“Я — механізатар, а ў душы — рамантык”

“Я — механізатар, а ў душы — рамантык”

_DSC5093Сёлета хлебная ніва аддзячыла рупліўцам багатым ураджаем. На Жабінкаўшчыне сабралі звыш 54 тысяч тон збожжа, што больш, чым летась, на 14 тысяч. Адметнае жніво і большым удзелам у ім камбайнераў, чые намалоты пераўзышлі тысячны рубеж (а такіх — 28 экіпажаў). Сярод “тысячнікаў” у ААТ “Ракітніца” — камбайнеры Леанід Мікалаевіч Баскакаў і Сяргей Аляксандравіч Семянюк. Якім выдалася сёлетняе жніво, як дасталася запаветная “тысяча” — пра гэта гутарка з адным з хлебаробаў.
— Леанід, уборачная кампанія завяршылася. Якія пачуцці яна ў вас выклікала?
— Радасныя, што надвор’е паспрыяла, толькі адзін дзень прастаялі з-за дажджу, ураджай вырасцілі добры, і сумныя, што палі з налітым калоссем ужо абмалочаныя і камбайны пастаўлены на захоўванне. Як нехта любіць чысціню зімы, прабуджэнне вясны, шчодрасць лета, так і я люблю жніво. Яно для мяне — асаблівая пара года. Сёмае ўжо ў маёй працоўнай біяграфіі. Самае спакойнае і зладжанае.
— Наконт зладжанасці. Ці ўсё вас задавальняла ў плане арганізацыі ўборачных работ?
— Цалкам. З кожным годам умовы для камбайнераў паляпшаюцца. Не паспяваў націснуць на гажэтку, як адразу пад’язджалі МАЗы пад разгрузку, так што не прастойвалі. Для ўсіх камбайнераў былі створаны аднолькавыя ўмовы: не практыкавалася такога, што адзін абмалочвае лепшыя ўчасткі, а другому дастаюцца горшыя. Дзяўчаты ў мясцовай сталоўцы выдатна гатавалі абеды, ды яшчэ і халодненькую ваду для піцця аператыўна падавалі. А ў самой кабіне працаваў кандыцыянер, так што аб тэмпературы паветра даведваўся, толькі калі выходзіў паесці.
— Ці падводзіў камбайн?
— Без гэтага не абы- шлося. Сёлета было шмат палегліцы, даводзілася жатку нізка апускаць, каб падняць каласы, і хочаш-не хочаш, а зямлі не-не ды і чарпанеш. Рамонт займаў не шмат часу, дый у запчастках і ГЗМ недахопу не адчуваў. Майму камбайну “Палессе-1218” пайшоў трэці год.  У цэлым тэхніка неблагая, спроба беларусаў “скапіраваць” замежны аналаг, толькі якасць металу, на жаль, не вельмі высокая.
— Ці планавалі стаць “тысячнікам”?
— Як жа! На леташняй уборцы мне не хапіла ўсяго 150 тон да запаветнай лічбы, таму цвёрда вырашыў — сёлета абавязкова вазьму гэтую планку. Віды на ўраджай таксама абнадзейвалі. Таму я сур’ёзна рыхтаваўся: літаральна па болціку праверыў жалезнага “сябра”, усё падцягнуў, змазаў, памяняў падшыпнікі, заканапаціў шчыліны. Трэба не толькі ўмець кіраваць тэхнікай, але і адчуваць яе.
— Ці правільнае выказванне, што добра быць камбайнерам пры добрым памочніку?
— Гэта сапраўды так. Сёлета мне пашанцавала на Сяргея Семенюка. Ён працуе вадзіцелем у раённым аддзеле надзвычайных сітуацый і на ўборку прыйшоў у “Ракітніцу”. На мехдвары з’яўляўся раней за мяне, штораніцы чысціў і рыхтаваў камбайн. Сумленны і працавіты чалавек. Дзякуючы і ягонаму ўнёску намалацілі 1078 тон, да 97 тон у дзень. Дарэчы, гэта другое месца ў гаспадарцы. Зарабілі з ім за жніво па 15 мільёнаў рублёў.
— На што патраціце заробленыя грошы?
— Летась за “жніўныя” купілі мэблю ў дом, які набылі паводле прэзідэнцкай праграмы, а сёлета плануем з жонкай паехаць адпачыць у горад, “дзе белыя ночы”.
— Леанід, для вас жніво — гэта толькі магчымасць атрымаць грошы?
— Без іх цяжка пражыць. Аднак для мяне хлебаробская праца — нешта большае, чым раз у месяц распісацца ў графе “заробак”. За грошы можна абы як зрабіць, толькі б паболей гектараў залічыць. А трэба ж працаваць так, каб радавацца пасля, адчуваць, што ты ўнёс часцінку сваёй душы. Восенню, вясною араў, рыхтаваў глебу, уносіў угнаенні, і гэтыя ж палі ўбіраў. Затое ведаю, што дзе расце, з якога боку лепей заехаць. Цяпер зноў рыхтую глебу — пад ураджай будучага года. Быць хлебаробам — гэта маё прызванне. Мой бацька ўсё жыццё расціў і ўбіраў хлеб, маці таксама працавала ў саўгасе ў Ганцавіцкім раёне, адкуль я родам.
Паспрабаваў пажыць “на балконе”, у Брэсце, аднак адчуў: “цягне” да зямлі, прапанаваў жонцы пераехаць у вёску, выбар прыйшоўся на Ракітніцу. Атрымаў жыллё і работу. Адразу даверылі трактар і камбайн. Цяпер у мяне чатыры адзінкі тэхнікі: два трактары, камбайн, касілка. Даводзіцца паспяваць. Працу сваю, як і аграгарадок, што стаў мне родным, люблю. Клопату больш, затое цішэй, няма гарадской мітусні. Вёска жыве размерана, сваім жыццём, што мне вельмі імпануе. Калі хочацца адпачыць, перачытваю класікаў або бяру ў рукі гітару, збіраем сяброў “на шашлыкі”. Жонка ва ўсім падтрымлівае мяне. Я — механізатар, а ў душы — рамантык.
— Дзякуй за гутарку і чарговых вам перамог!
Запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Леанід Баскакаў.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top