У адказе за камфорт і якасць жыцця

У адказе за камфорт і якасць жыцця

IMG_163815 жніўня прайшла трэцяя сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання. На яе былі запрошаны намеснікі старшыні, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, сельсаветаў, якія не з’яўляюцца дэпутатамі. Удзел у рабоце сесіі прыняў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук. На парадак дня было вынесена пытанне аб рабоце КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” у далейшым паляпшэнні жыццезабеспячэння жыхароў раёна. Дакладваў намеснік старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў А.В.Шалтанюк. У спрэчках выступілі дэпутаты: дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” А.М.Будзько, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронаў, старшыня Ленінскага сельскага Савета дэпутатаў Ю.Д.Кадоліч. На сесіі былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў некаторыя раней прынятыя рашэнні.

Арганізацыя  сёння

Спачатку дэпутатам раённага Савета дэпутатаў было прапанавана пазнаёміцца з вытворчай базай камунальнай службы. Дырэктар прадпрыемства А.М.Будзько расказаў пра паслугі, якія яны аказваюць, каб стварыць камфортныя ўмовы для пражывання грамадзян горада і раёна. У калектыве 361 чалавек, з іх 297 —  рабочых, 64 —  спецыялісты (у апараце кіравання —  29, альбо 8%). Неабходнасці ў кадрах няма.
На тэрыторыі арганізацыі, акрамя адміністрацыйнага корпуса, дабротны гараж для захоўвання тэхнікі, склад, сталярны цэх, растворабетонны вузел. Плюсы для работнікаў: усе будынкі зімой ацяпляюцца, ёсць пакой прыёму ежы, душавыя, гарачая вада. А цёплы гараж у марознае надвор’е дазваляе тэхніцы выйсці на лінію без праблем.
На балансе прадпрыемства задзейнічана ў вытворчасці работ 45 адзінак аўтатрактарнай тэхнікі: 10 трактароў, 2 бульдозеры, 3 экскаватары, 2 пагрузчыкі, 2 самазвалы з прычэпам, 3 грузавыя аўтамабілі з грузападымальнасцю да 6 тон, 5 грузапасажырскіх машын, 3 аўтамабілі-фургоны, 6 смеццявозаў, 4 аўтамабілі з цыстэрнамі, 3 аўтавышкі, аўтакран, аўтобус. Аўтапарк вялікі. Але неабходны яшчэ экскаватар, які спатрэбіцца для ліквідацыі аварый на сетках водазабеспячэння і каналізацыі, а таксама пры пагрузцы пяску ў кар’еры. Трэба купіць пескараскідвальнік для захавання бяспекі дарожнага руху ў зімовы перыяд. На гэта патрэбна 1,5 мільярда рублёў. Камунальнікі будуць прасіць выдзеліць іх з раённага бюджэту.
Тут дарэчы сказаць, што ўмеюць яны і эканоміць бю-джэтныя сродкі. Так, ва ўласным сталярным цэху ёсць магчымасць вырабіць усё неабходнае для абслугоўвання жыллёвага фонду і не заказваць у іншых арганізацыях.

“Мы багатыя людзі…”

Станцыя абезжалезвання —  адно з падраздзяленняў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Што сабой уяўляе гэты аб’ект, таксама ўбачылі дэпутаты, тым больш, некаторыя былі тут упершыню. Начальнік водазабору В.І.Юрчук адзначыў, што назначэнне станцыі —  бесперабойнае забеспячэнне якаснай вадой насельніцтва і прадпрыемстваў Жабінкі. Увод яе ў дзеянне ў 2008 годзе быў ажыццёўлены згодна з Дзяржаўнай праграмай “Чыстая вада” і  быў для гараджан вельмі неабходным, бо канцэнтрацыя жалеза ў вадзе даходзіла да 1,2-1,5 міліграма на літр замест 0,3 — па норме. Перавышэнне было ў 4-5 разоў, што, безумоўна, негатыўна адбівалася на здароўі людзей.
Асноўнай праблемай у водазабеспячэнні насельніцтва раёна з’яўляецца неабходнасць будаўніцтва станцый абезжалезвання ў сельскіх населеных пунктах. Колькасць жалеза ў вадзе вясковых спажыўцоў вагаецца ад 0,4 да 4,9 мг/л.
Таму чакаюць узвя-дзення гэтых аб’ектаў у Крыўлянах, Ракітніцы, Сцяпанках, Маціевічах, Якаўчыцах. Але, як вядома, усё ўпіраецца ў грошы. Кошт адной станцыі абы-дзецца раённаму бюджэту ад 1,8 мільярда да 2,1 мільярда рублёў.
Цікавую рэмарку зрабіў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук:
—  Мы багатыя людзі. Пабудавалі станцыю абезжалезвання і разліваем ваду направа і налева. Яна выкарыстоўваецца і для піцця, і для тэхнічных патрэб, і паліву агародаў. А трубы тыя ж застаюцца. І, дарэчы, гэта паўсюль так, марнатраўства атрымліваецца. Патрэбна прывучаць насельніцтва для харчовых мэт выкарыстоўваць бутылізаваную ваду, а што ідзе з крана —  як тэхнічную.
Цяжка было не пагадзіцца з гэтым, але дэпутаты адзначалі, што нашы жабінкаўцы яшчэ не гатовыя на такі крок, хоць, пагадзіліся, растлумачальную работу весці трэба. В.І.Юрчук заўважыў, што якасць пітной вады заўжды пад кантролем, асабліва ў праблемных “кропках”, перыядычна робіцца прамыўка водаправодных сетак.

Становіцца прыгожа ў дварах

Прыгажэюць у горадзе дваровыя тэрыторыі. І ў гэтым змаглі ўпэўніцца дэпутаты, калі праехалі па вуліцах, што ў мікрараёне бальніцы. На вуліцах Цэнтральная і Зарэчная абуладкаваны стаянкі для аўтамабіляў, зроблена новае асфальтабетоннае пакрыццё праездаў, тратуараў, гаспадарчых пляцовак, абсталявана дзіцячая гульнёвая. Летась на добраўпарадкаванне ў горадзе было асвоена 1,5 мільярдаў руб., сёлета ўжо —  2 мільярда. Работы тут працягваюцца. Як сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк, і вяскоўцы не засталіся абдзеленымі. 8 мільярдаў рублёў было патрачана на асфальтаванне дарог да Крыўлян і Вежак.
На 2015 год у першачарговым парадку неабходна рамантаваць участак дарогі на вуліцы Камсамольская ад царквы да вуліцы Працоўная. Такую задачу паставіў перад камунальшчыкамі намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк.
“Шмат зрабіла КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” у добраўпарадкаванні, —  адзначыў генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дэпутат Калінінскай выбарчай акругі №15 В.Р.Міронаў, —  але гэта працэс бясконцы”. Ён спыніўся на некаторых праблемных кропках у мікрараёне цукравікоў. У прыватнасці, звярнуў увагу, што неабходна свое-часова абкошваць вуліцы, праводзіць абрэзку дрэў, кустоўя, зімой аператыўна расчышчаць ад снегу не толькі цэнтральныя вуліцы, а таксама, што недастаткова гульнёвых пляцовак для дзяцей. Са свайго боку Віктар Рыгоравіч абяцаў, што завадчане дапамогуць работнікам ЖКГ раза-брацца з апошняй праблемай, напрыклад, могуць вырабіць арэлі.
І калі паміж кіраўнікамі прадпрыемстваў узаемапаразуменне знаходзіцца, дык з грамадзянамі, што жывуць у кварталах шматкватэрнай забудовы ў мясцовай улады і службы ЖКГ кантакту не атрымлівацца. Дагэтуль застаюцца не пачутымі прапановы аб неабходнасці стварэння дамавых камітэтаў, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк. У грамадзян пераважаюць у асноўным спажывецкія запросы, пасіўнасць і абыякавасць у рашэнні грамадскіх пытанняў жыцця дома, квартала, вуліцы, безыніцыятыўнасць.  Асноўны аргумент большасці ўласнікаў і наймальнікаў памяшканняў жыллёвага фонду: “Мы плацім, а гэта справа камунальнікаў”. Часта такія патрабаванні зусім неабгрунтаваныя.

Яшчэ 30 гадоў пацярпіце…

Як адзначалася ў дакла-дзе А.В.Шалтанюка, на 2014 год на рамонтныя работы жылфонду выдзелена 425,9 млн. руб. За 7 месяцаў асвоена 251 млн. руб. Камунальная служба займаецца рамонтам дахаў, стыкаў, фасадаў. Запатрабаванай у насельніцтва стала такая паслуга, як уцяпленне вонкавых сцен шматкватэрных дамоў паводле прынцыпу: матэрыялы закупляюць жыхары, а работы выконваюцца сіламі і за кошт ЖКГ. Цяпер на чарзе 185 чалавек.
Вельмі востра стаіць пытанне капітальнага рамонту шматкватэрных жылых дамоў. На балансе прадпрыемства іх 149, у тым ліку 59-ці больш чым 25 гадоў, у якіх капітальны рамонт не праводзіўся. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана і асвоена 4,9 мільярда руб. (3,9 млрд. —  сродкі мясцовага бюджэту, 1 млрд. —  сродкі насельніцтва). Куды яны былі ўкладзены: капітальны рамонт інтэрната на вуліцы Цэнтральная (2,4 млрд. руб.) і жылога дома №3 на вуліцы Цітова (1 чарга) —  2,1 мільярда руб., 0,4 мільярда —  праектныя работы, экспертыза, тэхнагляд. Сёлета на капітальны рамонт накіравана 3450 млн. руб. Як бачым, сродкаў хапае ў лепшым выпадку на рамонт двух дамоў, а грошай насельніцтва не хапае нават на адзін.
Атрымліваецца, калі весці гэтыя работы такімі тэмпамі, неабходна амаль 30 гадоў. І гэта, калі не ўлічваць, тую колькасць дамоў, што кожны год прырастае. Ясна адно: на мясцовым узроўні гэтае пытанне не вырашыць.

Навучыліся людзі раздзяляць смецце

Адзначыў старшыня Ленінскага сельвыканкама, дэпутат Ленінскай-2 выбарчай акругі №19 Ю.Д.Кадоліч. “Толькі шкло і пластык патрэбна своечасова забіраць, —  сказаў ён. —  У пяці населеных пунктах сельсавета Жабінкаўская ЖКГ збірае смецце ў кантэйнеры, у астатніх —  у мяхі. За апошні год было ўстаноўлена дадаткова 8 кантэйнераў, што аблегчыла сітуацыю, аднак раней набытыя вельмі хутка выходзяць са строю. Тым не менш, закрылі праблему са зборам смецця ў пасёлку Ленінскі, санаторыі “Буг”, вёсцы Бусні”. А яшчэ Юрый Данілавіч прасіў навесці парадак на міні-палігоне, які камунальнікі прынялі ад сельсавета на свой баланс.
Смецце вывозіцца з усіх сельскіх населеных пунктаў раёна. Аднак колькасць індывідуальных домаўладанняў, ахопленых дагаворамі, складае ў раёне 93%, а ў Ракітніцкім сельсавеце —  85%, Крыўлянскім —  89%. Для абслугоўвання вёсак выкарыстоўваюцца 2 смеццявозы і ўстаноўлены 280 кантэйнераў. Для больш поўнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў неабходна купіць 45 кантэйнераў, што абы-дзецца ў 68 млн. руб. За першае паўгоддзе вывезена 20,2 тыс. куб.м смецця.

Праблема бадзяжных жывёл

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н.П.Шосцік гаварыла, што неаднаразова спецыялістам іх службы даводзілася выязджаць і рабіць санітарныя апрацоўкі падвалаў у шматкватэрных дамах, дзе пасяляліся блохі. Занеслі іх бадзяжныя жывёлы. Свабодны доступ у падвальныя памяшканні, адчыненыя вокны спрыялі таму. Прапанова санітарнай службы —  заслухаць пытанне аб абыходжанні з жывёламі на бліжэйшым пасяджэнні райвыканкама. На погляд Н.П.Шосцік, недастаткова працуе ў гэтым накірунку ЖКГ, а таксама РАУС, ветслужба, сельвыканкамы.
Пра адстрэл і адлоў бяздомных жывёл —  першае пытанне, якое ўзнімаецца на сходах грамадзян, заўважыў Ю.Д.Кадоліч.
Дырэктар ЖКГ А.М.Будзько паведаміў, што праблема ў стадыі вырашэння. Ідуць перамовы з брэсцкай арганізацыяй, работнікі якой будуць зай-мацца адловам бадзяжных сабак з далейшым размяшчэннем у спецыяльным прыёмніку.

Што ў зваротах жабінкаўцаў?

“У рабоце камунальнай гаспадаркі дробязяў не павінна быць, —  гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк, —  аб іх дзейнасці мяркуюць, як працуе мясцовая ўлада”. КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” зроблена нямала ў паляп-шэнні жыццезабеспячэння жыхароў горада і раёна, аднак скаргаў з іх боку, на жаль, менш не становіцца. Летась было 65 зваротаў па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю раённай камунальнай службы. Шмат іх аб неабходнасці правядзення капітальных рамонтаў дамоў і ўладкаванні шатровых дахаў.
Сёлета пераважаюць заявы аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння і каналізацыі, рамонце і будаўніцтве вуліц (20,9% ад агульнай колькасці зваротаў, што паступілі ў райвыканкам). На сесіі адзначалася, што ў ЖКГ не наладжаны дзейсны кантроль за выкананнем рашэнняў (адказаў), прынятых паводле зваротаў. Таму пераносяцца тэрміны выканання работ альбо пры наступленні кантрольнага тэрміну даецца новы адказ аб немагчымасці выканання ў сувязі з адсутнасцю сродкаў.
С.В.Мартысюк  прапанаваў увесці ў штат прадпрыемства супрацоўніка, які б непасрэдна адказваў за работу з насельніцтвам. У такім разе многія пытанні былі б знятыя і менш паступала б скаргаў.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымку: дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” А.М.Будзько знаёміць з вытворчай базай арганізацыі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top