Дом — у ружах, сэрца — ва ўспамінах

Дом — у ружах, сэрца — ва ўспамінах

_DSC2383Двор Таццяны Аляксандраўны Марозка, што ў в.Навасады, незвычайны: паўсюль, дзе толькі можна, растуць кветкі. А звыклыя для вясковага жыхара грады з морквай, буракамі, парэчкамі схаваліся далёка ад яшчэ ладнай хаты, за хлеўчыком.
—  Мая нявестка Галіна кветкі любіць, асабліва ружы, —  кажа шаноўнага веку, акуратная гаспадыня. —  Раніцой выйдзеш на ганак, сядзеш на лаўку ды на кветкі глядзіш; пчолкі гудуць, сонейка лашчыць —  любата, жыць хочацца! Калі была маладая, не да кветак было…
У такія цёплыя сонечныя раніцы і надвячоркі нечаканай хваляй падступаюць успаміны.
У таты з мамай іх было пяцёра дзяўчатак: Насця, Вольга, Каця, Таня, Надзейка. Жылі вельмі бедна. Мары ад дабрабыце перарвала вайна. “Бацьку німцы замучылі, сэло Хэрма спалылы, пяць дівчын з мамой застолося”. Адбіліся ў памяці 10-гадовай дзяўчынкі слупы чорнага дыму над дагарэлымі дамамі, сады ў квецені і маміны слёзы. Аднак жыць трэба. Спярша капалі яміну, потым вакол яе калочкі ўбілі і лазой пераплялі —  атрымалася нешта на шалаш падобнае: зямлянка. У адным баку —  людзі, у другім, паўз перагародку, карова мычыць… Крыху пазней, калі ішло вызваленне, салдаты дапамаглі скласці зруб: як-ніяк сваё жытло! За аднаго з тых салдацікаў старэйшая сястра замуж пайшла. Словам, жыццё працягвалася.
Вось Таццяна працаўніца на торфазаводзе ў в.Хабы. Ножыкам тады наразалі торф. Чатыры сезоны за мізэрныя грошы адрабіла, пакуль не прапанавалі работу ў вайскоўца ў Брэсце. “Двое діток глядыла, хозяйка добра була, і грошы платыла, подушкі, одыяла, сукеначкі давала”. Тут малодшая сястрычка замуж зазбіралася, а якая ж нявеста будзе без пасагу? Дык Таццяна па дабрыні сардэчнай усё, што ў таго вайскоўца зарабіла, аддала малодшай: няхай хоць яна радаснай будзе.
А тут і для самой Таццяны “чоловек знайшовся”. Вілі сямейнае гняздо ў хатцы памерам 3 х 3 метры, сонца праз маленечкае акенца, лічы, сюды не трапляла, нават калыску для першынца Віцюшы павесіць не было дзе. Купілі іншы дом, а ён таксама мала лепшы: “Крыша тэкла, пэчы развалены, хлэва нэма, свыны кругом хаты бігаюць”. А грошай ні на цвікі, ні на дошкі не хапае, сяк-так муж падлатаў, плот паставіў. Пакрысе наладзіўся той быт. Нарадзіўся другі сынок —  Сашка.
Уладкавалася ў мясцовы саўгас на кароўнік. Даіла па 9-12 кароў, тройчы на дзень. “На пэршу дойку на досвітку вставала. Брала хлопца на плечы —  і на ферму з ім. На куфайку паложу, покі спыць —  дою”.
Падраслі хлопцы —  самі матулі дапамагалі. Разам дзялкі палолі, разам у хаце ўвіхаліся.
Выраслі сыны, выбралі свае жыццёвыя дарогі. Аляксандр стаў будаўніком, Віктар —  шафёрам. Ажаніліся. Радавалі сваю матулю тым, што займелі шчаслівыя сем’і. Зазвінеў у бабулінай хаце залівісты смех унукаў —  Алены, Таццяны, Славы, Вольгі. Не нарадуецца бабуля, калі да яе на святы збіраюцца ўжо праўнукі Віка, Каця, Саша, Хрысціна, Рома і Маша.
—  Якое гэта шчасце —  на світы жыты! Дзіты згодувала, унукаў, праўнукаў дачакалася, дай Божа кожнаму так…
Наша размова з бабуляй Таццянай ідзе нетаропка. Сядзім на лавачцы, атрымліваем асалоду ад непаўторнага водару ружаў. Двор упрыгожваюць драўляныя цацачныя калёсы і вазок, зробленыя рукамі сына-будаўніка, кветніца ў выглядзе калодзежа. Сын паставіў у вясковай хаце душ з гарачай вадой, абсталяваў утульную кухню, купіў сучасны тэлевізар з мноствам каналаў —  карыстайся, мама, гарадскімі выгодамі!
На яе долю выпала шмат іспытаў. У 50 гадоў, калі пачула ад урача свой дыягназ —  “анкалогія”, развітвалася з жыццём. На шчасце, таленавіты доктар Янкевіч узяўся зрабіць аперацыю. Усё прайшло ўдала, і вось яшчэ 33 гады яна радуецца жыццю і ружам у двары…
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Таццяна Аляксандраўна Марозка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top