Слова пра Рэдактара

IMG_2807Сярод тузіну асобаў, што рэдагавалі нашу раёнку, найбольшых вышыняў дасягнуў В.А.Каленчыц — сябра і асабісты спічрэйтар Пятра Машэрава. Аднак наколькі высока не ўзносіла кар’ера, Васіль Аляксандравіч заўжды захоўваў цёплыя ўспаміны пра абласную газету “Заря”, якую ўзначальваў у 1967-1972 гадах, і раённую “Коммунистический путь”, дзе быў рэдактарам з верасня 1957-га да жніўня 1959 года.
Сёлета перастала біцца сэрца цудоўнага чалавека і “ўласніка” журналісцкага “Залатога пяра” Уладзіміра Рыгоравіча Турава. Але ён зрабіў важную справу — аддаў даніну павагі былым калегам-“зарёвцам”. Урыўкі з яго нарыса пра В.А.Каленчыца прыводзім ніжэй.
Упершыню парог рэдакцыі на Камсамольскай,40 Каленчыц пераступіў у жніўні 1959 года. Не з пустымі рукамі, а з важнай паперай на імя Іосіфа Чарняўскага, замацаванай подпісам адказнага работніка абкама партыі: “Накіроўваецца ў ваша распараджэнне член КПСС тав. Каленчыц Васіль Аляксандравіч (былы рэдактар Жабінкаўскай раённай газеты) для выкарыстання на працы ў рэдакцыі абласной газеты”.
Як належыць, Каленчыц запоўніў лісток уліку кадраў і напісаў аўтабіяграфію — тэкст яе прыводзіцца без усялякіх купюр:
“Я, Каленчиц Василий Александрович, родился 26 января 1932 года в д.Мацкевичи Копыльского района Минской области. Мои родители в то время работали в колхозе.
В 1939 году поступил в первый класс Мацкевичской начальной школы. Учеба была прервана внезапным нападением на нашу страну Германии. В период оккупации Белоруссии проживал по месту рождения вместе с отцом и матерью. Никто из родителей немцам не служил.
Отец в 1944 году был призван в Советскую Армию и в том же году погиб на фронте Отечественной войны. Мать снова вступила в колхоз.
Я продолжал учебу. В 1949 году окончил семь классов Блевчицкой семилетней школы, а в 1952 году — 10 классов Быстрицкой средней школы.
В комсомоле состоял с 1948 года по 1953 год. В 1952 году был принят кандидатом в члены КПСС, а в 1953-м — членом КПСС.
С 1952 года по 1957 год учился на отделении журналистики Белгосуниверситета им. Ленина. После окончания учебы с 1957 года по настоящее время работал редактором жабинковской райгазеты “Коммунистический путь”.
Состав семьи: жена, Каленчиц Зинаида Михайловна, рождения 1939 года. До сентября 1959 года работала корректором в районной газете; дочь, рождения 1959 года; мать, Каленчиц Анна Антоновна, рождения 1910 года, работает нынче в колхозе.
7 сентября 1959 года”.
Мы ўжо ведаем: першая прыступка ў кар’еры Каленчыца — Жабінка. Рэдка здараецца, каб выпускніка ўніверсітэта адразу ж прызначалі на пасаду рэдактара, няхай нават раёнкі. Каленчыца назначылі. Не паспеў ён аперыцца ў гэтым тады яшчэ не зусім утульным гарадку, як раён скасавалі. Фартуна закінула ў “Зарю” — ён атрымаў пасаду загадчыка прамаддзела.
З галавой акунуўся ў працу, ён выдаваў усё новыя і новыя ідэі. Ягоную руплівасць хутка заўважылі і ацанілі. Пацвярджэнне — зноў жа сапраўдныя дакументы. Загад па рэдакцыі №52 зафіксаваў: “Заг. аддзелам прамысловасці тав. Каленчыца В.А. з 12 чэрвеня 1962 года лічыць выбылым у Маскву тэрмінам на 7 дзён у сувязі з вызавам у ВПШ пры ЦК КПСС”.
Калі праз пяць гадоў “Заря” засталася без рэдактара (Іосіфа Антонавіча Чарняўскага, які шмат гадоў узначальваў газету, запрасілі ў Мінск, у выдавецтва “Ураджай”), “зарёвцы” выказаліся, каб на рэдакцыйны “капітанскі мосцік” узышоў менавіта В.А.Каленчыц.
9 студзеня 1967 года адбылося пасяджэнне бюро абкама КПБ. Першае пытанне парадку дня было сфармулявана гранічна коратка і лаканічна: “Аб т.т. Каленчыцу В.А. і Чарняўскім І.А.”. Пасля афіцыйнага прадстаўлення Васіля Каленчыца членам бюро сваё слова сказаў і Уладзімір Мікуліч (першы сакратар абкама):
— Напярэдадні я сустракаўся з журналістамі “Зари”. Каленчыц — іх выбар. Пажадаем яму на гэтай адказнай пасадзе творчых поспехаў, — і працягнуў Васілю Аляксандравічу руку.
…У пачатку 1972 года Каленчыц з’ехаў у Мінск. Яго зацвердзілі загадчыкам сектара друку, тэлебачання і радыё ЦК КПБ. Развітваючыся з калектывам, ён папрасіў усіх, хто калі-небудзь будзе ў Мінску, заходзіць да яго. Я заходзіў. Шмат разоў.
Уладзімір ТУРАЎ-старэйшы.
На здымку: Васіль Аляксандравіч Каленчыц.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*