А не выпить ли нам … чаю?

А не выпить ли нам … чаю?

Пра гаючы напой
На гэты раз ва ўтульнай чытальнай зале раённай бібліятэкі ўдзельнікі клуба “Суразмоўнік” на чарговых занятках абмяркоўвалі тэму “Чай — гэта здароўе”.
Ва ўступным слове кіраўнік клуба Л.А.Астроўская расказала, што чай сярод напояў, самы вядомы і распаўсюджаны. Яго п’юць усюды на зямлі: і ў Еўропе, і ў Амерыцы, таму што ён валодае гаючымі ўласцівасцямі, дапамагае вылечыцца ад многіх хвароб, суцяшае смагу, узнімае настрой. Упершыню чай сталі піць у Кітаі. У старажытных кітайскіх рукапісах гаворыцца, што ён надзвычай карысны, праганяе санлівасць, галаўны боль змяншае…
У Расію чай трапіў у 1638 годзе з Манголіі ў якасці падарунка, які прыслаў Алтын-хан цару Міхаілу Фёдаравічу — чатыры пуды. У 1679 годзе Расія заключыла дагавор з Кітаем аб рэгулярных пастаўках яго.
Што сёння гавораць пра гэты напой? У ім прырода шчодра спалучыла розныя каштоўныя для чалавека рэчывы, іх больш чым сто, усе ўзаемазвязаны і ўтвараюць адзіны біялагічна актыўны комплекс. Сёння ў свеце назіраецца бум зялёнага чаю, што звязана з яго гаючымі ўласцівасцямі: умацоўвае сасуды, ачышчае поры скуры, хораша знімае стомленасць і галаўны боль. Яго трэба правільна выбіраць, правільна заварваць. Ёсць чай чырвоны, белы і цагляны. Чырвоным чаем называюць фруктовы ці ягадны напой, белы — гэта элітны напітак для дасведчаных аматараў яго. Лічыцца ён рэдкасцю, збіраюць яго ранняй вясной два дні на год, калі з пупышак чайнага куста вырастаюць сярэбраныя стрэлачкі, збіраюць уручную раніцай у 5-9 гадзін. Іх потым высушваюць і не падвяргаюць ніякай апрацоўцы, а ўпакоўваюць. Вырошчваецца ён толькі ў кітайскай правінцыі Фуцзянь і ў гарах вострава Цэйлон.
У пасяджэнні клуба “Суразмоўнік” прыняла ўдзел намеснік загадчыцы аптэкі №27 г.Жабінка Т.І.Пахатных, якая дала карысныя парады-рэкамендацыі аб розных лекавых чаях, зборах траў айчынных і замежных. Была арганізавана перасоўная выстава розных лекавых чаёў.
У абмеркаванні пытанняў удзельнічалі пенсіянеры А.Ф.Крыўчэня, Г.П.Давыдоўская, Я.П.Валетава, урач А.Д.Чарнейка, якой было зададзена шмат пытанняў, звязаных з гаючымі ўласцівасцямі чаю.
Уся размова пра напой ішла ў суправаджэнні чаяпіцця, які прыгатавалі з душыцай і малінай, мятай і лімонам, язмінам і шыпшынай. Смак і духмянасць чайнаму напою надаюць розныя натуральныя дабаўкі.
У заключэнне сустрэчы ўдзельнікі хору ветэранаў “Тонус” В.П.Мандрэнка, В.С.Якімчук выканалі прыпеўкі пра чай.
Прыемнага вам чаяпіцця.
Р.МАРГЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top