэтым кабінеце таксама, як гаворыцца, “культура рухаецца ў масы”, бо што ўвогуле можа рухацца без грошай? Яны ж —
“кроў” для любой справы! Адсюль, з бухгалтэрыі, усё пачынаецца: за кожным, нават невялічкім мерапрыемствам, — фінансы, і калі яны “спяваюць рамансы”, нічога годнага не атрымаецца! Ужо 14 гадоў (пасля Валкавыскага недзяржаўнага тэхнікума эканомікі і права і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта) працую ў культуры. Праца падабаецца — гэта ж асаблівая бухгалтэрыя, размешчаная ў цэнтры песень, танцаў і іншых цікавых спраў. Жадаю работнікам культуры і іх сем’ям здароўя і грошай паболей — каб на ўсё хапала, каб душа спявала, а не плакала.
Алена Аляксееўна РАДКЕВІЧ, загадчыца аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду ЦБС цэнтральнай раённай бібліятэкі; уганараваная Пісьмом падзякі райвыканкама:
— Культура — гэта прыгажосць жыцця, а можа, і само жыццё. Без яе цяжка ўявіць свет і чалавека ў ім. Без кнігі гэта, лічу, немагчыма, таму і лёс свой звязала з бібліятэчнай справай. Сёлета ў мяне прыемная па-дзея: закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва па спецыяльнасці “бібліятэкар-бібліёграф, менеджар”. Дапамогаю жабінкаўцам мець кніжныя навінкі, для гэтага афармляем заказы з выдавецтвамі — не толькі айчыннымі, але і расійскімі. Гэта дазваляе нашым чытачам заўсёды мець сучасныя, багата ілюстраваныя кніжныя выданні.
У гэты перадсвяточны дзень хочацца пажадаць работнікам культуры цікаўных і ўдзячных гледачоў, слухачоў і чытачоў!
Таццяна Іванаўна ДАВІДЧЫК, відэадэманстратар камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства “Жабінкаўскае раённае кінавідэапрадпрыемства”; узнагароджана граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі:
— Амаль уся мая дзейнасць (а гэта ўжо 17 гадоў) звязана з культурай. Таму яна — частка мяне самой. Тым больш, што маю адну з цікавейшых прафесій: дэманструю кіно, пазнавальныя фільмы, мульцікі для дзетак у садзіках і школах. Вельмі прыемна бачыць, як гараць іх вачаняткі, чуць, як абмяркоўваюць відэастужкі. Гавораць, святаў многа не бывае, а ў мяне яны амаль штодня! Паколькі няма нічога лепш, чым дарыць шчасце і радасць іншым, асабліва маленькім гледачам! Сённяшні сінематограф нельга нават параўнаць з мінулым, настолькі ён яркі, захапляльны, відовішчны. Напярэдадні Дня работнікаў культуры хачу пажадаць усім, хто стварае святы для іншых, каб не гаснуў у іх агеньчык творчасці, каб мелі яны самыя лепшыя ўзнагароды ад удзячных людзей!
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.