Парушэнняў — не пералічыць па пальцах

Парушэнняў — не пералічыць па пальцах

1375808434Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктываў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах умацавання грамадскай бяспекі дзяржавы” і №3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, заканадаўстваў аб ахове працы і тэхнікі бяспекі, аб барацьбе з п’янствам, антыкарупцыйнага і ветэрынарнага ў СВК “Арэпічы”.
Вынікі яе сведчаць аб тым, што прадпрыемствам не дасягнуты  патрабуемы Дырэктывай №1 узровень працоўнай  і выканаўчай дысцыпліны. Так, у 2013 годзе работнікамі СВК “Арэпічы” дапушчана 10 фактаў адсутнасці на рабочым месцы без уважлівых прычын (прагулаў), 21 — несумленнага выканання службовых абавязкаў. Сёлета да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты адзін работнік, які знаходзіўся  на рабочым месцы нападпітку.
Паводле арт.55 і 226 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наймальнік у ліку іншых мерапрыемстваў абавязаны забяспечыць працоўную і вытворчую дысцыпліны, а таксама здаровыя і бяспечныя ўмовы працы на кожным рабочым месцы. Незахаванне гэтага прыводзіць да траўматызму. У сакавіку сёлета адбыўся няшчасны выпадак з цяжкім зыходам з ветфельчарам СВК “Арэпічы” Т.Хвісюк, якая праводзіла вакцынацыю нецеляў, што замацоўваліся з дапамогаю станка, вырабленага сіламі інжынерна-тэхнічных работнікаў сельгаспрадпрыемства. Прыстасаванне не адпавядала нарматыўным патрабаванням у ахове працы, у прыватнасці, на-дзейна не зачынялася. Акт уводу станка ў эксплуатацыю адсутнічаў, адпаведна ўсялякая дакументацыя аб бяспечнай рабоце на ім не распрацоўвалася. Пры правядзенні вакцынацыі ветфельчар была цяжка траўміравана жывёлай.
За дапушчаныя парушэнні заканадаўства ў ахове працы да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнуты в.а. старшыні СВК “Арэпічы” Н.В.Зэльман, в.а.ветурача С.Г.Баранчук.
Пры абследаванні вытворчых і іншых аб’ектаў прадпрыемства і вывучэнні дакументацыі ў ахове працы і тэхнікі бяспекі тут выяўлена парушэнне заканадаўства: эксплуатуюцца станкі, якія не адпавядаюць нарматыўным патрабаванням; на механічным двары ў Арэпічах, у будаўнічым складзе эксплуатуюцца цеплагенерыруючыя апараты не заводскай вытворчасці; свяцільні ў вытворчых памяшканнях не абсталяваны ахоўнымі каўпакамі; на дзвярах складскіх і вытворчых памяшканняў адсутнічаюць указальнікі катэгорыі ў выбуханебяспецы; пажарныя шчыты не даўкамплектаваныя пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, здараецца, што выкарыстоўваюцца яны няспраўныя; у аглядальных канавах таксама няспраўнае асвятленне; у пакоі для прыёму ежы адсутнічае электрачайнік; на малочнатаварных фермах у Вярхах і Арэпічах няма шафы для паасобнага захоўвання хатняй і спецыяльнай вопраткі.
У сельгаскааператыве з мэтай барацьбы з п’янствам і алкагалізмам не ў поўнай ступені выкарыстоўваюцца метады выхаваўчай работы і грамадскага ўздзеяння. Камісія па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам бяздзейнічае, не распрацоўваецца план яе работы, пратаколы пасяджэнняў для праверкі не падаваліся. Усё гэта гаворыць аб тым, што прафілактычная работа ў папярэджанні п’янства і алкагалізму, фарміраванні цвярозага ладу жыцця, безумоўным выкананні патрабаванняў Дырэктывы №1 на ўмацаванне працоўнай і выканаўчай дысцыпліны ў СВК “Арэпічы” не наладжана.
Акрамя пералічанага, праверка паказала, што праўленнем СВК “Арэпічы” не ў поўнай ступені забяспечваецца выкананне патрабаванняў Дырэктывы №3 у аздараўленні фінансава-эканамічнага стану прадпрыемства, у захаванасці ўласнасці, што шкодзіць прадпрыемству. З-за недастатковага ўзроўню дагаворна-прававой работы, незахавання разлікова-плацёжнай дысцыпліны, дапушчана дэбіторская запазычанасць. Не заўсёды прымаюцца своечасовыя меры па абароне маёмасных інтарэсаў гаспадарчага суб’екта. Праводзімая бухгалтарскай і юрыдычнай службай кааператыву работа па спагнанні даўгоў недастатковая. Сведчыць пра гэта наяўнасць дэбіторскай запазычанасці, якая на 1 мая г.г. склала 4096 млн. рублёў (пратэрмінаваная запазычанасць — 397 млн. рублёў), з-за чаго не выкананы абавязкі кааператывам (крэдыторская запазычанасць складае 14070 млн. рублёў). Высветлілася, што яна складваецца не з вельмі вялікіх сум запазычанасцяў (ад 1 да 50 млн. рублёў) 26 прадпрыемстваў.
З мэтай рэалізацыі мерапрыемстваў па барацьбе з карупцыяй паводле рашэння праўлення СВК “Арэпічы” створана камісія і зацверджана Палажэнне, але адсутнічае план мерапрыемстваў прафілактыкі на 2014 год. Такая арганізацыя работы ў ліквідацыі карупцыйных з’яў садзейнічала крадзяжу клубняў з бульбасховішча на 1500 млн.рублёў загадчыкам цэнтральнага склада гаспадаркі В.А.Баранчуком.
Дапускаюцца парушэнні ветэрынарнага заканадаўства. Нагадаем, што тут ёсць тры малочнатаварныя фермы. Выкананне задач, пастаўленых перад малочнай галіной, можа быць дасягнута не толькі шляхам рэканструкцыі дзеючых і будаўніцтва новых памяшканняў з выкарыстаннем сучаснага абсталявання, але і забеспячэння пэўнай працоўнай дысцыпліны на рабочых месцах, аховы вытворчых аб’ектаў, захаванасці жывёлы. Абследаванне ферм паказала недастатковасць прымаемых мераў у забеспячэнні пэўных умоў утрымання і вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Назіраецца яе падзеж ад гіпатрафіі, дыстрафіі печані і нырак, што з’яўляецца вынікам парушэння тэхналогіі кармлення жывёлы. Ёсць і іншыя парушэнні ветэрынарнага заканадаўства. Аднак віноўныя асобы не выяўляліся і не прыцягваліся праўленнем кааператыву да дысцыплінарнай адказнасці.
Паводле ветэрынарна-санітарных правілаў на кожнай ферме павінен быць санітарны прапускнік, праз які дазваляецца ўваход абслуговага персаналу на яе ўнутраную тэрыторыю, уезд транспарту дапускаецца непасрэдна праз дэзбар’еры. Тэрыторыя яе павінна быць абнесена па перыметры агароджаю і паласою зялёных насаджэнняў. Кароўнік, дзе ўтрымліваецца буйная рагатая жывёла, і прамяшканні, што да яго адносяцца, павінны быць пастаянна чыстымі, сухімі, мець дастатковае асвятленне і вентыляцыю. На Вярхоўскай ферме дэзбар’еры і санпрапускнікі адсутнічаюць, выгульныя дворыкі знаходзяцца ў неахайным стане, нясвоечасова ачышчаюцца ад гною, тэрыторыя ферм толькі часткова абгаро-джана. Не хапае кваліфікаваных зааветспецыялістаў. Вышэй пералічаныя фактары негатыўна ўплываюць на ўзнаўленне статка, атрыманне прыплоду, зніжэнне падзяжу ў выніку прычынення матэрыяльнага ўрону СВК “Арэпічы”.
І найперш гэта вынік працы работнікаў, якія несумленна выконваюць свае функцыянальныя абавязкі. Умовай, якая садзейнічае дадзеным парушэнням, з’яўляецца адсутнасць дзейснага кантролю кіраўніцтвам кааператыву за работай падначаленых.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top