70 гадоў на варце здароўя жабінкаўцаў

70 гадоў на варце здароўя жабінкаўцаў

_DSC5485У жніўні 2014 года санітарна-эпідэміялагічная служба Брэсцкай вобласці адзначае сваё 70-годдзе. Складаны шлях станаўлення і развіцця прайшла яна і ў нашым раёне. Менавіта з гэтага пачалася наша размова з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна Н.П.Шосцік.
— Санітарная служба была арганізавана на Жабінкаўшчыне ў 1944 годзе пры раённай бальніцы, — расказвае Надзея Палінараўна. — Першымі кіраўнікамі былі Арцём Кліменцьевіч Фамічоў (1944-1948), затым Надзея Сцяпанаўна Сямак (1948-1953). З першага верасня 1969 года рашэннем выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных санэпідаддзел райбальніцы быў пераўтвораны ў самастойную санітарна-эпідэміялагічную станцыю.
Гэта цяпер, пры адносна спрыяльнай сітуацыі па інфекцыйных захворваннях, работа нашых спецыялістаў неадчувальная. А ў 50-60 гады, калі лютавалі сыпны і брушны тыф, дызентэрыя, сухоты, трахома і малярыя, рэгістраваліся высокія ўзроўні захваральнасці на дыфтэрыю, скарлатыну, адзёр, коклюш, менінгакокавую інфекцыю, такая служба тады была проста неабходная.
І транспартных сродкаў у той час было небагата: аўтобус УАЗ-450А, матацыкл з каляскай, 5 мапедаў і 2 аўтадэзкамеры. Аднак, нягледзячы на гэта, спецыялісты аб’язджалі ўвесь раён, рабілі падворныя абходы, праводзілі вакцынацыю насельніцтва, дэзынфекцыйную апрацоўку, вялі вялікую санітарна-асветніцкую работу. Трэба сказаць, у насельніцва была вялікая ступень даверу да рэкамендацый медыкаў, бо яны неслі выратаванне.
Дзякуючы эпідэміёлагам і гігіеністам паступова наладжваўся належны кантроль за санітарна-эпідэмічнай абстаноўкай, стабілізавалася агульная інфекцыйная захваральнасць у раёне, паспяхова ліквідаваліся перадумовы распаўсюджвання асабліва небяспечных інфекцый, узнікненне масавых выпадкаў хвароб і атручванняў.
Важная роля ў гэтым была сённяшніх ветэранаў службы: былых галоўнага ўрача Уладзіміра Міхайлавіча Фядуры, памочнікаў урача-эпідэміёлага Кацярыны Васільеўны Кузіч, Галіны Андрэеўны Фядура, Аляксея Міхайлавіча Шосціка, памочніка ўрача-гігіеніста Надзеі Мікалаеўны Скачыкоўскай, лабаранта-бактэрыёлага Святланы Васільеўны Майсіевіч, дэзін-структараў Таццяны Мікалаеўны Пархімовіч і Ніны Мікалаеўны Максімавай, медстатыстыка На-дзеі Якаўлеўны Юрчук.
— Час ставіў перад вашай службай і новыя задачы, мянялася ў лепшы бок і санітарна-эпідэмічная сітуацыя ў раёне, але работы менш не станавілася…
— Канечне, не, наадварот функцыі санэпідслужбы пашыраліся. У 70-я гады мінулага стагоддзя ўзмацняецца кантроль за рэалізацыяй харчовых прадуктаў, за прадпрыемствамі грамадскага харчавання, камунальнымі аб’ектамі, водазабеспячэннем насельніцтва, работай лазняў, умовамі працы на прамысловых і сельгаспрадпрыемствах, за працэсам навучання і выхавання ў школах і дзіцячых садах. Хоць многія па-ранейшаму называюць нашу арганізацыю “санстанцыя”, з 1990 года яна перайменавана ў Жабінкаўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. А цяпер гэта дзяржаўная ўстанова “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, які вя-дзе шматпрофільную санітарна-супрацьэпідэмічную работу сярод насельніцтва.
— Надзея Палінараўна, адна з функцый вашай арганізацыі і, бадай, галоўная — кантралюючая. Вы правяраеце будаўнічыя і гандлёвыя аб’екты, установы адукацыі, сельгаспрадпрыемствы. У полі зроку розныя сферы дзейнасці і многія пытанні.
— Падкантрольных аб’ектаў у нас каля 400. З 2009 года Указам Прэзідэнта Беларусі вызначаны парадак работы кантралюючых органаў, у тым ліку органаў дзяржаўнага санітарнага нагляду. Менавіта на падставе гэтага дакумента нашымі спецыялістамі штогод праводзяцца планавыя праверкі гэтых аб’ектаў. У час іх дасканала аналізуецца сітуацыя ў захаванні санітарных нормаў і правілаў, пачынаючы ад стану тэрыторыі да вытворчага лабараторнага кантролю. На жаль, амаль ва ўсіх праверках выяўляюцца парушэнні, адміністрацыі выдаюцца прадпісанні на іх ухіленне, службовыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя гэтага, з мэтай аператыўнага выкрыцця парушэнняў праводзяцца маніторынгі найбольш эпідэмічна значных аб’ектаў: у прадуктовых магазінах, рэстаране і кафэ, школах, дзіцячых садах, бальніцы, дзіцячых аздараўленчых лагерах. Шмат увагі надаецца нагляду за ўтрыманнем і добраўпарадкаваннем населеных пунктаў.
Дзякуючы і нашым настойлівым патрабаванням, паляпшаецца эстэтычны выгляд гандлёвых аб’ектаў, яны аснашчаюцца неабходным гандлёвым абсталяваннем. І як станоўчы факт — ёсць дынаміка ў скарачэнні колькасці парушэнняў пры рэалізацыі прадукцыі.
Ва ўстановах адукацыі створаны неабходныя ўмовы для вядзення агульнаадукацыйнага працэсу. У адпаведнасці з планам ідуць капітальны і бягучы рамонты, закупляецца вучнёўская мэбля, своечасова мяняецца санітарна-тэхнічнае і тэхналагічнае абсталяванне ў харчовых блоках.
Асабліва адказны і напружаны для нашай службы летні аздараўленчы перыяд. Галоўная задача — захаваць бяспечнае знаходжанне дзяцей у аздараўленчых лагерах, не дапусціць групавой захваральнасці на вострыя кішэчныя інфекцыі.
Згодна прадпісанняў санслужбы, на большасці прамысловых і сельгас-
прадпрыемствах раёна абсталяваны санітарна-бытавыя памяшканні: душавыя, гардэробныя, пакоі прыёму ежы. Праводзіцца гігіенічная атэстацыя рабочых месцаў, па выніках якой прымаюцца меры ў аптымізацыі ўмоў працы.
Заўжды на кантролі пытанні забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой, бяспечнымі прадуктамі харчавання, добраўпарадкавання населеных пунктаў.
— Прыярытэтным накірункам у дзейнасці цэнтра гігіены і эпідэміялогіі застаецца прафілактыка інфекцыйных захворванняў. Што робіцца спецыялістамі службы ў гэтым накірунку?
— Гэта штодзённы аператыўны аналіз санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ў раёне. Пры неабходнасці прымаюцца неадкладныя меры ў выяўленні крыніцы інфекцыйнага захворвання, а таксама мерапрыемствы ў ачагу хваробы, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Адзначу, што цяпер у раёне склалася стабільная эпідэміялагічная абстаноўка. Рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі інфекцыйных захворванняў. Аднак, заспакойвацца нельга ніколі. Трэба ўлічваць вялікую турыстычную міграцыю насельніцтва, асабліва ў летні сезон. Нашы грамадзяне наведваюць і афрыканскі кантынент, дзе цяпер неспакойна ў сувязі з эпідэміяй ліхаманкі Эбола. У раён таксама паступаюць бежанцы з Украіны, дзе ёсць усе перадумовы да ўскладнення эпідабстаноўкі, да росту інфекцыйнай захваральнасці.
Акрамя таго, штогод сярод жабінкаўцаў рэгіструецца пэўная колькасць асоб, якія адмаўляюцца ад прышчэпак, ігнаруюць рэкамендацыі ўрачоў і тым самым падвяргаюць небяспецы сябе і тых, хто знаходзіцца побач. У той час, як свет чакае ад вучоных з’яўлення выратавальнай вакцыны супраць ВІЧ, ліхаманкі Эбола, асобныя псеўдаадукаваныя людзі адмаўляюцца прывіваць дзяцей ад сухот, адзёра, дыфтэрыі, гепатыту.
— Надзея Палінараўна, сёлета ў Жабінцы рэалізуецца праект “Здаровыя грамадзяне — здаровы горад”. Ён зацверджаны рашэннем райвыканкама, а ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” з’яўляецца яго каардынатарам. Што робіцца ў гэтым накірунку?
— Вядзецца растлумачальная, агульнаадукацыйная работа сярод жабінкаўцаў у пытаннях захавання здароўя і матывацыі на яго, як важнейшую каштоўнасць, і пошук новых формаў прафілактыкі захворванняў. Сумесна з урачамі райбальніцы, работнікамі культуры, адукацыі арганізуюцца акцыі, тэматычныя вечары, лекцыі, гутаркі. Насельніцтва інфармуецца аб правілах здаровага ладу жыцця, у тым ліку і праз нашу раённую газету і мясцовае радыё. Дабіваемся, каб у грамадскіх месцах была наглядная агітацыя, якая б заклікала весці здаровы лад жыцця. Словам, у гэтым плане ўсе метады прымальныя.
— Надзея Палінараўна, раскажыце, калі ласка, пра калег.
— Штат цэнтра гігіены і эпідэміялогіі невялікі і поўнасцю ўкамплектаваны. Асноўныя функцыі, ускладзеныя на службу раёна, выконваюць тры ўрачы і восем памочнікаў урача. Неацэнны ўклад у развіццё нашай службы ўнёс былы галоўны ўрач Уладзімір Ханонавіч Лапус. І сёння ён у нашым калектыве, перадае свой багаты прафесійны вопыт, з’яўляецца настаўнікам для маладых урачоў Алены Марошка і Аляксандра Гар-дзейчыка. Больш чым 30 гадоў працуюць памочнікі ўрача-гігіеніста Любоў Пятроўна Данілюк, Ганна Сяргееўна Рэмеш і фельчар-лабарант Надзея Аляксееўна Буснюк. Дарэчы, не кожны зможа працаваць у санслужбе. Трэба ўлічыць тое, якія вялікія функцыі ўскладзены сёння на органы дзяржсаннагляду. Ад спецыялістаў установы патрабуецца вялікая адказнасць, рознабаковыя веды, здольнасць да аналітычнай працы, інфармаванасць і эрудыцыя, веданне санітарнага заканадаўства, юрыдычных прававых актаў, уменне працаваць з людзьмі.
Настойлівасць, прынцыповасць і адукаванасць спецыялістаў усіх пакаленняў санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна дазволілі значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу падкантрольных аб’ектаў, а таксама паказчыкі, якія характарызуюць стан атмасфернага паветра, водазабеспячэння, глебы і інш. Як вынік, — палепшыліся дэмаграфічныя паказчыкі, а таксама ў стане здароўя насельніцтва, інфекцыйнай захваральнасці. І ў тым, што Жабінка сёння адзін з самых прывабных гарадоў Беларусі, безумоўна, ёсць немалая заслуга і работнікаў санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна.
Гутарыла Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*