Не забываць карані дзеля будучыні

Не забываць карані дзеля будучыні

IMG_0958Разам з узыходам сонца прачынаецца, ажывае вёска: людзям трэба справіцца з хатнімі справамі і пайсці на асноўную працу — засяваць палі ці апрацоўваць пасевы, даіць рагуль ці даглядаць маладняк, навучаць хлопчыкаў і дзяўчынак асновам навук ці лячыць тых, хто згубіў здароўе… Аднак умеюць тут з карысцю і прыгожа адпачываць, найперш у свята вёскі, якое стала IMG_0990традыцыйным. Менавіта яно дапамагае яшчэ й захаваць народныя звычаі і абрады.
Калі 10 жніўня пад’язджалі да аграгарадка Сцяпанкі, было зразумела: ладзіцца свята — музыка і спевы гучалі каля сельскага Дома культуры, тут жа збіраліся святочна апранутыя вяскоўцы. Для дзяцей таксама прапаноўваліся забавы: батут і электрамабілі.
Паводле мясцовай традыцыі, гасцей, аднавяскоўцаў сустракалі сцяпанкаўскім караваем. Дарэчы, шпіталёўцы сёлета ў IMG_0985лідарах на жніве. Са святам усіх павіншавала дырэктар Сцяпанкаўскага СДК Т.П.Печка. Затым слова ўзяў старшыня Сцяпанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў М.Г.Ягорчанкаў, які ўзгадаў шмат цікавых звестак з гісторыі сённяшняга аграгарадка. Напрыклад, першы ўспамін пра Сцяпанкі адносіцца да 1589 года, значыць, сёлета ім 425 гадоў. Цікава было моладзі даведацца, што ў Х1Х стагоддзі тут былі карчма і вінакурня, а ў 1862 годзе адчынілася народнае вучылішча, дзе таксама працавала і бібліятэка. 55 гадоў таму быў створаны Сцяпанкаўскі сельскі Савет. З 2008 года вёска перайменавана ў аграгарадок, дзе цяпер пражывае 286 жыхароў.
Затым вядучыя свята, дырэктар мясцовага Дома культуры Т.Печка і бібліятэкар сельскай бібліятэкі І.Самасюк чула і пранікнёна гаварылі аб маленькай радзіме тых, хто завітаў на вясковае свята, аб яе жыхарах, працавітых і шчырых, і прасілі не забываць свае карані, таму што нават у самага моцнага дрэва без каранёў няма будучыні. Успомнілі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх заўсёды шанавалі. На жаль, нікога з іх ужо няма ў жывых. Пералічылі пайменна загінулых у барацьбе з фашызмам і тых, хто вярнуўся з палёў бітваў. Менавіта, дзякуючы ім мы і жывем 70 гадоў пад мірным небам.
Было названа яшчэ шмат імёнаў. Не забылі пра тых, хто трымае першынство па ўзросце, ні пра самага маленькага вяскоўца, ні пра дбайных гаспадароў, ні пра рупліўцаў сельскай гаспадаркі.
31 ліпеня самаму старэйшаму жыхару Веры Ігнатаўне Малецкай споўніўся 91 год, а Любоў Емяльянаўна Тамашук літаральна напярэдадні ўрачыстасці адсвяткавала свой 89-ы дзень нараджэння. Старажылы атрымалі падарункі, а яшчэ для іх прагучала музычнае віншаванне.
Сцяпанкі маладзеюць. Самая маленькая жыхарка іх — Дамініка Казулька, ёй усяго пяць месяцаў. Яна разам з мамай з рук старшыні Сцяпанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў М.Ягорчанкава таксама атрымала падарунак. Усім юным сцяпанкаўцам мясцовая самадзейная спявачка Карына Аўсяйчук падаравала песеньку пра тату і дачушку.
80-гадовы юбілей Міхаіла Аляксандравіча Мацкевіча супаў з часам правядзення свята, большасць свайго жыцця ён прысвяціў працы дзеля росквіту мясцовай гаспадаркі. Юбіляр таксама не застаўся без падарунка і музычнага віншавання.
Не забыліся на свяце і пра трывалыя працавітыя сем’і, якія тут у вялікай пашане. Сёлета споўнілася  30 гадоў, як у пары Дзмітрый Дзмітрыевіч і Лідзія Карнілаўна Данілікі. У іх жамчужны юбілей, а ў Мікалая Лявонцьевіча і Галіны Паўлаўны Будзько — рубінавы. Для іх на свяце гучала музычная кампазіцыя “Жаночае шчасце” і вядома былі падарункі.
Кветкі, музыка, песні, выпечка, рукадзелле — усё было ў гэты дзень, які стаў для вяскоўцаў па-сапраўднаму святам. Не абышлося і без конкурсаў. Па даўняй традыцыі назвалі лепшых гаспадароў, а іх падвор’і ўзорнымі. Заўсёды чысціня і парадак на прысядзібных тэрыторыях А.С.Шлягі, А.Л.Сідарава, А.П.Лахманюк, М.М.Сахарчука, А.В.Юзвік і Л.А.Дземідзюк. Неўзабаве ім будуць уручаны шыльдачкі з надпісам “Дом узорнага санітарнага парадку”.
Яшчэ некалькі штрыхоў з мерапрыемства. Яго ўпрыгожылі па-сапраўднаму самабытныя ручныя работы мясцовых майстрых Г.Ярашук, М.Шуваевай і А.Дзямідчык. На выставе красаваліся створаныя імі ручнікі, посцілкі, сурвэткі, абрусы.
Я ўпэўненая, што людзі адпачылі ад бясконцых вясковых турбот, хатніх клопатаў, спраў у садзе, агародзе. У гэтым ім найперш дапамаглі мясцовыя самадзейныя артысты. Канцэртная праграма складалася з вельмі добрых, душэўных песень, прысвечаных Радзіме, роднай вёсцы, сям’і, маці, каханню. Заліхвацкі імправізавалі, радавалі гледачоў сваімі талентамі юныя спевакі дзіцячага калектыву “Вясёлыя ноткі” сельскага Дома культуры. Уразіла ўсіх сваім непаўторным голасам Наталля Салдатава. За творчасць яна таксама атрымала падарунак.
На заканчэнне відовішча  госці,  арганізатары і ўсе яго ўдзельнікі частаваліся духмяным караваем. Прадоўжылася яно танцавальнай праграмай, якая прыемныя хвіліны падаравала вяскоўцам любога ўзросту.
Алена ЧЫРКУН, метадыст арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.
На здымках: падарунак старажылцы Л.Е.Тамашук уручае старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама М.Г.Ягорчанкаў; выступаюць самадзейныя артысты; духмяным караваем частуюцца ўдзельнікі свята.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top