Хоць і восеньскі ўзрост, але вочы свецяцца радасцю

Хоць і восеньскі ўзрост, але вочы свецяцца радасцю

Дощик“Калі нараджаецца чалавек, то на небе загараецца зорачка, якая асвятляе ягоны зямны шлях”, — так вучыць народная мудрасць. 6 кастрычніка 1929 года заззяла адна з іх у дзень народзінаў і хлопчыка Васілька з вёскі Хмелева. У сям’і Настассі Сцяпанаўны і Рамана Сямёнавіча Дошчыкаў з’явіўся першынец-сынок. У марах, вядома, бацькі пажадалі яму шчаслівай долі, каб вырас добрым і працавітым, каб быў пісьменным… І вось ужо 85 гадоў тая зорачка асвятляе жыццё паважанага і добра вядомага многім на Жабінкаўшчыне Васіля Раманавіча Дошчыка. Дзіўнага ў гэтым нічога няма, таму што ён выбраў святую і вечную прафесію — Настаўнік. І цяпер, выхо-дзячы на прагулкі, не паспявае прамаўляць прывітанні сустрэчным людзям і запытацца пра іх уладкаванасць у жыцці, хоць ужо два дзясяткі як адышоў ад працы, грамадскай дзейнасці. Тыя, хто крочыць разам з ім, часам пытаюцца ў Васіля Раманавіча: “Адкуль ты яго ведаеш?” Тады ягоны твар нібы маладзее, з’яўляецца лагодная ўсмешка, і ён ганарова адказвае: “Гэта мой вучань, я вельмі задаволены, што мяне пазнаюць праз столькі гадоў, шмат чаго дабіліся ў жыцці. Значыць, мае “ўрокі” навучання і выхавання прынеслі карысць”.
Лёс чалавека ў восем з паловаю дзясяткаў гадоў дае мажлівасць датыкнуцца не толькі да ўласных адмецін героя аповеду, але й прааналізаваць пэўныя гістарычныя вехі ў развіцці краіны. “Маё маленства супала з важнымі падзеямі, якія адбываліся на прасторах Радзімы, — расказаў Васіль Раманавіч. — Жыў, як раней гаварылі, пры панскай Польшчы, нават скончыў два класы польскай школы, мова дасюль у памяці. Памятаю ўз’яднанне заходніх земляў з БССР. Усе радаваліся, было сапраўднае свята: у школе пачалі размаўляць на роднай мове, адчынілася ў Хмелеве хата-чытальня, якая папаўнялася кнігамі, мы іх бралі і чыталі. Вучоба ў школе была бясплатнай. Хоць даводзілася дапамагаць бацькам па гаспадарцы, але стараўся не прапускаць заняткаў. Скончыў паспяхова чатыры класы, пачаліся канікулы. Толькі жыць і радавацца”…
Чэрвеньскім ранкам 1941-га ўсё гэта імгненна абарвалася. Варожы бот зноў ступіў на беларускую зямлю. Ужо ў нядзелю хлопчык убачыў немцаў, якія ішлі па шашы, наблізіліся да пастушкоў, што пасвілі кароў, і запыталіся, ці няма ў вёсцы савецкіх салдат. З гэтага эпізоду пачалося жыццё хмелеўцаў і 12-гадовага хлапчука Васілька ў акупацыі. Як стала вядома пазней, сям’я Дошчыкаў дзялілася з партызанамі і хлебам, і вопраткай, давала прытулак жонкам савецкіх афіцэраў. Але рабілася ўсё гэта ціха, таемна, каб не даведаліся фашысцкія акупанты. Як расказаў Васіль Раманавіч, асабліва страшна стала жыць пасля 11 верасня 1942 года, калі знікла з зямлі разам з жыхарамі вёска Драмлёва. Многія хлапчукі пачалі начаваць у мясцовым лесе, раніцай некалькі з іх выходзілі “ў разведку”, калі не бачылі акружэння Хмелева немцамі, вярталіся дадому. Займаліся хатнімі справамі разам з бацькамі, вучыліся ў школе, але выкладанне прадметаў, памятае, вялося ўжо на ўкраінскай мове.
Відаць, не толькі ў дзяцей выскоквала з грудзей сэрца і дрыжалі калені ад страху, калі аднойчы фашысты шукалі ў вёсцы партызан. Магла паўтарыцца драмлёўская трагедыя. На шчасце, нікога не знайшлі, бяды не здарылася. Са слязінкамі ў вачах расказаў Васіль Раманавіч і пра трагічны лёс сваіх двух сяброў, у якіх немцы знайшлі зброю (пасля адступлення савецкіх войскаў на ўсход яе можна было сустрэць у полі, у лесе). Іх завезлі ў Брэст і там расстралялі.
Неўзабаве на Жабін-каўшчыну прыйшло вызваленне, савецкія салдаты пагналі фашыстаў на захад, у іхняе логава. Усе ўздыхнулі з палёгкай, радаваліся, што выжылі. Аднак бацьку Рамана Сямёнавіча мабілізавалі ў армію. Хлопцы засталіся з мамай Настассяй Сцяпанаўнай. Старэйшаму з іх Васілю даводзілася шмат працаваць (сям’я ж засталася без гаспадара) і ў школу “цягнула”. Пятнаццацігадовы юнак навучыўся за плугам хадзіць, баранаваць пасевы, каса яго таксама слухалася, рупліва, па-майстэрску жаў сярпом збажыну. Вядома, і школу не забываў: штодзень (такіх, як Васілёк Дошчык, было яшчэ тры хлапчукі і дзяўчынка) пешкі ішлі на ўрокі ў Жабінку. Памятае, што матуля ніколі не папракнула яго вучобай. Яна наадварот хацела, каб яе сыны былі пісьменныя і атрымалі добрую прафесію.
На іншы віток выйшла жыццё ў вёсцы і ў сям’і Дошчыкаў, калі пасля Перамогі з фронту вярнуліся хмелеўцы і бацька. Узнік калгас імя Суворава, Раман Сямёнавіч узначаліў будаўнічую брыгаду, папярэдне, вядома, атрымаў пасведчанне брыгадзіра-будаўніка. Яшчэ й цяпер у Хмелеве ёсць дамы, узведзеныя яго рукамі.
А што ж Васіль, старэйшы з яго сыноў? Атрымлівае ў 1948 годзе атэстат аб сярэдняй адукацыі і вырашае прадоўжыць вучобу ў Брэсцкім настаўніцкім інстытуце. Чаму выбірае прафесію педагога? “З дзяцінства бачыў, як паважалі мае вяскоўцы настаўнікаў, заслухоўваліся іх размовай, лічылі іх самымі адукаванымі, — расказвае ветэран працы ў адукацыі. — Рашыў стаць такім. З вяршыні пражытых гадоў дадам, што настаўнікі — людзі своеасаблівыя: амаль усё жыццё яны не толькі навучаюць дзяцей, але й бесперапынна вучацца самі. У гэтым і ёсць сакрэт паспяховай педагагічнай дзейнасці, паважлівых адносін да іх як вучняў, так і старонніх людзей”.
Мара збываецца: ён студэнт філалагічнага факультэта Брэсцкага настаўніцкага інстытута. Праўда, з-за недабору на беларускім аддзяленні яму прапаноўваюць перайсці туды з рускага. Словам, Васіль Раманавіч рыхтуецца стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Праз два гады вучобы атрымлівае жаданы дыплом і накіроўваецца на першае месца сваёй працы — у Кустынскую сямігадовую школу. Доўжыцца яна ўсяго тры месяцы, таму што хлопец ідзе служыць ва Узброеныя Сілы СССР, адкуль вяртаецца ў званні лейтэнанта. Яго чакаюць новыя справы і ўражанні. “Чалавек і нараджаецца для таго, каб рабіць дабро, памнажаць яго, каб перадаваць любоў да выбранай прафесіі іншым”, — заўважае Васіль Раманавіч Дошчык. Чарговая яго прыступка ў педагагічнай біяграфіі — дырэктарства ў Азяцкай сярэдняй школе, пад якую былі адведзены тры вясковыя хаты (старая згарэла ў вайну, таму што ў ёй месціўся паліцэйскі ўчастак).
1 верасня на лінейку з’яўляецца толькі 27 вучняў. У гэты час выходзіць закон аб абавязковай сямігадовай адукацыі. Дырэктару ўсяго 24 гады. Як справіцца з усімі школьнымі справамі? Дапамагае яго разважлівасць, настойлівасць, мужнасць, здаровы прагматызм. На веласіпедзе аб’язджае вёскі ў пошуках дзяцей школьнага ўзросту, наладжвае адносіны з праўленнем мясцовага калгаса, сельскім Саветам, бацькамі. Не прайшлі і два гады, як пабудавалі школу, напоўнілі яе дзіцячымі галасамі, кваліфікаванымі маладымі кадрамі.
Дзевяць гадоў дырэктарства навучылі яго многаму. Пераканаўся, што дысцы-плінаванасць кожнага на рабочым месцы, сумленнасць, высокая самасвядомасць, пастаяннае імкненне да новага — і будзе поспех. Набыткі азяцкіх педагогаў заўважылі, а дырэктару ў 1960 годзе ўручылі нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы”. Дырэктарства не перашкодзіла Васілю Дошчыку завочна закончыць Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна і абзавесціся сям’ёй.
Калі ў 1962 годзе адбылося ўтварэнне Жабінкаўскага раёна, сям’я Дошчыкаў перабралася ў райцэнтр. Ім выдзелілі кватэру, але праз пэўны час яны пабудавалі ўласны дом, дзе гаспадар Васіль Раманавіч і цяпер жыве. У дачкі і сына свае сем’і, таму яны пакінулі бацькоўскі дом, а жонкі Вольгі Ціханаўны няма ўжо адзінаццаць гадоў.
Але зноўку вернемся ў 70-ыя
гады. На розных пасадах працаваў сённяшні юбіляр: быў выхавальнікам Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната і яе дырэктарам, інспектарам і загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі, настаўнікам і дырэктарам СШ №2 г.Жабінка. Выконваў ён і шматлікія грамадскія даручэнні: палітінфарматар таварыства “Веды”, сакратар партарганізацыі ў калгасе “Беларусь” і райвыканкаме, старшыня рэвізійнай камісіі райкама партыі, а таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў асветы вышэйшай школы і навуковых устаноў. Любую справу выконваў сумленна, кантактаваў з калегамі, быў носьбітам сапраўднай маральнасці, культуры, бескарыслівасці.
1975 год для Васіля Раманавіча Дошчыка знакавы. Яго прызначаюць дырэктарам найлепшай адукацыйнай установы ў раёне. Менавіта ў тыя гады ў Савецкім Саюзе эксперыментавалі школы з падоўжаным днём навучання. СШ №2 г.Жабінка трапіла пад эксперымент. Бацькам такая арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу падабалася, таму што дзіця ўвесь дзень было пад наглядам педагогаў. Вучняў тройчы кармілі, што таксама станоўча ўплывала на іх здароўе, наладзілі падвоз хлопчыкаў і дзяўчынак на заняткі, таму што ў другой гарадской займаліся яны з шасці навакольных вёсак.
“Мне пашчасціла сустрэцца з калегамі школ з падоўжаным днём навучання на Усесаюзнай нарадзе СССР у Туле, — расказаў юбіляр. — У складзе беларускай дэлегацыі былі ўсяго тры чалавекі. Мне давялося выступаць з тэматычным рэфератам, дзяліцца вопытам работы. Паводле рэакцыі залы адчувалася падтрымка, паразуменне і зацікаўленасць”.
Сапраўды, у 70-ыя гады СШ №2 г.Жабінка была цэнтрам, дзе праводзіліся розныя семінары, нарады абласнога ўзроўню, на якіх абмяркоўваліся набыткі і праблемы развіцця народнай адукацыі. Тут праходзілі практыку студэнты Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна — асабліва часта гэта былі будучыя настаўнікі гісторыі, фізікі і хіміі. “У нас педагогі працавалі сапраўды творча, у скарбонцы кожнага былі сабраны цікавыя метадычныя напрацоўкі, якімі дзяліліся з маладымі калегамі, — заўважае Васіль Дошчык. — Дзякуючы спонсарам — цукроваму заводу і калгасу “Усход” (сёння СВК “Шпіталі”) — школа мела добрую матэрыяльна-тэхнічную і спартыўную базы. Юныя спарт-
смены радавалі выдатнымі дасягненнямі”.
За вялікую работу ў развіцці фізічнай культуры і спорту сярод школьнікаў дырэктар быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР. І яшчэ адна дастойная ўзнагарода ўпрыгожыла грудзі педагога-дырэктара В.Р.Дошчыка — атрымаў значок “Выдатнік асветы СССР”.
Ёсць у шаноўнага педагога з 45-гадовым стажам работы нямала іншых грамат. Але няма нічога лепшага для настаўніка, калі вучні ідуць па яго слядах. Людміла Мікітаўна Гардзеева вучылася ў СШ №2 г.Жабінка, затым была піянерважатай і па кар’ернай лесвіцы “дарасла” да завуча. З цеплынёй успомніў Васіль Раманавіч сваіх былых вучняў-медалістаў Віталя Вялько, Ларысу Шосцік, Алену Дудараву, Алену Федзюковіч, Ларысу Антановіч і многіх іншых і парадаваўся іхнім сённяшнім поспехам.
Чым напоўнена цяпер яго жыццё? “Успамінамі аб пражытым”, — сказаў юбіляр. Прызнаўся, што многа чытаў, як выйшаў на пенсію. Па-новаму адкрываў для сябе Івана Тургенева і Тараса Шаўчэнку (перачытаў усяго і многа з напісанага ведае на памяць), Міхаіла Лермантава, пастаянна цікавіўся навінкамі сучаснай літаратуры… Падтрымлівае парадак у са-дзе, агародзе, радуецца поспехам дзяцей (Святлана, хоць і на пенсіі, а настаўнічае, Сяргей — ваенны лётчык у адстаўцы, падпалкоўнік, даслужыўся да камандзіра авіяцыйнага атрада), унукаў (Вера — маёр службы МНС, Алеся — канструктар-праекціроўшчык, Вікторыя мае свой бізнес у Маскве). Ёсць ужо праўнукі. А яшчэ ён іх усіх чакае ў госці, у бацькоўскі дом, дзе было пражыта шмат прыемных хвілін. Не скардзіцца на родных, таму што часта заходзяць-заязджаюць.
Людміла КОСЦІНА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*