У райвыканкаме

У райвыканкаме

IMG_5150На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 22 жніўня, была заслухана справаздача кіраўніка СВК “Вазнясенскі” Н.Р.Кандрацюк аб рабоце з кадрамі. Старшыня выканкама Ф.Ф.Каланчук, запрашаючы да размовы, падкрэсліў, што гэтае пытанне з’яўляецца важнейшым момантам у дзейнасці любога калектыву. У названым кааператыве стараюцца захаваць, эфектыўна выкарыстоўваць і развіваць створаны кадравы патэнцыял. За апошнія 4 гады цякучасць кадраў знізілася з 32% да 13. Адукацыйны ўзровень спецыялістаў у асноўным адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням. 29% з іх маюць вышэйшую адукацыю, 64% — сярэднюю спецыяльную. Завочна вучацца ў ВНУ 6 чалавек, паводле мэтавых дагавораў на дзённай форме навучання займаюцца двое. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства заахвочвае імкненне моладзі працягваць вучобу без адрыву ад вытворчасці. Сярод “бонусаў” — захаванне заработнай платы на перыяд установачных і экзаменацыйных сесій. З мэтай стымулявання маладых людзей і матэрыяльнай падтрымкі бацькоў студэнта, якія працуюць у кааператыве, у мэтавым дагаворы прадугледжана даплата да стыпендыі (3 базавыя велічыні) пры ўмове станоўчай паспяховасці. З 2010 года ў СВК прыбыло 17 маладых спецыялістаў, з якіх цяпер працуе 9, а сёлета — толькі адзін з неабходных трох. Усе маладыя спецыялісты працаўладкоўваюцца згодна са спецыяльнасцю ў дыпломе, забяспечваюцца жыллём у дамах сядзібнага тыпу, ім выплачваюцца дапамогі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, за імі замацоўваюцца настаўнікі, аўтарытэтныя, падрыхтаваныя работнікі.
СВК “Вазнясенскі”, як і ўсе сельгасарганізацыі, мае патрэбу ў спецыялістах-тэхнолагах, жывёлаводах, вадзіцелях і механізатарах. Ёсць праблема падбору кадраў з адпаведнай адукацыяй на пасады кіраўнікоў сярэдняга звяна ў жывёлагадоўлі.
Калектыўны дагавор сельгаскааператыва ўключае ў сябе шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый за студзень-чэрвень 2014 г. На 104,2% выканана заданне па росце заработнай платы. За гэты перыяд яна склала 4115,3 тыс. руб.
Як адзначыла Н.Р.Кандрацюк, прыкметай станоўчага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве з’яўляецца той факт, што маладыя спецыялісты не толькі застаюцца працаваць у гаспадарцы, але і ствараюць тут свае сем’і, пускаюць карані, а значыць у “Вазнясенскага” ёсць перспектывы. Выканкам прызнаў здавальняючай работу з кадрамі праўлення сельгаскааператыва “Вазнясенскі”.
Аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года, а таксама аб арганізацыі падвозу дзяцей у школы і сады паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.М.Янусік. Усе ўстановы адукацыі забяспечаны педагагічнымі кадрамі. Прыбылі на працу 16 маладых педагогаў. Усе яны працаўладкаваны. На рамонт устаноў адукацыі сёлета з раённага і абласнога бюджэтаў выдзелена 1,07 млрд. рублёў.
Пастаянна абнаўляецца і папаўняецца вучэбна-матэрыяльная база. На гэта расходавана 1,2 млрд. рублёў з раённага і абласнога бюджэтаў. Усе харчовыя блокі забяспечаны неабходным тэхналагічным абсталяваннем, посудам, інвентаром, мыйнымі сродкамі. Каб стварыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і адукацыйнага працэсу расходавана 265,6 млн. рублёў.
Выкананне сацыяльнага стандарта ў забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садах складае 87,4% (горад — 78,6%, сельская мясцовасць — 107,7%) пры нарматыве 85%.
У 2014-2015 навучальным годзе згодна з папярэднімі дадзенымі за парты сядуць 2755 вучняў. У першыя класы плануецца прыняць 330 дзяцей. Усе яны прайшлі падрыхтоўку да школы праз установы дашкольнай адукацыі.
У аддзеле 13 аўтобусаў і “Газель” для падвозу выхаванцаў і школьнікаў да ўстаноў адукацыі. Тэхніка ўкамплектавана ўсім неабходным для нармальнай эксплуатацыі. Зацверджаны прапаноўваемыя маршруты. Кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі даручана забяспечыць захаванне дзецьмі правілаў дарожнага руху на гэтым шляху, арганізаваць іх суправаджэнне дарослымі, а таксама дзяжурства пры пасадцы і выхадзе з аўтобуса.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top