Ад Варшавы праз Вільнюс да Жабінкі

Ад Варшавы праз Вільнюс да Жабінкі

_DSC2504
Спачатку гераіня маёй нататкі мяняла месца жыхарства і школы, у якіх вучылася, таму што нарадзілася ў сям’і ваеннага Савіна Фёдаравіча Пратасава. А потым лёс склаўся так, што Наталля Савінаўна выйшла замуж за Аляксандра Цімафеевіча Шармакова, выпускніка Ленінградскага ваенна-пяхотнага вучылішча, і ўсё жыццё правяла ў пераездах і падарожжах. Яна з разуменнем ставілася да мужавай службы і суправаджала яго паўсюль, дзе дазвалялася. 20 гадоў таму сям’я Шармаковых асела ў Жабінцы, змяніўшы краіну пражывання з Літвы на Беларусь. Прычынай таму быў тэлефонны званок з Брэста. У трубцы — усхваляваны голас сына Сяргея.
— Мама, тата, вы ўжо на пенсіі, вам патрэбен догляд, дапамога, ды і нам без вас сумна. Пераязджайце бліжэй да дзяцей і ўнукаў. Тут дзве кватэры ў Жабінцы прадаюцца, адна бу-дзе вам, другая — Галі (дачка Шармаковых Галіна да таго часу пераехала з украінскага Ліпецка ў беларускія Малыя Сяхновічы). Бацькі не вагаліся ні хвіліны. За тры дні прадалі двухпакаёвую кватэру ў Вільнюсе і паехалі ў невядомы ім дагэтуль гарадок недалёка ад Брэста…

Мініяцюрная жанчына з мужчынскім характарам

Сёння Наталлю Савінаўну Шармакову ведаюць у нашым райцэнтры амаль усе. Гэтая мініяцюрная вытанчаная жанчына з’яўляецца сябрам клуба “Суразмоўнік” пры раённай бібліятэцы, піша вершы, друкуецца, наведвае царкву, вядзе актыўнае жыццё. У капялюшыку, на высокіх абцасах, яна выглядае маладзей за свае гады. Наталля Савінаўна не хавае свайго ўзросту: нарадзілася яна ў Польшчы, у Варшаве, 82 гады таму. Перад Вялікай Айчыннай вайной бацька атрымаў назначэнне ў Паставы, і сям’я пераехала ў Беларусь. Напрыканцы вайны Пратасавы апынуліся ў Вільнюсе. Савін Фёдаравіч вельмі хацеў, каб дачка стала аграномам. Аднак Наталля ўжо тады паказвала цвёрдасць характару і адстойвала сваё меркаванне. Яна скончыла Вільнюскі чыгуначны тэхнікум па спецыяльнасці “тэхнік-пуцеец”. Паводле накіравання прыехала працаваць брыгадзірам пуці ў Тарту (Эстонія).
— Там упершыню я сутыкнулася з несправядлівасцю на працоўных месцах, — расказвае Наталля Савінаўна. — Рабочых падманвалі, аблічвалі, плацілі менш, чым яны зараблялі. Як брыгадзір, я заступалася за падначаленых, патрабавала праўды, але нічога не мянялася. Не вытрымаўшы такіх адносінаў да рабочых, я звольнілася і вярнулася ў Вільнюс.

Выйсці замуж за лейтэнанта

Наталля Савінаўна ніколі не марыла выйсці замуж за капітана, як актрыса Вера Глаголева ў аднайменным фільме.
— Мой будучы муж быў маім вільнюскім суседам, — расказвае Наталля Шармакова. — Да таго, як мы пабраліся шлюбам, сябравалі 11 гадоў, з 5 класа. Можна сказаць, што ўсё маё свядомае жыццё звязана з маім мужам. Пасля выхаду замуж за лейтэнанта Шармакова апынулася ў горадзе Паргалава Ленінградскай вобласці. Працавала нарміроўшчыцай на дрэваапрацоўчым камбінаце, потым бібліятэкарам у вайсковай часці. Дагэтуль займалася спортам, ездзіла на спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы за Літву і часу на чытанне кніг не хапала. А цяпер я адкрыла для сябе чароўны свет літаратуры, з задавальненнем чытала класіку, часам нараджаліся ўласныя вершы.
Мужа па службе перавялі ў Карэлію. У нас нарадзіўся сын. Пражылі мы там 5 гадоў, а потым зноў вярнуліся ў Вільнюс. Я стала працаваць у 29-й варшаўскай брыгадзе чыгуначных войскаў начальнікам лабараторыі будаўнічых матэрыялаў. Мяне называлі “таварыш Наташа”, прыслухоўваліся да майго меркавання і нават трохі пабойваліся. Каб гаварыць адкрыта, патрабаваць, мець права голасу, я ўступіла ў камуністычную партыю.
Праз некаторы час Аляксандра Цімафеевіча, ужо ў званні маёра, накіравалі на службу ў Германію, у горад Швярын. Адтуль сям’я Шармаковых зноў вярнулася ў Вільнюс з надзеяй, што застанецца тут назаўсёды. Але Аляксандра Цімафеевіча пасылаюць на Алтай. Наталля Савінаўна, як жонка “дзекабрыста”, едзе разам з мужам, сына пакідаюць з бабуляй. Сяргей за тыя пяць гадоў заканчвае інстытут у Мінску і атрымлівае спецыяльнасць інжынера-мікраэлектроншчыка.
Алтайскі край пакінуў у Наталлі Савінаўны дваякае ўражанне: з аднаго боку, яна была ў захапленні ад прыроды, прысвяціла Алтаю шмат вершаў, з другога — падарвала сваё здароўе тамтэйшым кліматам і стрэсамі на рабоце. Працуючы эканамістам, Наталля Шармакова пастаянна сутыкалася з прыпіскамі. Ізноў яна змагалася з несправядлівасцю, пісала ў Маскоўскі ЦК. З Алтая вярнулася зусім хворай.

Знайсці сэнс жыцця

— Я расчаравалася на той час у жыцці, у магчымасці змяніць што-небудзь да лепшага, — дзеліцца Наталля Савінаўна. — Мая сястра параіла пачытаць Евангелле. У ім я знайшла адказы на ўсе пытанні. Гэта сапраўдны падручнік для людзей. На мяне зышло прасвятленне, я пачала пісаць вершы, песні на рэлігійную тэматыку і не толькі. Зразумела, што мы часовыя госці на Зямлі, а дух наш вечны. Зараз я чалавек глыбока веруючы, і вера ратуе мяне ад адзіноты і дае сілы жыць пасля смерці мужа. Аляксандр Цімафеевіч пахаваны ў Жабінцы. Наталлі Савінаўне не хапае мужавай падтрымкі, мужавага пляча, на якое можна было абаперціся ў любую хвіліну. Але ў яе ёсць дзеці, унукі, праўнукі і вера ў Бога. Сваю місію яна бачыць у напісанні вершаў, пропаведзях і дапамозе людзям.
На здымку: Наталля Савінаўна Шармакова ў гарадскім парку.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top