Свята ў вёсцы каралевы Боны

IMG_2565

У суботу 9 жніўня жыхары Вялікіх Якаўчыцаў святкавалі дзень вёскі. Сённяшні год для іх асаблівы — старажытнаму паселішчу 480!
Нельга, але хочацца адкруціць стужку часу назад. Каб хоць на імгненне патрапіць на прыём да каралевы Боны. У далёкім 1534 годзе славутая гаспадарыня Вялікага Княства і Польскай Кароны завітала ў сяло Якоўчычы. Чарадой да каралевы цягнуліся мясцовыя землеўладальнікі. Кожны нёс папераў стос, а ў тых паперах — пісьмовыя доказы, што валодаюць якаўчуры лясамі, лугамі ды ворывам па праву і без падману — ад дзядоў-прадзедаў.
Гэты эпізод, занатаваны ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага, і стаў першай згадкай пра Якаўчыцы і яе жыхароў, з яго пачынаецца адлік гісторыі працавітай вёскі. Стагоддзямі яна была знакавым паселішчам: цэнтрам войтаўства, сялянскага таварыства, калгаса, сельсавета, цяпер — аграгарадок.
Пра гістарычнае мінулае гэтага куточка нашай зямлі нагадала бібліятэкар Ніна Паўловіч. Пра сучаснасць гаварылі старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк і старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Г.С.Акуліч. Сяргей Васільевіч павіншаваў усіх са святам, расказаў пра падтрымку, што аказвае дзяржава вяскоўцам, нагадаў пра даўнюю мару жыхароў Якаўчыцаў — газіфікацыю іх аграгарадка, якая ў планах мясцовых уладаў. Галіна Сцяпанаўна ўхваліла якаўчыцкіх гаспадароў за ўтульнасць і прыгажосць на падворках, за шчодрую хлебасольнасць. Абое прадстаўнікі ўладаў зычылі шчасця ў жыцці, радасці ў працы.IMG_2533
Шчасце тое ёсць і радасць маецца: на сёлетнім жніве якаўчыцкія хлебаробы зноў у перадавіках. Рупліва шчыруюць экіпажы-“тысячнікі” ў складзе Сяргея Свіціча і Андрэя Старуна, Сяргея Главацкага і Сяргея Андраюка — лепшых камбайнераў ААТ “Жабінкаўскі”.
Якаўчыцы здаўнIMG_25450а ганарацца найгалоўным сваім багаццем — працавітымі людзьмі. Гонару і пашаны заслужыў старэйшы жыхар Мікалай Фёдаравіч Ульчык. Яму жадалі “без хваробаў і турбот сустрэць першыя сто год!” Дата тая ўжо не за гарамі: замест 94-гадовага старажыла падарунак прыняў ягоны праўнук Рома Главацкі.
Вёску здаўна аблюбавалі буслы — птушкі-сімвалы нараджэння. Сёлета яны прынеслі “падарунак” Наталлі і Андрэю Валасюкам. Разам са шчаслівымі бацькамі ўся вёска радуецца з’яўленню на свет Арыны Андрэеўны — самай маленькай жыхаркі Вялікіх Якаўчыцаў. Дзяўчынка яшчэ ў пачатку жыццёвага шляху. Няхай ён будзе доўгім, радасным, як у 70-гадовых Любові Главацкай і Сцяпана Анціпаровіча, або 55-гадовай Святланы Андраюк, ці Людмілы Зусько і Марыі Чарэўка, якія адсвяткавалі сёлета паўсотгадовы юбілей. Слоў падзякі заслужыла і дырэктар Залуззеўскага Дома народнай творчасці Людміла Іванаўна Пышынская. 9 жніўня яна святкавала свой 60-ы дзень нараджэння, а на дзень вёскі ў суседнія Якаўчыцы трапіла разам з самадзейным калектывам “Багуслаўка”, што радаваў сваімі песнямі якаўчукоў.
“Добрыя людзі жыццё аздабляюць, узорам сваім маладзейшых натхняюць” — гэтыя словы ў гонар тых, хто святкуе юбілеі на пару: “серабро” сямейных гадоў падзяляюць паміж сабой Ірына Аляксееўна і Віктар Васільевіч Дылюкі, а вось Арсенію Васільевічу і Ульяне Іванаўне Жукам жыццё прынесла найкаштоўнейшы “брыльянт” — 60 гадоў поруч, 60 гадоў разам!
Да таго ж, Арсеній Васільевіч — апошні мясцовы вясковец, што ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, за тое асобны паклон і ўдзячнасць ветэрану. Так, у Якаўчыцах памятаюць пра тую вайну, згадваюць сыноў і дачок, што загінулі дзеля міру на зямлі. У некалькіх кроках ад сельскага клуба, дзе ладзілася свята, — помнік землякам. Дзясяткі родных прозвішчаў на мемарыяльнай пліце нагадваюць пра бязлітасныя часы.
На свяце падведзены вынікі конкурсаў на самую хлебасольную гаспадыню і лепшы падворак. Журы абышло ўвесь аграгарадок ад краю да краю і знайшло, што шукала. Самай лепшай, самай гаспадарлівай абвешчана Тамара Мікалаеўна Маёрава, а найлепшыя двары — у Ніны Уласавай, Любові Дымковіч ды Мікалая Качана. Асобна ўганаравана шматдзетная маці і цудоўная ўмеліца-вышывальшчыца Ларыса Ганчарук. Адзначым таксама працы народных майстрых Ганны Апанасаўны Палівода і Ніны Пятроўны Паўловіч. У іх ручніках, што ўпрыгожылі сцэну, дасюль жыве хараство, пазычанае ад продкаў. За ўсё гэта кожнага чакала заслужанае ўшанаванне.
Асобнай узнагароды — людской удзячнасці — заслужылі самадзейныя артысты. У многім менавіта клопатам крыўлянскага міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” (пад кіраўніцтвам Леаніда Батуры) было створана гэтае свята. Артысты шчыра дзякавалі за дапамогу дырэктару ААТ “Жабінкаўскі” А.С.Тарасевічу, старшыні прафсаюзнага камітэта таварыства В.І.Валасюку, старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Г.С.Акуліч.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: каралева Бона Сфорца д’Арагон (1494-1557), італьянка, што аднаўляла Палессе; міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа”; майстрыха Л.С.Ганчарук з дачкой Алінай.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*