Талентаў шчодрыя россыпы

Талентаў шчодрыя россыпы

карась 3Вёску Баранцы ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, таму што тут жыве знакамітая каравайніца, фалькларыстка, былы работнік культуры, сельскі стараста і проста добрая, спагадлівая жанчына — Соф’я Рыгораўна Карась.
Нарадзілася Соф’я Рыгораўна ў 1934 годзе ў вёсцы Сычова ў сям’і Рыгора Філімонавіча Хоміча. Сям’я была вялікая: у ёй выхоўвалася шасцёра дзяцей. Зведалі і нястачу, і нішчымніцу. Выручалі бацькавы рукі: ён умеў цяслярыць, класці сцены, печы.
Пасля школы Соф’я Рыгораўна паехала вучыцца ў горад разам
са сваімі сяброўкамі. Потым вярнулася ў родную вёску і стала працаваць у калгасе. Было ў ёй нешта такое, што гуртавала моладзь. Яны і самадзейныя канцэрты ладзілі, і кніжкі абмяркоўвалі, і агітацыйную работу вялі, а ўзімку збіралі попел, каб лепей палі радзілі. Соф’ю Рыгораўну выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. На яе здольнасці звярнулі ўвагу ў райкаме камсамола і прапанавалі пасаду загадчыцы хаты-чытальні ў Азятах.
На той час хата-чытальня часта была адзінай культасветустановай у вёсцы і, быццам магніт, прыцягвала да сябе жыхароў. Адным з самых актыўных чытачоў быў хлопец з Баранцоў, які потым стаў мужам маладзенькай Соф’і. Так яна з Сычова перебралася ў Баранцы, дзе стала загадчыцай клуба і хаты-чытальні. У Баранцах Соф’я Рыгораўна стварыла фальклорна-этнаграфічны гурт. Не пералічыць колькі разоў яна разам са сваім калектывам выступала на сцэнах сельскіх клубаў і ў іншых месцах у час вялікіх і малых святаў. Сёння аб гэтым нагадваюць шматлікія граматы і дыпломы. У 1998 годзе фальклорна-этнаграфічны гурт атрымаў званне лаўрэата 1-га фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”. Калектыў адрадзіў мясцовыя абрады “Гуканне вясны”, “Вяселле”, “Выкуп нявесты”. У рамках раённай праграмы “Спадчына” былі створаны відэаматэрыялы “Выпечка каравая”, “Зажынкі”.
Соф’я Рыгораўна сабрала і запісала больш за 30 мясцовых абрадавых песень. Кожную яна ведала і спявала разам са сваім калектывам.
У Баранцах прайшлі яе лепшыя гады жыцця. У вёсцы адбыліся змены: Баранцы значна абязлюдзелі. Даўно зачынілі школу, бо не стала вучняў. На яе месцы размясцілі Дом сацыяльных паслуг. Ля вытокаў яго таксама была Соф’я Карась. Яе сіламі створаны музейны пакой сельскага побыту, у якім сабрана шмат цікавых рэчаў. Час ідзе, паміраюць старыя, і многае, што ў іх куфэрках, можа стаць непатрэбным. А тыя ж вышыванкі і выцінанкі, аддзенне, рэчы побыту маглі б і далей выхоўваць маладых. Нядаўна перастаў працаваць і Дом сацыяльных паслуг у Баранцах. Каб не зніклі народныя багацці, сабраныя ў ім, экспанаты перададзены ў Малыя Сяхновічы, у раённы музей.
Найбольшую вядомасць прынёс Соф’і Рыгораўне яе талент пячы вясельныя караваі. Колькі яна вырабіла іх за сваё жыццё, нават сказаць не можа. Але прозвішча хлопца, якому зрабіла на вяселле свой першы каравай, трывала засталося ў памяці – Сцяпан Ахрамук.
Караваі заказвалі не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але нават з Масквы, Іванава і іншых гарадоў Расіі.
У 2004 годзе, дзякуючы свайму таленту, Соф’я Рыгораўна стала лаўрэатам фестывалю “Палескі карагод”.
У Баранцах паважаюць і любяць гэтую жанчыну. Аднавяскоўцы часта прыходзілі да яе па дапамогу, параду і спачуванне. Яе жыццёвую актыўнасць засведчылі ганаровыя граматы і дыпломы. А паводле вынікаў 2002 года ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва Соф’я Карась была ўдастоена высокага звання “Чалавек года” Брэсцкай вобласці.
Амаль 50 гадоў працавала Соф’я Рыгораўна ў культуры, акрамя гэтага яна была і старастай, і дырэктарам этнаграфічнага музея, Дома сацыяльных паслуг, не раз выбіралася дэпутатам Азяцкага сельскага Савета.
Сёлета Соф’і Рыгораўне споўнілася 80 гадоў. Няхай святло, якое выпраменьвае гэтая добрая, ласкавая жанчына, яшчэ доўга асвятляе чалавечыя душы.
Ірына МАРОЗ, бібліятэкар Азяцкай сельскай бібліятэкі.

На здымку: Соф’я Рыгораўна Карась (фота 2002 года).

Фота Ірыны ЖУК.
Каментарый ад рэдакцыі. Супрацоўнікі райгазеты далучаюцца да добрых слоў, выказаных у заметцы. Зычым здароўя нашай паважанай зямлячцы, якая цяпер сур’ёзна хварэе, таму і здымак публікуем з архіва рэдакцыі, калі Соф’я Рыгораўна была поўнаю сіл і творчых задумак.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top