Не проста звычка, а лад жыцця

Не проста звычка, а лад жыцця

IMG_1611Упэўненая, што не кожны робіць раніцай зарадку — лянота і жаданне паспаць бяруць верх. Многіх людзей здзіўляюць ці нават раздражняюць тыя, хто актыўна займаецца спортам. Але што тут дзіўнага: чалавек хоча добра адчуваць сябе, выдатна выглядаць  і быць здаровым. Назіральнікі яшчэ не зразумелі, што гэта проста неабходна арганізму. Калі ж разуменне прыходзіць, то спорт становіцца неад’емнай часткай жыцця і пераходзіць у карысную звычку. Так адбылося і ў жыцці   Таццяны Пятроўны Іазапайціс (у дзявоцтве Сацэвіч).

Нарадзілася Таццяна ў Жабінцы, скончыла другую гарадскую школу і паступіла ў Беларускі тэхналагічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы 12 гадоў адпрацавала на Брэсцкім электрамеханічным заводзе, а потым перайшла ў банкаўскую сістэму, дзе доўгі час займала пасаду галоўнага эканаміста. Жанчына заўважыла, што напружаная работа за камп’ютарам, маларухомы лад жыцця пагаршаюць яе самаадчуванне. Тады яна вырашыла: “Неабходна мяняць сітуацыю як мага хутчэй”. Неўзабаве выхад быў знойдзены: пад час паездкі ў Польшчу Таццяна набыла відэакасету з комплексам амерыканскіх практыкаванняў —  у пачатку 90-х яны былі вельмі папулярнымі. Спачатку толькі праглядала яе.  Усмешкі прыгожых, моцных, падцягнутых людзей быццам казалі гледачам: “калі будзеш займацца разам з намі, то станеш не толькі здаровым, але ўпэўненым і паспяховым”. Незвычайнае хараство прыроды дапаўняла відэамалюнак: заняткі праходзілі ў маляўнічых куточках —  то на беразе акіяна, то ля падножжа гор. Усё гэта захапіла Таццяну Пятроўну. Яна з задавальненнем далучылася да актыўнай каманды, а зацікавіла асаблівая методыка падрыхтоўкі, складзеная з каланетыкі, аэробікі і фітнесу. Практыкаванні не проста дапамагалі арганізму ўзбадзёрыцца, а давалі магчымасць задзейнічаць і ўмацаваць усе групы мышцаў. Касета прадугледжвала двухгадзінныя заняткі, таму з усіх прапанаваных практыкаванняў жанчына выбрала тыя, якія най-больш ёй падыходзілі. Карыстаючыся парадамі, якія гучалі з касеты, Таццяна стварыла для сябе комплекс практыкаванняў, якога прытрымліваецца ўжо 20 гадоў. Раніцай яна займаецца каля гадзіны, выконваючы ўвесь комплекс, а на працягу дня ў вольныя хвіліны паўтарае практыкаванні для пэўных відаў мышцаў: плечавых, паяснічных, нажных. Пры занятках у асноўным выкарыстоўвае гантэлі, тлумачыць: з узростам мышцы страчваюць эластычнасць і патрабуюць дадатковай нагрузкі. Любіць наведваць лазню, якую лічыць крыніцай здароўя. Імкнецца выконваць практыкаванні на свежым паветры, каля дома —  гармонія з прыродай надае сілы. У двары многа кветак, радуе вока дагледжаны агарод, бо яна атрымлівае задавальненне ад працы на зямлі і адчувае тонкую сувязь з навакольным светам.
У харчаванні пры-трымліваецца правіла: не пераядаць. Есці можна ўсё, але мала і часта —  5-6 разоў у дзень. Гэта дапамагае не набіраць вагу і лёгка сябе адчуваць.  Да таго ж, харчаванне  павінна быць збалансаваным. Пажадана, каб у меню прысутнічалі аўсяная каша, тварог, арэхі, гародніна і нармаваная колькасць мяса. Два разы ў год жанчына прымае комплексныя полівітаміны, якія дазваляюць адчуваць сябе больш бадзёрай, асабліва зімой.
Таццяна ўпэўнена, што з узростам трэба надаваць больш увагі сабе, свайму здароўю, знешняму выгляду. Маладосць прыгожая сама па сабе, а каб заставацца ў форме і надалей, трэба прыкладаць шмат намаганняў і сіл. Жанчына прызнаецца: прыемна ўсведамляць, што самаадчуванне палепшылася, больш не турбуе галаўны боль, сустрэчы з доктарам вельмі рэдкія. “Не паддавайцеся ляноце, займайцеся рэгулярна. 10-15 хвілін у дзень будзе дастаткова для таго,каб адчуваць сябе зусім інакш. Спачатку давядзецца прымушаць сябе, а з цягам часу заняткі стануць неабходнасцю”, —  дзеліцца Таццяна.
Гераіня аповеду нядаўна выйшла на пенсію, але пераканаць у гэтым можа толькі яе пашпарт. Яна ў выдатнай фізічнай форме, заўсёды пазітыўная, актыўная і жыццярадасная. Не верыцца, што яе ўнуку Віктару 12 гадоў. Яму вельмі блізкая жыццёвая пазіцыя бабулі: нельга падпарадкоўвацца сваім слабасцям, патрэбна пераадольваць іх.
Віктар заўсёды захапляўся спортам. Ён займаўся футболам, грэбляй, але 4 гады таму ягоны выбар спыніўся на фехтаванні. Таццяна Пятроўна га-нарыцца ўнукам: у яго скарбонцы шмат узнагарод —  сёлета заняў другое месца ў сваёй узроставай групе сярод фехтавальшчыкаў і трэцяе —  у старэйшай на ўзроўні Брэста.
Вярнуўшыся з абласнога цэнтра на малую радзіму, у Жабінку, Таццяна Іазапайціс не змяніла свой звыклы лад жыцця: пачынае раніцу з любімых практыкаванняў, у добрым настроі сустракае новы дзень, любуецца хараством прыроды, дорыць пазітыў тым, хто побач. Яна ўпэўнена, што ўсё трэба выконваць з усмешкай, тады з’явіцца задавальненне і энергія, узнімецца настрой, і вы ўбачыце вынік сваіх старанняў.
Дар’я НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top