Натура лірычная — ВНУ лінгвістычная

Натура лірычная — ВНУ лінгвістычная

IMG_1636Выпускніцу гарадскога ліцэя Насцю Сідорка ведаюць не толькі ў роднай Жабінцы, але і за яе межамі. “Залатая” медалістка, уладальніца дыплома ІІІ ступені міжнароднай алімпіяды па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: духоўная і гістарычная супольнасць”, пераможца рэспубліканскага этапу алімпіяды па рускай мове, аўтарка паэтычнага зборніка “Пялёсткі”… Яе імя занесена ў рэспубліканскі банк дадзеных адораных дзяцей і моладзі. Пад час сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання Насця набрала 292 балы па трох прадметах у суме і стала студэнткай сталічнай вышэйшай навучальнай установы.
— Насця, на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове ты паказала веданне гэтага прадмета на ўсе сто. Што дапамагло набраць максімальную колькасць балаў?
— Па-першае, з дзяцінства я вельмі многа чытала. Асабліва люблю рускую класіку. Чытанне кніг папаўняла мой лексічны запас, я звяртала ўвагу на будову сказаў, запамінала напісанне слоў. Па-другое, пачынаючы з 10 класа,  прымала ўдзел ва ўсіх этапах алімпіяды па рускай мове, да якіх адказна і старанна рыхтавалася пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Кацярыны Фёдараўны Місіюк. Увогуле, мне падабаецца займацца мовамі: я гуманітарый, натура лірычная. Па-трэцяе, “заразіла” мяне любоўю да іх старэйшая сястра Вольга, якая вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна на філалагічным факультэце. Нам падабалася абмяркоўваць мастацкія творы, спрачацца на лінгвістычныя тэмы.
— Якія эмоцыі ты перажыла, калі даведалася пра свой вынік ЦТ па рускай мове?
— Я была здзіўлена, бо мне здавалася, што ў апошнім заданні дапусціла памылку. Вачам сваім не паверыла, калі ўбачыла 100 балаў. Радасці не было мяжы, падзялілася ёю з бацькамі, сябрамі, настаўнікамі.
— Па англійскай мове ў цябе 94 балы, па гісторыі Беларусі — 98. Як размеркаваць свае сілы і час, каб па некалькіх прадметах мець такія высокія вынікі?
— Вялікую ролю, лічу, адыграла тое, што апошнія два гады я вучылася ў гарадскім ліцэі на філалагічным профілі, дзе на дадзеныя дысцыпліны рабіўся асаблівы націск. Мне пашанцавала з настаўнікамі, якія дапамагалі размяркоўваць разумовыя нагрузкі і арганізоўваць работу. Яны падказалі, што нельга перанапружвацца, трэба мяняць віды дзейнасці, чаргаваць вучобу з адпачынкам. Непасрэдна перад цэнтралізаваным тэсціраваннем па кожным з прадметаў я паўтарала матэрыял. Як кажуць, паўтарэнне — маці вучэння. Асабліва дапамагло яно перад ЦТ па гісторыі Беларусі. Вельмі важнай з’яўляецца і псіхалагічная настраёвасць на высокі вынік.
— Поспехі вучня — гэта, безумоўна, і заслуга яго педагогаў. Каму ты ўдзячная за свае дасягненні?
— На парозе дарослага жыцця аглядваюся назад на школьныя гады і разу-      мею, як многа мне далі настаўнікі. Першакласніцай прыйшла ў першую гарадскую адзінаццацігодку, дзе трапіла да педагога з вялікай літары — Галіны Аркадзьеўны Яхалкоўскай. Яна ўлюбіла нас у сябе і ў прадметы, навучыла вучыцца, як бы каламбурна гэта ні гучала. Галіна Аркадзьеўна дапамагла мне ажыццявіць добры старт і падняла высокую планку, якой я старалася адпавядаць у далейшым. У 5 класе перайшла ў трэцюю гарадскую школу, у 10-м — у ліцэй. З цеплынёй узгадваю ўсіх сваіх настаўнікаў, цяжка выдзеліць некага аднаго.
— Насця, ці вагалася ты, калі выбірала ВНУ і спецыяльнасць?
— Канечне, тым больш родныя раілі адну ўстанову, настаўнікі — іншую. У мяне была праблема з выбарам паміж спецыяльнасцямі “руская мова і літаратура” і “замежныя мовы”. Перамагла любоў і цяга да апошніх, і адпаведна Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт узяў верх над Беларускім дзяржаўным універсітэтам. Паступіла на перакладчыцкі факультэт, дзе мовы вывучаюцца найбольш глыбока. Асноўная будзе англійская, дадатковую выберу ў час навучання. Магчыма, кітайскую.
— Якім ты бачыш сваё жыццё і вучобу ў сталіцы?
— Упэўнена, што вучыцца будзе цікава, што не расчаруюся ў абранай спецыяльнасці. У МДЛУ вельмі моцны выкладчыцкі састаў, туды паступаюць моцныя студэнты. Яшчэ падабаецца, што мая будучая альма-матар знаходзіцца ў цэнтры Мінска. З задавальненнем акунуся ў вір сталічнага жыцця, буду падарожнічаць па Мінску, наведваць тэатры, кінатэатры, выставы.
— Рэкамендацыі ад выдатніцы вучобы Настассі Сідоркі тым, хто будзе здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў наступным годзе.
— Будзьце ўпэўненымі ў сабе, настойліва ідзіце да пастаўленай мэты. Выбірайце тыя прадметы, якія вам падабаюцца, слухайце сваё сэрца. Таксама жадаю ўсім удачы: яна ніколі не пашкодзіць. Вынік ЦТ залежыць і ад варыянта, што патрапіцца, і ад настрою, і нават ад надвор’я ў дзень здачы. Поспехаў усім і здароўя!
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: выпускніца жабінкаўскага ліцэя, сённяшняя студэнтка МДЛУ Настасся Сідорка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top